Па слядах аднаго міфа. Ці ёсць рак шчытападобнай залозы ў Польшчы пасля Чарнобылю?

Аўтар гэтага артыкула родам з прэфектуры Фукусіма. Пасля катастрофы 2011 года ён актыўна ўключыўся ў распаўсюд праўдзівай інфармацыі пра Фукусіму ў Польшчы, а таксама ў распаўсюд праўдзівай інфармацыі пра Чарнобыльскую катастрофу ў Японіі.

Вадкасць Люголя — кадр з фільма "Дзеці Чарнобыля", ПКФ № 31 ад 1991 г. / фота. YouTube / Польская кінахроніка

Вадкасць Люголя — кадр з фільма "Дзеці Чарнобыля", ПКФ № 31 ад 1991 г. / фота. YouTube / Польская кінахроніка


Ці даводзілася вам чуць наступную гісторыю: «Польскі ўрад адразу пасля Чарнобыльскай катастрофы раздаў дзецям раствор стабільнага ёду, і таму ў гэтай краіне няма выпадкаў дзіцячага раку шчытападобнай залозы»?Гэтая байка шырока вядомая ў Японіі, і асабліва пасля ядзернай катастрофы ў Фукусіме ў 2011 годзе. Ядзерныя эксперты і журналісты шырока распаўсюджвалі яе як доказ важнасці прыёму раствору ёду для абароны шчытападобнай залозы.
Напрыклад, гэтая гісторыя была апублікаваная на інтэрнэт-старонцы (па-японску) Японскага таварыства ядзернай медыцыны 17 сакавіка 2011 года і па сёння знаходзіцца там, каб супакойваць ахвяр катастрофы.

Я жыву ў Варшаве з 2006 года. Пасля Фукусімскай катастрофы я пачаў сачыць за навінамі з Японіі і неўзабаве наткнуўся на гэтую гісторыю пра Польшчу.

Я стаў распытваць пра ёдавую прафілактыку ў 1986 годзе знаёмых варшавякаў. Яны хмыкалі і глядзелі на мяне як на недалёкага дзівака. Яны распаавядалі, што ў свой час польскія ўлады хавалі інфармацыю пра забруджванне паветра ад Чарнобыльскай катастрофы, а распаўсюд раствора стабільнага ёда дзецям быў запознены. Некаторыя лічылі, што ў Польшчы мусяць быць наступствы Чарнобыльскай катастрофы для здароўя людзей (і не толькі рак шчытападобнай залозы).

Аднак большасць з гэтых людзей, нават калі яны былі экалагічнымі актывістамі, не маглі паказаць мне аніякіх крыніц інфармацыі (публікацый, статыстыкі). У іх было разуменне сітуацыі на ўзроўні паўсядзённай свядомасці, але не было аўтарытэтных пацвярджэнняў. Больш за тое, яны не ведалі, дзе такія пацвярджэнні шукаць. Асноўнай падставай іх упэўненасці ў сваёй праваце было тое, што ў Польшчы ў 1986 годзе была дыктатура, і ніякай афіцыйнай тагачаснай інфармацыі яны не давяралі.

Але ў любым выпадку было ясна, што польскае грамадства не падзяляе веру ў байку пра адсутнасць раку шчытападобнай залозы, і ў грамадстве няма кансэнсусу па гэтым пытанні.

Тым часам, калі я рабіў даклад на гэтую тэму ў Токіа летам 2019 года, я задаў пытанне аўдыторыі (прысутнічала 60-70 чалавек) пра ёдавую прафілактыку ў Польшчы. Траціна аўдыторыі нічога пра гэта не ведала, траціна чула пра нібыта адсутнасць раку шчытападобнай залозы ў Польшчы і не верыла ў гэта, яшчэ траціна чула і верыла. Зразумела, нельга пераносіць вынікі такога «экспрэс-апытання» на ўсё японскае грамадства. Аўдыторыя была спецыфічная: гэта былі адкрытыя праціўнікі ядзернай энергетыкі, з добрымі ведамі пра наступствы радыяцыі для здароўя чалавека. Я здзівіўся, што ладная частка нават такой публікі верыць у гэтую гісторыю пра Польшчу.

