Парэшткі палякаў выкарыстоўваліся як «навуковыя экспанаты»

Падчас вайны немцы гандлявалі людскімі парэшткамі, а многія ВНУ выкарыстоўвалі іх у якасці навуковых матэрыялаў.

Ілюстратыўнае фота: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Ілюстратыўнае фота: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Падчас Другой сусветнай вайны немцы гандлявалі людскімі парэшткамі — чэрапамі, касцямі, шкілетамі забітых палякаў, а многія заходнія ўніверсітэты выкарыстоўвалі іх у якасці навуковых матэрыялаў.

Скандал дзясяткамі гадоў замоўчваўся, хоць у многіх лабараторыях і цяпер могуць знаходзіцца парэшткі палякаў — піша «Gazeta Polska».

Трое познаньцаў — журналіст, гісторык і навуковец — вырашылі заняцца справай. «Мы не хочам нікога асуджаць ці пераследаваць, але людскія парэшткі павінны вярнуцца ў Польшчу», — гаворыць гісторык Яраслаў Бурхарт.

Штуршком стаў учынак немкі Марэі Драздо. Яна перадала два чэрапы, якія гадамі захоўваў яе бацька. Драздо — гэта дачка нямецкага лекара, які ўжо памёр. У яе сямейным доме гадамі захоўваліся два чэрапы, праўдападобна, забітых немцамі людзей.

«Калісьці я запыталася ў бацькі, адкуль яны ў яго. Ён сказаў, што купіў у Познані за капейкі. Яны выкарыстоўваліся для выкладання анатоміі», — расказвае жанчына.

Марэі Драздо нядаўна перадала парэшткі польскаму боку. Над імі правядуць даследаванні. Будзе таксама зробленая спроба стварэння кампутарнай мадэлі выгляду твары, а здымкі апублікуюць у СМІ. Магчыма, дзякуючы гэтаму ўдасца вызначыць асобу ахвяр і знайсці сваякоў.

«А калі не, то гэтыя асобы заслугоўваюць годнага пахавання», — падкрэслівае Яраслаў Бурхарт.

Гэта ўсё ж толькі пачатак. Учынак немкі схіліў познаньцаў заняцца справай, якая не была ніякім сакрэтам, але дагэтуль ёй ніхто не зацікавіўся. Падчас Другой сусветнай вайны Герман Вос быў дэканам медычнага факультэта Універсітэту Рэйху ў Познані. Даследаванні гісторыкаў не пакідаюць ніякіх сумневаў — гэты чалавек праводзіў эксперыменты на людзях, а многіх з іх забілі. Немцы таксама апаганьвалі парэшткі. Іх расчлянялі, пазбаўлялі мяккіх тканак, а косці, чэрапы, шкілеты прадавалі ўніверсітэтам на тэрыторыі цэлага Рэйху, таксама ў акупаваныя краіны.

«Экспанаты» могуць дагэтуль знаходзіцца ў шматлікіх лабараторыях, між іншым, у Нямеччыне, Аўстрыі ці Францыі.

Трое познаньцаў урэшце вырашылі гэтым заняцца. «Немцы былі вельмі дакладнымі. Пэўна, кожная здзелка была дакладна апісаная ў дакументах. Калі нам удасца атрымаць доступ да архіваў і знайсці такія спісы, то будзе вядома, хто купляў», — кажа Яраслаў Бурхарт.

Пасля ідэнтыфікацыі такоў установы, ёй будзе высланы ліст з просьбай праверыць, ці яна не мае ў сябе парэштак ахвяр нацысцкіх злачынстваў.

Суразмоўцы газеты разумеюць, што гэта праца на доўгія гады. Тым больш, што справа можа тычыцца славутых заходніх універсітэтаў. А хто прызнаецца, што іх папярэднікі падчас Другой сусветнай вайны прымалі ўдзел у злачынных эксперыментах? — задае пытанне “Gazeta Polska”.

«Усё ж забітыя асобы заслугоўваюць годнага пахавання», — падводзіць вынік журналіст Пётр Свянткоўскі.

 www.radyjo.net