Першыя лэдзі Францыі
Прыход сацыяліста Франсуа Аланда, які называе сябе нармальным французам, у Елісейскі Палац значыць, што ў Францыі будзе не зусім звычайная першая лэдзі.
Прыход сацыяліста Франсуа Аланда, які называе сябе нармальным французам, у Елісейскі Палац значыць, што ў Францыі будзе не зусім звычайная першая лэдзі.
Нават калі б Валеры Трырвейлер (нарадзілася ў 1965 годзе) — жонка Франсуа Аланда, заўсёды маўчала і паводзіла сябе адпаведна пратаколу, усё роўна без скандалаў не абышлося б. Так здарылася,
што яна адзіная ў французскай гісторыі першая лэдзі, якая фармальна не з’яўляецца жонкай прэзідэнта. Валеры і Франсуа жывуць у грамадзянскім шлюбе. Адсюль вялікі хаос у офісе французскага
МЗС. Прынамсі за тыдзень да саміту «Вялікай васьмёркі» ў ЗША, куды запрошаны Аланд, дыпламаты яшчэ ламалі галаву, у якім статусе туды паедзе Валеры. Дасюль дыпламатычны лексікон
ведае толькі адну катэгорыю для спадарожніц — «жонка».
Часткова сітуацыю выратоўвае тое, што па сутнасці французы дасюль не ведаюць, як дакладна трэба называць сваю першую лэдзі. Традыцыйна ў Францыі не любяць рабіць кальку з замежных слоў, а
«першая дама» — прамы пераклад з англійскай мовы «first lady». З самага пачатку існавання V Рэспублікі, калі роля жонкі прэзідэнта стала заўважнай у
палітычным жыцці, сярод філолагаў цягнецца канфлікт наконт французскай версіі гэтага панятку. Прапаноўвалася шмат варыянтаў — і «першая грамадзянка», і нават
«презідэнтша», аднак кампрамісу няма. Даводзіцца абыходзіцца выразам «першая дама».
Па вялікаму рахунку, гэта цалкам справядліва, бо менавіта дзякуючы амерыканцам французы пераглядзелі функцыі жонкі прэзідэнта. Хаця інстытут прэзідэнта існуе тут з 1848 года, жонкі прэзідэнтаў сталі
адыгрываць важную ролю толькі пасля феномену Жаклін Кенэдзі — другой паловы прэзідэнта Джона Кенэдзі. Жаклін змяніла ролю жанчыны ў палітыцы. Яна давала інтэрв’ю і пазіравала для
фатографаў, трымаючы пры гэтым дыстанцыю паміж журналістамі і сваёй сям’ёй. Пачуццё стылю і элегантнасць прынеслі ёй папулярнасць як сярод дыпламатаў, так і сярод простых амерыканцаў, і
нават геапалітычных праціўнікаў.
У выніку Жаклін так зачаравала ўвесь свет, што французскім прэзідэнтам нічога не заставалася, як рабіць са сваіх жонак публічных фігур.
Праўда, раней у Францыі было адно выключэнне. Гэта Мішэль Арыоль, жонка прэзідэнта Венсана Арыоля. Нягледзячы на тое, што Мішэль была дачкой прафсаюзнага лідара, перабраўшыся ў Елісейскі палац, яна
падчас прэзідэнцкай кадэнцыі свайго мужа з 1947 па 1954 гады не знікала з вокладак жаночых часопісаў.
Але першай жанчынай, якая напоўніцу цягнула лямку першай дамы, была Івона дэ Голь (1900–1979). Увогуле, Івона была супраць таго, каб яе муж пасля вайны вярнуўся ў вялікую палітыку. Калі
стала вядома, што Шарля абралі прэзідэнтам, яна ўздыхнула і сказала: «Зноў давядзецца жыць сярод мэблі». Мадам дэ Голь, якую французы празвалі Цётка Івона, засталася ў калектыўнай
памяці хадзячым бастыёнам сямейнай і каталіцкай маралі.
Пераемніцай Івоны пасля адстаўкі дэ Голя стала Клод Пампіду (1912–2007). Адпаведна легендзе, яна пагадзілася выйсці за Жоржа Пампіду пасля таго, як ён (на той момант малады выкладчык
французскай мовы) прачытаў паэму ў яе гонар. Інтарэс да творчасці быў не выпадковым. Клод пасля прапіскі ў Елісейскім палацы змяніла ўнутраны дызайн і павесіла на яго сценах абстрактны жывапіс. Аднак
месца ў гісторыі яна займае дзякуючы справе Марковіча. Стэфан Марковіч — целаахоўнік Алена Дэлона, займаўся арганізацыяй элітных зачыненых вечарынак, якія часта заканчваліся групавым сэксам.
