Перапахаваць Махно
Кіраўніцтва Запарожскай вобласці мае намер перавесці з Парыжу і перапахаваць парэшткі славутага анархіста Нестара Махно. Ініцыятыву ўкраінцы ў большасці вітаюць, аднак у яе рэалізацыю слаба вераць.
Галоўная задача для тых, хто шукае скрыню з парэшткамі
Махно на парыжскіх могілках Пер-Ляшэз, — не даць зацягнуць сябе ў плынь амерыканскіх
турыстаў-тынейджараў. Яны штодня ў вялікай колькасці дэсантуюцца на Пер-Ляшэз,
каб ушанаваць памяць пахаванага тут рок-спявака Джыма Морысана. Прах атамана
спачывае трошкі ўбаку ад парэшткаў Морысана ў сцяне калумбарыя, дзе хаваюць не
вельмі багатых нябожчыкаў.
Да іх і належаў Махно, які памёр у 1934-м у ад сухотаў у парыжскай бальніцы ва ўзросце 45 гадоў. Гэтаму папярэднічала амаль дзесяць гадоў палітычнай міграцыі — пасля таго, як Бацька збег з Украіны ў 1921-м ад пераследу чырвоных.
І вось цяпер парэшткі Махно плануюць рэпатрыяваць. Як распавёў падчас нарады ў Запарожскай абласной адміністрацыі яе кіраўнік Канстанцін Брыль, улады вобласці маюць намер ініцыяваць перапахаванне Нестара Махно на яго гістарычнай радзіме — горадзе Гуляй-Поле. Чаму менавіта зараз? Таму што, калі верыць губернатару, цяпер заканчваецца тэрмін арэнды месца на могілках Пер-Ляшэз. Адначасова тым жа Брылем была агучана праграма будучага святкавання вяртання парэшткаў атамана на радзіму. Па словах чыноўніка, яна будзе ўключаць афіцыйную частку з нагоды перапахавання скрыні з прахам, а таксама адкрыццё у Гуляй-Полі помніка легендарнаму земляку.
Рэпатрыяцыя парэшткаў атамана прынясе шмат бонусаў, лічыць афіцыйная запарожская прэса. «Відавочна, што магіла Бацькі ў Гуляй-Полі рэальна падштурхне турыстычны інтарэс да рэгіёну. Плюс — з такой «легендай» у райцэнтры можна праводзіць некалькі тэматычных фестываляў на год», — піша афіцыйны абласны сайт.
Праўда, на шляху вяртання парэшткаў ва Украіну хапае шмат тэхнічных і прававых праблемаў. Перш за ўсё, незразумела, ці пагодзяцца на такую рэпатрыяцыю французскія анархісты, якія рэгулярна плацяць за арэнду месца на могілках. Па-другое, у Гуляй-Полі ўжо існуе помнік Махно, які быў усталяваны яшчэ ў 2009 годзе. Няўжо губернатар вобласці вырашыў адкрыць той помнік другі раз? Ці, можа, гутарка ідзе пра новы мемарыял? Аднак для райцэнтра два помніка ў гонар адной асобы, напэўна, будзе ўжо зашмат.
Наўрад ці ініцыятары перапахавання Махно не ведаюць пра гэтыя відавочныя супярэчнасці. Таму некаторыя каментатары лічаць, што ніякага перапахавання не будзе. Чыноўнікі папросту займаюцца піярам Махно, каб атрымаць нейкі гешэфт.
Напрыклад, тэма Махно, фігура якога папулярная ў рэгіёне, можа дапамагчы праўладным палітсілам узняць свой рэйтынг напярэдадні прэзідэнцкай і парламенцкай кампаніяў. Нагадаем, што ўкраінскія нацыяналісты яшчэ з 1990-х гадоў спрабуюць прасунуць сваю ідэалогію на Паўднёвы ўсход краіны за кошт тэмы махноўшчыны. Прыкладна ў сярэдзіне нулявых была сфармуляваная думка, што махноўшчына ёсць часткай «вызвольных украінскіх змаганняў», у тым ліку таму, што шмат у чым нагадвае казацкія войны. Прасоўваўся тэзіс, што анархісцкія настроі заўжды былі ўласцівыя ўкраінскай народнай свядомасці.
