Палітыкі і поп-зорка, якія нас здзівілі: Ізабель Ауза, Уладзіслаў Даванкоў, Тэйлар Свіфт

Забарона карыды як прычына вялікай засухі. Апазіцыю Пуціну складуць прадаўцы касметыкі. Ці забяспечыць поп-зорка прэзідэнцкі тэрмін Байдэну? Падборка навін пра незвычайныя ўчынкі, заявы і ініцыятывы некаторых сучасных палітыкаў.

Ізабель Дыяз Ауза (Isabel Díaz Ayuso), старшыня Мадрыдскага муніцыпальнага савета

1_902.jpg

Ізабель Дыяз Ауза — таксама лідар мясцовай секцыі кансерватыўнай Народнай Партыі (РР). Напэўна, яна самая харызматычная асоба сярод мясцовых правых палітыкаў. Ізабель не прайшла міма маштабнай засухі ў Каталоніі, якая закранула ўжо амаль шэсць мільёнаў чалавек. Каментуючы прыродную катастрофу, кіраўніца Мадрыда заявіла, што засуха падобная на чуму, якую людзі заслужылі. За што «чума» пакарала каталонцаў, на думку сталічнай бургамістаркі? За тое, што Каталонія ў свой час закрыла ўсе арэны для карыды і ўвогуле забараніла гэты крывавы спорт: «Я не ведаю месца, дзе росквіт ці свабода з'явіліся б пасля закрыцця арэн (для карыды). Калі не будзе карыды, то пачнецца засуха, палітычны дыктат і ідэалагічная апрацоўка», — сказала сіньёра Ауза пад апладысменты.

Нагадаем, яшчэ 28 ліпеня 2010 года парламент Каталоніі прыняў гістарычнае рашэнне пакласці канец бойцы быкоў — шматвяковай традыцыі, якую іспанскія нацыяналісты лічаць адным з галоўных сімвалаў нацыянальнай ідэнтычнасці. Не так даўно па прапанове каталонскай секцыі ліберальнай партыі Ciutadans была зроблена спроба рэабілітаваць карыду ў Каталоніі, але муніцыпалітэт Барселоны ідэю не падтрымаў. Менавіта гэтае рашэнне, паводле палітыка РР, і выклікала бедства. 

Застаецца дадаць, што гэта не першая экстравагантная заява Ізабель. Пару дзён таму яна выступіла супраць фінансавання мер для барацьбы з забруджваннем паветра, запэўніўшы, што «ніхто не памёр і ніхто не памрэ з-за дрэннай якасці паветра». Хоць, па даных Еўрапейскага агенцтва па навакольным асяроддзі, штогод з гэтай прычыны ў Іспаніі паміраюць каля 30 000 чалавек.

Уладзіслаў Даванкоў, кандыдат у прэзідэнты Расіі ад партыі «Новыя людзі»

2_820.jpg

Уладзіслаў Даванкоў можа стаць вядучым расійскім апазіцыянерам замест Барыса Надзеждзіна — ліберальнага антываеннага кандыдата, які не змог прайсці працэдуру рэгістрацыі сваёй кандыдатуры ў ЦВК нібыта з-за наяўнасці няправільных подпісаў. Для таго, каб Даванкаў стаў нефармальным лідарам антыпуцінскай апазіцыі, трэба няшмат. Надзеждзін павінен публічна выказацца ў яго падтрымку. У такім выпадку, як адзначае прэса, рэйтынг кандыдата ад «Новых людзей» можа падскочыць з цяперашніх двух да васьмі працэнтаў. У праекцыі на рэйтынгі астатніх кандыдатаў гэта гарантаванае другое месца ў выбарах. Такі вынік можна было б лічыць вялізным поспехам ліберальнай апазіцыі. Зрэшты, ёсць версія, што дыскваліфікацыя Надзеждзіна і раскрутка за яго кошт фігуры Даванкова з'яўляецца часткай нейкай аперацыі палітычных тэхнолагаў для павышэння статусу «Новых людзей». Нагадаем, што гэта абсалютна залежная ад улад партыя, якая была створана на базе сеткі распаўсюджвальнікаў касметыкі. Падаецца, што такога сцэнара баіцца Барыс Надзеждзін. На ўсе заклікі публічна падтрымаць Даванкова ён кажа, што пакуль думае, або спасылаецца на недахоп часу, паколькі ён з ранку да вечара займаецца абяцаным пазовам у Вярхоўны суд наконт свайго зняцця з выбараў.

Тэйлар Свіфт —папулярная амерыканская поп-спявачка

3_724.png

Нягледзячы на тое, што шоу-бізнес на першы погляд далёкі ад палітыкі, Тэйлар Свіфт абмяркоўваюць усе палітычныя эксперты ЗША. Кансерватыўная прэса падазрае, што менавіта дзякуючы Тэйлар Свіфт дэмакраты вырашылі выйграць прэзідэнцкія выбары. Звяртаецца ўвага, што ў апошні час СМІ, якія сімпатызуюць дэмакратам, актыўна асвятляюць раман Тэйлар і футбаліста Трэвіса Келсі (Travis Kelce), клуб якога ў мінулы ўік-энд выйграў Супер боул — галоўны трафей у амерыканскім футболе. Паколькі парачка не хавае сваіх сімпатый да Байдэна, яна заканамерна сталі аб’ектам параноі трампістаў. У гэтым асяроддзі тут жа ўзнік цэлы набор канспіратыўных тэорый. Па-першае, інтрыжка спявачкі і спартоўца нібы адцягвае ўвагу ад стану здароўя Байдэна. Па-другое, «свіфты» (так называюць фанатаў Тэйлар Свіфт) напэўна прагаласуюць за кандыдата дэмакратаў. Нарэшце, кавалер Тэйлар — прафесійны футбаліст, а менавіта амерыканскі футбол самы папулярны спорт сярод мужчын-мача, якія галасуюць за рэспубліканцаў. Такім чынам, палітычная ідэнтычнасць гэтай часткі электарату падрываецца. Адным словам, істэрыка зашкальвае. Аж да таго, што мусіруецца тэма, што дэмакраты падкупілі суддзяў, каб клуб, у якім гуляе хлопец Тэйлар, атрымаў перамогу ў фінальным матчы за Супер боул і інспіраваў новую фазу ажыятажу вакол парачкі, якая не хавае сімпатый да Джо Байдэна.