Зразумела, што паміж успрыняццем гісторыі ў Польшчы і ў Японіі існуе вялікі разрыў. Японская вера ў поўную паспяховасць польскай ёдавай прафілактыкі можа быць міфам. Я пачаў высвятляць, хто распаўсюдзіў гэтую гісторыю ў Японіі ў такім выглядзе.

Два японскіх кавалера ордэна Францыска Скарыны

Я зразумеў, што галоўную ролю ў распаўсюдзе байкі ў Японіі адыгралі два эндакрынолагі, і зрабілі яны гэта задоўга да катастрофы ў Фукусіме 2011 года. Акіра Сугеноя і Сун’іці Ямасіта — урачы, якія атрымалі ордэн Францыска Скарыны за тое, што непасрэдна як дактары дапамагалі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі.Ёсць сведчанні, што Сугеноя пэўным чынам падаваў інфармацыю на публічным мерапрыемстве ў Японіі ў 1999 годзе.

Ямасіта, як чалец урадавага камітэта па ядзернай бяспецы, на адным з пасяджэнняў камітэта ў 2001 годзе заявіў: «У Польшчы няма выпадкаў раку шчытападобнай залозы (пасля Чарнобыльскай аварыі)». Гэтая заява мела істотны ўплыў на прызнанне такога «факту» на афіцыйным узроўні.

Пасля аварыі ў Фукусіме Сугеноя і Ямасіта працягвалі паўтараць пра «адсутнасць» захворванняў у Польшчы ў сваіх публікацыях для медыцынскіх часопісаў і навукова-папулярных кнігах як доказ важнасці абароны шчытападобнай залозы растворам стабільнага ёда. Да слова, у Польшчы прымяняўся раствор Люголя, а не раствор стабільнага ёда, спецыяльна падрыхтаваны для абароны шчытападобнай залозы. Але ў японскіх публікацыях гэтыя тонкасці хаваюцца за двухсэнсоўным словазлучэннем «ёдны раствор».

Артыкул Наумана (1993)

Як Сугеноя, так і Ямасіта спасылаюцца на артыкул прафесара Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта Януша Наўмана, апублікаваны па-англійску ў 1993 годзе. [Iodide prophylaxis in Poland after the chernobyl reactor accident: Benefits and risks, Janusz Nauman, Jan Wolff, The American Journal of Medicine, Volume 94, Issue 5, May 1993, pp. 524-532.]

Гэты артыкул з’яўляецца перакладам рэзюме справаздачы за 1987–1990 гады польскай нацыянальнай праграмы па вывучэнні наступстваў прыёму раствора Люголя ў 1986 годзе. ["Czarnobyl, Jod, Tarczyca" wyniki badań programu MZ-XVII / Redaktor: Prof. dr hab. Janusz Nauman. Endokrynologia Polska, 1991, Tom 42, Zeszyt 2.]
У англійскім перакладзе НЕ ўтрымліваецца сцверджання, што Чарнобыльская катастрофа прывяла да росту колькасці выпадкаў раку шчытападобнай залозы ў Польшчы. Але японскія эндакрынолагі вельмі адвольна інтэрпрэтуюць гэта як доказ таго, быццам у Польшчы НЯМА ракаў шчытападобнай залозы дзякуючы распаўсюду раствору Люголя. І далей тыражуюць свае здагадкі для японскай публікі.

Трэба нагадаць, што згаданы польскі зборнік быў апублікаваны ў 1991 годзе, калі дактары ў Беларусі, Украіне і Расіі толькі пачалі знаходзіць выпадкі раку шчытападобнай залозы ў дзяцей, і яшчэ было цяжка даказаць сувязь гэтага раку з Чарнобыльскай катастрофай.

