У Іране пакаралі смерцю за шпіянаж былога намесніка міністра абароны

Паводле абвінавачання, экс-міністр працаваў на Вялікабрытанію.

akbary.jpg

Алі-Рэза Акбары, які мае падвойнае грамадзянства Вялікабрытаніі і Ірана, прысуджаны да смяротнага пакарання ў Іране па абвінавачанні ў шпіянажы на карысць Вялікабрытаніі, пакараны смерцю, паведамляюць іранскія дзяржаўныя СМІ. Ён не прызнаваў сваю віну.
Акбары займаў пасаду намесніка міністра абароны пры прэзідэнце Махамадзе Хатамі, які ўзначальваў краіну ў 1997—2005 гадах. Аб яго пакаранні ў суботу паведаміла судовае інфармацыйнае агенцтва Mizan. Акбары быў павешаны, як перадало агенцтва.
У сераду, 11 студзеня, афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва ІРНА паведаміла, што апеляцыю былога вайсковага чыноўніка адхіліў вярхоўны суд краіны, пакінуўшы ў сіле першапачатковы смяротны прысуд.
Тады ж сям'ю прысуджанага папрасілі прыйсці ў турму для «апошняй сустрэчы». Яго жонка казала Персідскай службе Бі-бі-сі, што Акбары перавялі ў адзіночную камеру.
Яго абвінавацілі ў «шырокамаштабных дзеяннях супраць унутранай і знешняй бяспекі Ірана шляхам шпіянажу на карысць выведчай службы брытанскага ўрада» і атрыманні за шпіянаж 1 805 000 еўра, 265 тысяч фунтаў стэрлінгаў і 50 тысяч долараў, піша агенцтва «Рэйтэр».
У аўдыёзапісе, які апынуўся ў распараджэнні Персідскай службы Бі-бі-сі, Акбары сказаў, што прызнаўся ў злачынствах, якіх не здзяйсняў, пасля катаванняў.
Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Джэймс Клеверлі заявіў у пятніцу, што Іран не павінен прыводзіць прысуд у выкананне. Ён назваў смяротны прысуд палітычна матываваным і заклікаў да неадкладнага вызвалення Акбары.
«Гэта палітычна матываваны акт варварскага рэжыму, які цалкам ігнаруе чалавечае жыццё, — пісаў Клеверлі ў Twitter. — Іран павінен спыніць пакаранне смерцю брытана-іранскага грамадзяніна Алі-Рэзы Акбары і неадкладна вызваліць яго».
Міністэрства інфармацыі і нацыянальнай бяспекі Ірана ў сваёй заяве называла Акбары «адным з самых істотных агентаў» МІ-6 і сцвярджала, што ён нібыта прадаставіў брытанскай выведцы каштоўную інфармацыю аб Іране «мэтаскіраваным чынам», паведамляла «Аль-Арабія».
У чацвер дзяржаўныя СМІ паказалі відэа, якое, паводле іх слоў, дэманструе тое, што Акбары адыграў істотную ролю ў забойстве ў 2020 годзе вядучага іранскага навукоўца-ядзершчыка Махсэна Фахрызадэ, у якім Іран абвінавачваў Ізраіль, піша «Рэйтэр».
На відэа Акбары не прызнаўся ў датычнасці да гэтага забойства, але сказаў, што брытанскі агент нібыта запытваў інфармацыю аб Фахрызадзе (дзяржаўныя СМІ ў Іране часта транслююць «прызнанні» падазраваных у палітычна матываваных справах, адзначае Рэйтэр).
Іранскія спецслужбы сцвярджаюць, што Акбары маглі схіліць да супрацоўніцтва падчас атрымання візы ў брытанскай амбасадзе ў Тэгеране.
Ён быў арыштаваны яшчэ ў 2019 годзе.
Акбары быў блізкім паплечнікам Алі Шамхані, які быў міністрам абароны ў адміністрацыі Хатамі і зараз займае пасаду сакратара Вышэйшай рады нацыянальнай бяспекі. Некаторыя назіральнікі дапускаюць, што абвінавачанні супраць Акбары могуць быць палітычна матываваныя супернікамі Шамхані, адзначае Аль-Арабія.
Адносіны паміж Лонданам і Тэгеранам у апошнія месяцы пагоршыліся, паколькі намаганні па адраджэнні ядзернай здзелкі ад 2015 года, удзельнікам якой была Вялікабрытанія, зайшлі ў тупік. Вялікабрытанія таксама асуджае жорсткае прыгнечанне антыўрадавых пратэстаў, выкліканых смерцю ў верасні маладой жанчыны Махсы Аміні, арыштаванай паліцыяй нораваў за «няправільнае нашэнне хіджабу».
У аўдыёзвароце Акбары казаў, што некалькі гадоў таму жыў за мяжой, але яго запрасілі наведаць Іран па просьбе высокапастаўленага іранскага дыпламата, які ўдзельнічаў у ядзерных перамовах з сусветнымі дзяржавамі. Апынуўшыся ў Іране, ён быў абвінавачаны ў атрыманні цалкам сакрэтных звестак з мэтай шпіянажу.
Акбары сцвярджаў, што яго "дапытвалі і катавалі" супрацоўнікі спецслужбы "больш за 3500 гадзін", і абвінавачваў Іран у імкненні "помсціць Брытаніі", пакараўшы смерцю яго.
Праз некалькі гадзін пасля таго, як яго аўдыёпаведамленне было перададзена ў эфір, інфармацыйнае агенцтва Mizan упершыню пацвердзіла, што Акбары прызнаны вінаватым у шпіянажы.