Па чутках, абанемент на тыя вечарынкі мела і Клод. І быццам менавіта таму Жорж Пампіду напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі 1969 года «прыбраў» Марковіча — уладальніка
кампрамату. Справа дасюль не раскрытая, паколькі галоўны падазраваны — нейкі гангстэр — быў таямніча забіты.
Наступным прэзідэнтам стаў Валеры Жыскар д’Эстэн. Па маці Жыскар д’Эстэн — нашчадак Людовіка XV. Таксама мела каралеўскую кроў Бурбонаў яго жонка Ганна (яна —
дачка герцага і княжны). На пасадзе першай лэдзі яна правіла сябе варта. У 1979 годзе муж нават даверыў ёй прадстаўляць сябе на ўрачыстасцях, якія арганізаваў Ян Павел ІІ з нагоды свайго абрання на
святы пасад. Праўда, простая публіка Ганну не вельмі любіла за яе арыстакратычны шык і называла «наша Марыя-Антуанета».
Прыхільнікі рэспубліканскага прынцыпу «эгалітэ», што значыць «роўнасць», атрымалі сатысфакцыю ў часы прэзідэнцтва Франсуа Мітэрана. Яго жонка Даніэла
(1924–2011) увасабляла сабой французскую левую традыцыю. Яна пазнаёмілася з Мітэранам у часы акупацыі па заданню кіраўніцтва партызанскага падполля. Адпаведна загаду, яна павінна была
выконваць ролю нявесты маладога чалавека, каб той не трапіў пад падазрэнне Гестапа. Як толькі заданне закончылася, Даніэла і Франсуа вырашылі пабрацца шлюбам. Сваіх левых поглядаў Даніэла не
пакінула. Яна ўвесь час выказвала сімпатыі да левай партызанкі ў Лацінскай Амерыцы, а з Фідэля Кастра папросту зрабіла ікону. Гэта не вельмі адпавядала лініі міжнароднай палітыкі Францыі, што часта
ставіла Мітэрана ў не вельмі зручнае становішча. Таксама, як і публічная крытыка Даніэлы на адрас правых, якія з сярэдзіны 1980-х гадоў фармавалі французскі ўрад. Адзін з дэпутатаў-сацыялістаў нават
узняў пытанне на пасяджэнні фракцыі пра тое, як прымусіць Даніэлу маўчаць.
Не менш актыўнай была і наступная першая лэдзі — Бернадэта Шырак (нарадзілася ў 1933 годзе). Яна — адзіная ў гісторыі Францыі першая дама, якая на момант прыходу ў Елісейскі палац
мела вопыт дэпутацкай і адміністратыўнай працы і дасюль, дарэчы, застаецца дэпутатам рэгіянальнага парламенту. Бернандэта таксама актыўна дапамагала мужу, калі ён працаваў мэрам Парыжу. Праўда,
наступствы гэтага «сямейнага падраду» аказаліся не вельмі прыгожымі: жонка Шырака праходзіць па справе крадзяжу сталічнага бюджэту.
Нельга не згадаць пра асабістую трагедыю Шыракаў. У 1973 годзе адна з дачок Шыракаў у выніку хваробы на менінгіт захварэла нервовай анарэксіяй і доўга лячылася. Бернандэта і Жак узяла ў
сям’ю в’етнамскую дзяўчынку, бацькі якой загінулі, калі спрабавалі збегчы з В’етнама, дзе камуністы пачалі калектывізацыю.
А вось Карла Бруні, жонка Нікаля Сарказі, хаця і з’яўляецца прадстаўніком багемы, вялікіх скандалаў падчас знаходжання ў ролі першай дамы не нарабіла. Аднак у гісторыі ёй месца забяспечана,
паколькі пры Сарказі ў Елісейскім палацы ўпершыню нарадзілася дзіця.
Цяпер чарга за Валеры. Яна заяўляе, што ёй не патрэбны статус першай дамы і ўвогуле яна жадае і далей працаваць у журналістыцы для часопіса «Paris Match» і каналу «Direct
8». «Я павінна быць фінансава незалежнай, каб карміць трох дзяцей, а журналістыка — гэта праца, якую я магу рабіць», — кажа яна. Максімум, на што згодна
новая гаспадыня Елісейскага палацу, — браць інтэрв’ю ў замежных палітыкаў падчас розных міжнародных самітаў. Праўда, у тое, што першая дама застанецца пасіўнай у пытаннях палітыкі,
верыцца слаба. Лічыцца, што менавіта Валеры прымусіла Франсуа, які доўгі час быў на апошніх ролях у Сацпартыі, паверыць у сябе і ўступіць у барацьбу за пасаду прэзідэнта.