Палітыкі, якія нас здзівілі: Дональд Трамп, Гулгельды Ананіязаў, Сільвіё Берлусконі

Чаму Дональд Трамп эксплуатуе вобраз Аль Капонэ? Што здараецца, калі паверыць у "перавыхаванне" дыктатуры — досвед туркменскага дысідэнта. Ці варта ўшаноўваць памяць Берлусконі адмысловай маркай? Падборка навін пра незвычайныя ўчынкі, заявы і ініцыятывы некаторых сучасных палітыкаў.

Дональд Трамп — кандытат у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі

1_946.jpg

Выданне New York Times сцвярджае, што Дональд Трамп збіраецца выйграць выбары за кошт эксплуатацыі спадчыны славутага гангстара Аль Капонэ. Сапраўды, Трамп актыўна выкарыстоўвае асацыяцыі з згаданым персанажам падчас сустрэч са сваім электаратам. На адной з іх ён з гонарам падкрэсліў, што супраць яго было вылучана больш абвінавачанняў, чым супраць Аль Капонэ. Падчас іншага мітынгу назваў мафіёзі «крутым».

Чаму Трамп хоча выглядаць як амерыканскі гангстар? На гэты конт ёсць дзве думкі. Верагодна, яму прыемна атаясамяць сябе з чалавекам, які быў загнаны ў кут уладамі, абвінавачаны ў шматлікіх злачынствах, але гэта не перашкодзіла яму выжыць. Нагадаем, пасля арышту Аль Капонэ ў 1931 годзе за падатковае махлярства ягоны клан існаваў яшчэ пяцьдзясят гадоў. Сам хросны бацька, выйшаўшы з турмы праз шэсць з паловай гадоў па стане здароўя, памёр у 1947 годзе беспакараным за большасць сваіх злачынстваў.

З іншага боку, вобраз гангстара вельмі папулярны сярод простых амерыканцаў — нароўні з каўбоямі ці піянерамі. У іх вачах гангстары — прадпрымальныя, кансерватыўныя людзі, якія падазрона ставяцца да чыноўнікаў, якія мараць аблажыць усіх падаткамі. Часам гангстарам былі характэрныя амаральныя ўчынкі, але ж ніхто не ідэальны. Трамп ведае, што ў Штатах злачынцы могуць лічыцца добрымі хлопцамі, і жадае выкарыстаць гэты аспект амерыканскай масавай культуры, каб перамагчы на выбарах.

Гулгельды Ананіязаў — туркменскі дысідэнт

2_862.jpg

Ананіязаў на сваім прыкладзе прадэманстраваў, наколькі небяспечна давярацца дыктатарам. У свой час ён належаў да так званай «ашхабадскай васьмёркі» — праціўнікаў дыктатуры Сапармурата Ніязава. 12 ліпеня 1995-га актывісты групы рызыкнулі выйсці на дэманстрацыю пад лозунгам шырокіх дэмакратычных рэформ у Туркменістане. Акцыя была гвалтоўна разагнаная сілавікамі, а сам Ананіязаў і іншыя ўдзельнікі атрымалі да пятнаццаці гадоў турмы.

У 1999 годзе пад ціскам міжнародных праваабарончых арганізацыяў Ананіязаў патрапіў пад амністыю. У 2002 годзе дысідэнт збег у Казахстан, адкуль не без прыгод дабраўся да Нарвегіі. Там ён атрымаў прытулак і, здавалася б, мог перавесці дух. Але ў 2008 годзе Ананіязаў паверыў у ліберальныя рэформы новага прэзідэнта краіны Гурбангулы Бердымухамедава і вырашыў вярнуцца на радзіму. Тут яго амаль адразу прыгаварылі да 11 гадоў зняволення нібыта за незаконны пераход мяжы.

Амаль увесь тэрмін Ананіязаў утрымліваўся ў поўнай ізаляцыі — спачатку ў турме, потым у адзіночнай камеры ў калоніі. Доўгі час ніхто не ведаў пра ягоны лёс. У 2019 годзе, калі 11-гадовы тэрмін падышоў да канца, Ананіязава прыгаварылі яшчэ да пяці гадоў. Дарэчы, сам ён ніколі не бачыў свой прысуд і не меў зносін з адвакатам.

І вось нарэшце 8 красавіка 2024 года герой выйшаў на волю. Што сказаць? Будзем спадзявацца, у яго хопіць розуму пакінуць Туркменістан, каб зноў не стаць ахвярай сістэмы і ўласных ілюзій наконт лібералізацыі ў дыктатарскай краіне.

Сільвіё Берлусконі — былы італьянскі прэм'ер-міністр

3_757.jpg

Берлусконі памёр у чэрвені мінулага года. Але ў нейкай меры ў італьянскай палітыцы Кавалер (мянушка палітыка) застаецца да гэтага часу. І, падаецца, будзе заставацца: у гадавіну яго смерці плануецца выпуск паштовай маркі, прысвечанай палітыку. Такое рашэнне прыняў парламент, дзе сёння дамінуюць правыя партыі — палітычныя спадчыннікі Сільвіё.

А вось левай і ліберальнай апазіцыі такая ідэя не спадабалася. Яны лічаць, што выпускаць маркі ў гонар Кавалера ёсць гларыфікацыя сумніўных учынкаў нябожчыка і яго палітычнага стылю. Справа ў тым, што Берлусконі — бацька італьянскага правага папулізму. Наватарская ідэя Сільвіё складалася ў тым, што ў аснове партыйнага будаўніцтва ляжала асабістая харызма лідара партыі. Пры гэтым унутры партыя грунтавалася на аўтакратычных метадах кіраўніцтва. Адсутнасць кантролю дазваляла Берлусконі займацца на пасадзе прэм'ера адкрытай карупцыяй. А праблему магчымага пакарання ён вырашыў вельмі проста за кошт прыняцця закона аб вызваленні сябе ад усіх крымінальных эпізодаў за час дзеяння мандата. Палітык тады заяўляў: «Перад законам усе роўныя, але я раўнейшы, таму што мяне абраў народ».

Выпускаць маркі ў гонар такога палітыка, на думку апазіцыі, дзіўна. Зрэшты, некаторыя лічаць, што выпуск маркі з выявай Кавалера ў нечым дарэчы, таму што Берлусконі таксама быў ліпкім. Так ці інакш, апазіцыя заклікала да байкоту анансаваных марак, маўляў масавы байкот будзе знакам таго, што Італія супраць карупцыі і папулізму.