Пераварот у ЕТА
Баскская сепаратысцкая арганізацыя ЕТА абвясціла пра «поўнае і перманентнае перамір’е». Эксперты спрачаюцца, ці сапраўды прыйшоў канец баскскаму тэрарызму,
гісторыя якога цягнецца ўжо 50 гадоў.
Яшчэ ў верасні ЕТА ў аднабаковым парадку абвясціла пра часовае прыпыненне вайсковых дзеянняў. У гэтым кроку спецыялісты пабачылі праяву нябачнай вайны ўнутры нацыяналістычнага лагера.
Баскская сепаратысцкая арганізацыя ЕТА абвясціла пра «поўнае і перманентнае перамір’е». Эксперты спрачаюцца, ці сапраўды прыйшоў канец баскскаму тэрарызму,
гісторыя якога цягнецца ўжо 50 гадоў.
Яшчэ ў верасні ЕТА ў аднабаковым парадку абвясціла пра часовае прыпыненне вайсковых дзеянняў. У гэтым кроку спецыялісты пабачылі праяву нябачнай вайны ўнутры нацыяналістычнага лагера.
Публікацыя той заявы стала, на іх думку, тактычным поспехам фракцыі «рэалістаў», якая робіць стаўку на легальныя палітычныя формы дзейнасці. Зараз, нагадаем, з-за актыўнасці ЕТА
магчымасці нацыяналістаў абмежаваныя: з 2003 года набыў моц закон аб забароне палітычных структур і грамадскіх арганізацый, якія звязаныя з тэрарыстамі. Больш за ўсё ад яго пацярпела левая
нацыяналістычная партыя «Батасуна» (Batasuna) — палітычная фракцыя ЕТА. Яе пазбавілі легальнага статусу, а яе лідара Арнальда Атэгі ўвогуле адправілі за краты.
Фракцыя Атэгі лічыць, што гвалт ЕТА замінае справе незалежнасці. Няўдзел партыі ў выбарах на працягу амаль 10 гадоў паступова падштурхнуў яе выбаршчыкаў («Батасуна» звычайна
набірала да 15–20 працэнтаў) шукаць замену ў выглядзе іншых партый. Каб захаваць электарат, жыццёва неабходны легальны дах для дзейнасці. Задача-мінімум — дабіцца права на ўдзел у
прызначаных на гэтую вясну лакальных выбарах.
Яшчэ ў снежні, пасля сустрэчы нацыяналістаў у Памплоне, пачалося асцярожнае будаўніцтва структур новай партыі. Раней усе нацыяналістычныя партыі краю прынялі г. зв. рэзалюцыю Гернікі. Падпісанты
падтрымалі мірныя крокі ЕТА і выступілі за наданне партыі «Батасуна» легальнага статусу.
Рэакцыя іспанскага сацыялістычнага ўраду прэм’ера Сапатэра на вераснёўскую заяву ЕТА была абсалютна супрацьлеглай. Афіцыйны Мадрыд убачыў праяву слабасці праціўніка, што, у сваю чаргу,
быццам ёсць вынікам серыі буйных паліцэйскіх аперацый. Вуснамі Альфрэда Рубалькаба, міністра ўнутраных спраў, урад заявіў, што будзе дамагацца поўнай капітуляцыі экстрэмістаў.
Каб «дабіць параненага звера» ў Краіне Баскаў увосень прайшоў самы вялікі ў гісторыі хапун актывістаў моладзевай арганізацыі «Segi». У выніку трох буйных зачыстак
былі арыштаваныя некалькі дзясяткаў чалавек. На старонках блізкай да ўраду сацыялістаў прэсы з’явіўся тэзіс пра тое, што вераснёўская заява ЕТА ёсць хітры тактычны ход экстрэмістаў. Мэта
— выйграць час і правесці перадыслакацыю актыву, зрабіўшы стаўку на пазаўрадавыя арганізацыі.
Нягледзячы на асцярожную рэакцыю ўраду, нацыяналісты (пра гэта сведчыць заява ад 10 студзеня) упарта спрабуюць навязаць ураду дыялог.
Магчыма, стаўка робіцца на абмежаванасць манеўру ўраду Сапатэра ва ўмовах эканамічнага крызісу. Іспанія — адна з галоўных ахвяр рэцэсіі. Беспрацоўе дасягае ў краіне 21-го працэнта. Чуткі пра
тое, што краіна вось-вось папоўніць спіс краін-банкрутаў пасля Грэцыі і Ірландыі, даўно ўжо гуляюць па старонках мясцовых і еўрапейскіх СМІ. Адзіны плюс, які можа запісаць урад у свой запас, гэта
поспехі футбольнай зборнай (Іспанія — чэмпіён свету) і паспяховую барацьбу з тэрарызмам ЕТА. Чым больш чыноўнікі хваляцца сваім поспехамі ў барацьбе з тэрорам, тым больш нявольна яны
становяцца заложнікамі сітуацыі. Нават сімвалічны тэракт ЕТА напярэдадні выбараў можа ўшчэнт знішчыць іх рэпутацыю. Таму, па логіцы, сацыялісты зараз так ці інакш пастаўленыя ў сітуацыю, калі
вымушаны заігрываць з баскамі і як мінімум вярнуць «Батасуна» партыйную рэгістрацыю.