Як я пісаў вышэй, і пасля 2011 года Ямасіта паўтарае «нуль у Польшчы», спасылаючыся толькі на англамоўны артыкул 1993 года. Калі перакласці на побытавую мову, гэта як сказаць, што ніхто ў Польшчы ў 2020 годзе не мае смартфона, і спаслацца на дакумент 1993 года, у якім нічога пра смартфоны ў Польшчы не напісана.

Каб захаваць карэктнасць, варта адзначыць, што (імаверна) пасля 1993 года не было апублікавана артыкулаў па праблеме «чарнобыльскага» раку шчытападобнай залозы ў Польшчы на англійскай мове.

У апошнім дакуменце Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па праблеме прымянення стабільнага ёду ў выпадку ядзерных аварый і радыялагічных інцыдэнтаў (2017), з публікацый пра Польшчу згадваецца толькі артыкул Наумана 1993 года, але ён ацэнены як «без вартых увагі звестак». [Iodine thyroid blocking, Guidelines for use in planning and responding to radiological and nuclear emergencies, WHO, 2017].
Выглядае, што больш артыкулаў па-англійску пра сітуацыю ў Польшчы не было, а адзіны наяўны састарэў.

Польскі нацыянальны рэестр раку

З развіццём інтэрнэту кожны (уключна са згаданымі японскімі дактарамі) можа не выходзячы з дому звярнуцца да польскай нацыянальнай статыстыкі з базы дадзеных «Злаякасныя новаўтварэнні ў Польшчы», якая публікуецца варшаўскім Інстытутам анкалогіі імя Марыі Складоўскай-Кюры.

Вынікі майго вывучэння гэтай базы даных паказаны ў далучаных графіках. У іх адлюстраваны выпадкі раку шчытападобнай залозы ў дзяцей і падлеткаў Польшчы з 1985 па 2016 гады, асобна для хлопчыкаў і дзяўчынак.

01_thyroid_cancer_registry__male__5_year_age_groups__0_19_up_to_2016_wo_97_98_.png

02_thyroid_cancer_registry__female__5_year_age_groups__0_19_up_to_2016_wo_97_98_.png


Пяцігадовыя ўзроставыя кагорты (0-4, 5-9, 10-14, 15-19) паказаныя рознымі колерамі. Дадзеныя за 1997 і 1998 гады адсутнічаюць з-за працяглых забастовак медыцынскага персаналу супраць урадавых спробаў скараціць фінансаванне медыцыны (адной з пашыраных формаў пратэсту было незапаўненне статыстычных картак).Напрыклад, у 1999 годзе было зарэгістравана чатыры выпадкі раку шчытападобнай залозы сярод хлопцаў ва ўзросце 15-19 год і дваццаць дзевяць (!) выпадкаў сярод дзяўчат гэтага ўзросту; у 1986 годзе ім было 2-6 год. У 1985 годзе было два выпадкі ў хлопцаў і тры ў дзяўчат узросту 15-19 год.

З графікаў бачна, што колькасць выпадкаў раку шчытападобнай залозы вырасла пасля Чарнобыльскай катастрофы, працягвала расці і пазней. Дзе ж абяцаны японскімі эндакрынолагамі «нуль»?

На цяперашні час у мяне няма падстаў адназначна звязаць усе гэтыя выпадкі раку менавіта і толькі з Чарнобыльскай катастрофай. Але відавочна, што колькасць выпадкаў вышэй за «нуль» і што неабходна далей высвятляць пытанне эфектыўнасці ёдавай прафілактыкі.

У гэтым кароткім артыкуле не было магчымасці распавесці пра ўсе нюансы даследавання. Даследаванне не скончана, таму я спадзяюся, што праз нейкі час змагу распавесці больш поўна пра наступствы Чарнобыльскай катастрофы ў Польшчы ды іх трактоўку ў Японіі.
Даследаванне, прадстаўленае ў гэтым тэксце, было падтрымана Фондам Такагі па падтрымцы грамадзянскай навукі (The Takagi Fund for Citizen Science).