Польшча святкуе 97-ю гадавіну пераможнай бітвы над бальшавікамі

Варшаўская бітва лічыцца адной з лёсавызначальных датаў польскай і агульнаеўрапейскай гісторыі. Ашаламляльная, нечаканая перамога зламала бальшавіцкі наступ на Захад.

Польскія жаўнеры са сцягамі, здабытымі ад бальшавікоў. Фота commons.wikimedia.org/Domena publiczna

Польскія жаўнеры са сцягамі, здабытымі ад бальшавікоў. Фота commons.wikimedia.org/Domena publiczna

Мінае 97 гадоў ад Варшаўскай бітвы, якая затрымала паход бальшавікоў на захад Еўропы і запэўніла Польшчы незалежнасць на 20 гадоў. Варшаўская бітва была названая «Цудам на Вісле» і ўвайшла ў спіс 18 найбольш значных і пераломных бітваў сусветнай гісторыі.

Варшаўская бітва змяніла ход Польска-бальшавіцкай вайны 1919–1920 гадоў, —вайны, якая пачалася неўзабаве пасля заканчэння Першай сусветнай вайны ў 1918 г. і цягнулася ажно да часу заключэння Рыжскай мірнай дамовы (1921).

Бітва лічыцца адной з лёсавызначальных датаў польскай і агульнаеўрапейскай гісторыі.

Чырвоная Армія ішла на Захад, каб там распаўсюдзіць сусветную рэвалюцыю. Асноўнай мэтай нападу бальшавікоў на Польшчу быў поўны яе разгром, усталяванне савецкай улады і далейшы наступ на Захад.

Паміж 13 і 25 жніўня 1920 года адбылася вырашальная бітва ў польска-бальшавіцкай вайне. Польскія войскі пад кіраўніцтвам Юзэфа Пілсудскага перамаглі Чырвоную армію, якую ўзначальваў Міхаіл Тухачэўскі.

Як бальшавікі, так і большасць замежных экспертаў лічылі, што Польшчу чакае параза. 15 жніўня польскае здолела спыніць наступ бальшавікоў і прарваць савецкі фронт. У выніку далейшых удараў, савецкае войска было амаль цалкам разбітае.

Гісторык Анджэй Шчэпаноўскі з Музея Войска Польскага тлумачыць, што ключавую ролю ў бітве адыграла стратэгія Юзафа Пілсудскага.

А. Шчэпаноўскі распавёў:

Гэты быў вельмі адважны план. Неабходна было сабраць дывізіі ля ракі Вепр і правесці наступ, акружаючы бальшавікоў. Адначасова трэба было трымаць пазіцыі ў Радзыміне, а таксама трымаць фронт на поўнач ад Варшавы. Канешне ж, цяжкія баі разыгрываліся на пярэднім плане Варшавы, але галоўны ўдар выйшаў з ракі Вепр і завяршыўся поспехам.

Гісторык нагадвае, што самая вялікая адказнасць за змаганне з бальшавікамі ляжала на Юзэфе Пілсудскім, які дасканала справіўся з задачай:

Важнай была постаць самога Юзафа Пілсудскага. Ён быў галоўнакамандуючым. Гэта ён за ўсё адказваў. Калі ёсць дасканалы галоўнакамандуючы, а кепскі кіраўнік штабу, то бітву ці вайну можна выйграць. А калі наадварот, то гэта немагчыма. Расіі не перамог Напалеон, а зрабіла гэта Польшча Пілсудскага.

Калі гаворым пра пераможную Варшаўскую бітву, нельга забываць пра вялікую ролю і дапамогу мірных жыхароў сталіцы — падкрэслівае гісторык:

З ліпеня ў добраахвотную армію ўступіла больш за 100 тысяч чалавек. Гэта была велізарная колькасць, беручы пад увагу, што краіна была вынішчаная вайной. Палякі пасля трох падзелаў, якія жылі ў чужых дзяржаўных арганізмах, усё ж адважыліся на такі ўчынак, адчулі сябе адзіным народам, адзінай краінай. Яны абаранілі гэтую краіну ад бальшавізму.

Ашаламляльная, нечаканая польская перамога зламала бальшавіцкі наступ на Захад. У наступных месяцах шэраг польскіх перамогаў, якія пайшлі ўслед за Варшаўскай бітвай, захавалі незалежнасць Польшчы і прывялі да мірнай дамовы з Савецкім Саюзам 1921 году, забяспечваючы ўсходнія межы польскай дзяржавы.

У змаганнях загінула 4,5 тысяч жаўнераў Войска Польскага, 22 тысячы былі параненыя, а 10 тысяч чалавек лічацца зніклымі. Ахвяры на баку бальшавікоў невядомыя. Лічыцца, што 25 тысяч загінулі ці былі цяжка параненымі, 60 тысяч трапіла ў польскі палон.

Варшаўская бітва была названая «Цудам на Вісле» і ўвайшла ў спіс 18 найбольш значных і пераломных бітваў сусветнай гісторыі. 

www.radyjo.net