Натуральна, з пункту гледжання гісторыкаў, такая трактоўка вельмі супярэчлівая. Як анархіст, Махно выступаў супраць любой улады, у тым ліку ўкраінскай, і прытрымліваўся ідэі «свабодных саветаў». Больш за тое, лідар анархістаў некалькі разоў сітуатыўна быў саюзнікам чырвоных. Тым не менш, часткова прыём спрацаваў.
Вобраз Махно і сімвалы яго руху актыўна эксплуатаваліся і на Еўрамайдане. Паводле прэсы, апагеем дзяржаўнай прыватызацыі махноўшчыны стаў бронеаўтамабіль «Махно», які быў створаны спецыяльна для АТО на Данбасе. Дакацілася ідэалагічная вайна за Махно і да Парыжа. Мясцовыя анархісты кажуць, што «змагаюцца» з украінскімі нацыяналістамі, які намагаюцца ўпрыгожваць скрыню Махно жоўта-блакітнымі стужкамі, зрываючы анархісцкія чырвона-чорныя.
Аднак не думаецца, што эксплуатацыя брэнда «Махно» асабліва дапаможа запарожскай абласной адміністрацыі, кіраўнік якой, паводле ўкраінскіх законаў, прызначаецца прэзідэнтам. Усе сацыёлагі Украіны кажуць, што прэзідэнцкі рэйтынг увайшоў у зацяжны штопар. Увосень, калі непасрэдна пачнецца прэзідэнцкая кампанія, і да выбараў увесну 2019-га, чакаецца імклівая эрозія шэрагаў прыхільнікаў Парашэнкі.
Таму пакуль большасць бачыць ў ідэі Канстанціна Брыля калі не асабісты піяр, то спробу падаіць бюджэт. Аперацыя з пераездам скрыні сапраўды будзе патрабаваць шмат сродкаў толькі на юрыдычныя працэдуры і паслугі перакладчыкаў. Адсюль вельмі эмацыйныя каментары на форумах запарожскіх СМІ, аўтары якіх заклікаюць чыноўнікаў не піярыцца на Махно, а заняцца канкрэтнымі справамі.
Найбольш арыгінальную версію на тэму перавозу парэшткаў Махно ў Гуляй-Поле прапанавала запарожскае выданне «Миг». Яго журналіст пабачыў у гэтай гісторыі лапу… дырэктараў запарожскіх могілак. Маўляў, ніхто на самай справе не збіраецца вяртаць парэшткі Махно ва Украіну. Затое са спасылкай на прыклад Францыі можна ўвесці арэнду на запарожскіх могілках. То бок, праз нейкі час патрабаваць ад родных нябожчыкаў плаціць за месца пахавання.
Спекуляцыі пра вяртанне парэшткаў Махно для «Новага Часу» пракаментаваў лідар аб’яднання “Саюз анархістаў Украіны” Вячаслаў Азараў.
— Думаю, што гэтая навіна (пра перапахаванне Махно) — не больш чым чарговы танны піяр рэжыму. Чыноўнікі шукаюць, на чым яшчэ можна папілаваць бюджэт. І тут іх ахінула! О, так, можна за парэшткамі Бацькі ў Парыж пакатацца! Наколькі я ведаю, плацяць за месца ў калумбарыі еўрапейскія анархісты, і яны наўрад ці аддадуць Махно прадстаўнікам украінскай улады. Я ўжо не кажу пра тое, што чыноўнікі могуць казаць падчас цырымоніі перапахавання. Пра тое, што яны паспяхова знішчылі ўсе махноўскія запаветы інтэрнацыяналізму і мадэляў самакіравання без чыноўнікаў, за якія змагаліся махноўцы? Не, Нестар Іванавіч, рана табе дадому, занадта шмат дрэні яшчэ ходзіць па тваёй зямлі», — кажа лідар анархістаў Украіны.