Другую стаўку нацыяналісты робяць на замежную супольнасць. У адрозненні ад іспанскага ўраду, вераснёўскія мірныя ініцыятывы тэрарыстаў віталі на міжнародным узроўні. Салідныя выданні кшталту
«Guardian» або «Wall Street Journal» у сваіх перадавых артыкулах заклікалі Мадрыд выкарыстаць заявы ЕТА як фундамент для пачатку перамоваў.
Пры Еўрапейскім парламенце была сфармаваная дэпутацкая «кантактная група», сябры якой прапанавалі свае паслугі па маніторынгу баскскага падполля і яго арсеналаў. Нефармальным
лідарам называюць Браяна Курына — юрыста з Паўднёвай Афрыкі, які быў архітэктарам мірнага працэсу ў Паўночнай Ірландыі. Сваю гатоўнасць дапамагчы раззброіць ЕТА выказаў Джэры Адамс
— старшыня партыі «Шын Фейн», палітычнай вітрыны Ірландскай рэспубліканскай арміі (IRA), якая ў пачатку стагоддзя склала зброю.
Не выключаюць, што прыклад «пацыфікацыі» ЕТА патрэбны той фракцыі заходняй дыпламатыі, якая заклікае да пачатку перамоў з талібамі ў Афганістане. Там сілавая палітыка з боку
міжнароднага корпусу ААН пакуль не прыносіць пажаданых вынікаў.
Заява ЕТА ад 10 студзеня — гэта хутчэй за ўсё спроба і далей чыніць ціск на Іспанію з-за мяжы. Аналітыкі звяртаюць увагу на тое, што тэкст ЕТА, насуперак правілам, быў апублікаваны таксама
на англійскай мове.
Варты ўвагі і новы лексікон тэрарыстаў. Свой намер скласці зброю яны матывуюць «гістарычнай адказнасцю ЕТА за дэмакратычны працэс у Краіне Баскаў». Звычайна ў ранішніх дакументах
групоўкі ЕТА выстаўляла сябе галоўным чынам як абаронца нацыянальных правоў.
Усе адзначаныя моманты дазваляюць казаць пра тое, што ў шэрагах ЕТА адбыўся сапраўдны пераварот. Павестку дня фармулюе група Атэгі. Галоўнае пытанне, якія наступствы будзе мець новая канфігурацыя
ўнутры нацыяналістычнага лагеру. Перш за ўсё, ці пацягне перастаноўка за сабой рэвізію ідэйных і палітычных канонаў баскскага нацыяналістычнага руху. Напрыклад, права баскаў шляхам рэферэндуму
вырашыць, ці хочуць яны быць часткай іспанскай дзяржавы. Нават апартуністычная PNV сцвярджае, што без падобнага рэферэндуму мадэль баскскай аўтаноміі не будзе працаваць.
У выпадку Паўночнай Ірландыі IRA адмовілася ад лозунгу вяртання краю ў склад Ірландыі, абмежаваўшыся абстрактнымі фармуліроўкамі. Магчыма, падобную цану за легалізацыю давядзецца заплаціць і Атэгі.
Апошні пакуль заяўляе, што abertzale — так называюць у Іспаніі левых нацыяналістаў — не будуць плаціць такі высокі кошт за легалізацыю. «Ёсць рэчы, ад якіх мы ніколі не
адмовімся, — барацьба за незалежнасць і сацыялізм», — сказаў ён.
Аднак у іспанскіх медыя і без таго хапае і скептычных галасоў наконт перспектыў магчымага хуткага прымірэння. Лёс ураду Сапатэра сёння залежыць ад галасоў дэпутатаў хрысціянскай Баскскай Нацыянальнай
Партыі (PNV), якая наўрад ці зацікаўленая ў вяртанні на электаральнае поле партыі «Батасуна», свайго непасрэднага канкурэнта. Яшчэ адно моцнае лобі супраць мірнага рашэння канфлікту
засядае ў сілавых міністэрствах. За час вайны з ЕТА на тэрыторыі Навары і Краіны Баскаў створаная свая асобнай паліцэйская інфраструктура. З прыходам грамадзянскага міру яна і яе супрацоўнікі
становяцца не патрэбнымі.
Таму, на жаль, казаць пра «поўнае і перманентнае перамір’е» пакуль усё ж рана.