Палітыкі, якія нас здзівілі: Нікалас Мадура, Барыс Кагарліцкі, Бернарда Арэвала
Прэзідэнт Венесуэлы прыдумаў незвычайны план разгрому апазіцыі — і гэта была тэма нумар адзін цягам апошніх тыдняў. У Расіі судзілі левага палітолага за экстрэмізм. Што судзілі — не дзіўна, дзіўна, чым закончыўся суд. А палітык з Гватэмалы стаў ахвярай незвычайнага дзяржаўнага перавароту. Падборка навінаў пра незвычайныя ўчынкі, заявы і ініцыятывы некаторых сучасных палітыкаў.
Нікалас Мадура, прэзідэнт Венесуэлы
Мадура дамовіўся з кіраўніком Гаяны Ірфаанам Алі не ваяваць за рэгіён Эсэкіба. Палітыкі сустрэліся ў карыбскай астраўной дзяржаве Сэнт-Вінсэнт і Грэнадзіны і ўзялі абавязацельства «не пагражаць сілай і не прымяняць сілу адзін супраць аднаго ні пры якіх абставінах». Пры гэтым Ірфаан Алі пацвердзіў, што Гаяна будзе эксплуатаваць эсэкібскую нафту, што перш за ўсё аспрэчваў Каракас. Лагічнае пытанне — навошта Мадуру была патрэбна ваяўнічая істэрыка і нават рэферэндум аб далучэнні Эсэкіба? Паступова высвятляецца, што рэферэндум па прыналежнасці Эсэкіба спатрэбіўся Мадуру, каб раскалоць венесуэльскую апазіцыю, якая рыхтуецца да выбараў 2024 года. Справа ў тым, што адзіны кандыдат ад апазіцыйнай кааліцыі Марыя Карына Мачада выступіла супраць рэферэндуму, пасля чаго іншыя лідары апазіцыі літаральна праклялі яе. Не кажучы пра тое, што простыя венесуэльцы ў масе падтрымалі анексію часткі Гаяны. Але гэтага Нікаласу аказалася мала. Пасля рэферэндуму на групу Мачада абрынуліся рэпрэсіі. Генеральны пракурор абвінаваціў яе сябраў у спробе сабатаваць рэферэндум, і выдаў ордэры на арышт 14 чалавек, уключаючы траіх паплечнікаў Мачада. Больш за тое, генпракурор заявіў, што супраць Венесуэлы існуе «транснацыянальная змова», якая фінансуецца канцэрнам Exxon Mobile (менавіта гэтая кампанія працуе на нафтавых радовішчах Гаяны). У выніку апазіцыя расколатая, дыскрэдытаваная і мае імідж зборышча здраднікаў. Трэба вызнаць, што шанцы на перамогу на маючых адбыцца выбарах у апанентаў Мадуры не шмат.
Барыс Кагарліцкі, вядучы расейскі левы палітолаг, удзельнік шматлікіх палітычных праектаў
12 снежня Кагарліцкі паўстаў перад судом у Сыктыўкары за апраўданне тэрарызму. «Апраўданне» выявілася ў публікацыі ім на сваім сайце падпаленага крымскага моста. Паколькі раней Кагарліцкага прызналі «замежным агентам», а пасля арышту ў верасні Расфінманіторынг таксама ўключыў яго ў пералік тэрарыстаў і экстрэмістаў, усе чакалі ад суддзяў суровага вердыкту (як мінімум 5-6 гадоў). Аднак нечакана суддзя не пагадзілася з пракурорам і абмежавалася штрафам у 600 тысяч рублёў (прыкладна 6 тысяч долараў). Пасля вынясення прысуду Кагарліцкага вызвалілі з-пад варты ў залі суда. Варта адзначыць, што гэта ўжо другі раз, калі Барыса судзілі за палітыку. Першы раз яго спрабаваў пасадзіць КДБ яшчэ напрыканцы 1970-х за ўдзел у групе левых дысідэнтаў. Тады Барыса выратавалі італьянскія камуністы, якія паднялі шум у прэсе. Хутчэй за ўсё, нейкі падобны фактар адыграў сваю ролю і зараз. Многія лічаць, што Кагарліцкаму дапамаглі заходнія левыя палітыкі і інтэлектуалы, якія разгарнулі кампанію ў яго падтрымку. Сярод тых, хто патрабаваў яго вызвалення, такія вядомыя фігуры як Жан-Люк Меланшон — лідар французскіх левых, і Корбін — экс-лідар брытанскіх лейбарыстаў. Таксама варта згадаць канадку Радзіку Дзесаі, якая прабралася на валдайскую канферэнцыю і ўзняла пытанне наконт Кагарліцкага, наўпрост звярнуўшыся да прэзідэнта РФ. Той паабяцаў вывучыць сітуацыю і не выключана, што пралабіраваў мяккі прысуд, каб спадабацца заходнім левым. Другую версію прапанавалі ўкраінскія левыя актывісты, якія не могуць дараваць Кагарліцкаму падтрымку данецкіх сепаратыстаў у 2014 годзе. Калі ім верыць, то дзякуючы мінулым заслугам Барыс і выйшаў на волю. Застаецца дадаць, што ў свой час хадзілі размовы пра тое, ці можа Барыс Кагарліцкі стаць кансультантам пры адміністрацыі Лукашэнкі.
Бернарда Арэвала, кандыдат ад левацэнтрыстаў на выбарах прэзідэнта Гватэмалы
Арэвала стаў ахвярай дзіўных падзей, якія па сутнасці нагадваюць дзяржаўны пераварот. Гісторыя наступная. У другім туры ўсеагульных выбараў Бернарда Арэвала атрымаў 60,9% галасаў. Яго саперніца ад правай партыі «Нацыянальны саюз надзеі» Сандра Торэс (39,1%), удава экс-прэзідэнта Гватэмалы Альвара Калома, падала ў суд, патрабуючы ануляваць вынікі выбараў. Далей пачалася сапраўдная весялуха. Пракуратура на падставе гэтых скаргаў узяла і проста вывезла ў невядомым кірунку ўсе бюлетэні, ігнаруючы пратэсты ЦВК. Зрэшты, бюлетэні нават не спатрэбіліся. У выніку пракуратура пастанавіла, што партыя Арэвала Movimiento Semilla была незаконна зарэгістраваная. Прычым — ажно з 2018 года! На падставе гэтага прэзідэнтам пераможца выбараў быць не можа. Але гэта толькі пралог. Пасля таго, як зніклі бюлетэні, пад пытанне ставяцца не толькі выбары прэзідэнта, але і выбары мэраў, парламента, муніцыпальных акруг. 14 студзеня 2024 года ў Гватэмале павінна была змяніцца ўлада. Але не факт, што зменіцца.
У гэтым плане цікава, пракурор сам дадумаўся да такога манеўру з бюлетэнямі, або яму патэлефанавалі з Вашынгтона з «прапановай». Справа ў тым, што левацэнтрысцкага прэзідэнта Дылму Русеф у Бразіліі ў 2013 годзе зрыналі прыкладна такім жа шляхам. Мінюст ЗША тэлефанаваў бразільскім суддзям, якія кляпалі справы супраць Русеф. Аднак у выпадку з Арэвала хутчэй за ўсё гэта фокусы мясцовых элітаў, якія, прайграўшы выбары, вырашылі трымацца за ўладу. Так ці інакш краіна на парозе дэстабілізацыі, якая можа стаць трыгерам, каб чарговы «караван мігрантаў» памчаўся праз усю Цэнтральную Амерыку да Рыа-Гранды, ставячы адначасова крыж на перспектывах перавыбрання Джо Байдэна, які абяцаў стрымліваць паток мігрантаў.