Праспект Шухевіча ў Кіеве: ганьба ці гонар?

Пераіменаванне праспекта імя генерала Ватуціна ў праспект Шухевіча ва ўкраінскай сталіцы сталася тэмай для дыскусіяў ці не ва ўсіх сумежных краінах. Не абмінула яна і Беларусь, дзе меркаванні таксама падзяліліся. Што ж закідаюць галоўнакамандуючаму УПА, які загінуў у барацьбе з Саветамі?

bjust_szuhevicza_u_belahorszczy_pad_lvovam.jpg

Прэтэнзіі палякаў, напрыклад, зразумелыя: у этнічным канфлікце на Валыні Арганізацыя Украінскіх Нацыяналістаў (АУН) брала непасрэдны ўдзел. Прэтэнзіі беларусаў найчасцей зводзяцца да таго, што Раман Шухевіч ўзначальваў украінскія паліцэйскія адзінкі, якія на пачатку 1940-х гадоў працавалі на тэрыторыі краіны пад нямецкім крылом.

Пакінем палякам права самім вырашаць, хто з украінскіх герояў ім падабаецца, а хто – не. Зрэшты, як і ўкраінцы палякам не могуць указваць, шанаваць Пілсудскага, які ўвёў рэжым санацыі (лічы, няспынных рэпрэсіяў) для Заходняй Украіны ды Беларусі, альбо не. Зразумела, прыслухоўвацца да галасоў украінцаў палякі наўрад ці будуць: Пілсудскі застанецца бясспрэчным героем.

partret_szuhevicza__ukraina__sjonnja___2_.jpg

Міф пра «ўкраінскіх паліцаяў»

Што да беларусаў, тут варта ўзгадаць старую байку, згодна якой пасля аднаго з сумесных пасяджэнняў беларускіх і ўкраінскіх савецкіх пісьменнікаў, майстры слова паступова перайшлі да нефармальнай часткі, выпілі ды пачалі спяваць песні. Шмат якія песні былі альбо падобнымі, альбо паўтараліся, таму ўкраінцы пачалі кпіць, маўляў, беларускія народныя матывы запазычаныя ў іх. На гэта Максім Танк адказаў сустрэчным жартам: «Беларусы за часам вайны нават паліцаяў сваіх не мелі – таксама пазычалі ва ўкраінцаў».

Сапраўды, міф пра «ўкраінскіх паліцаеў» шматкроць мусіраваўся ў савецкай прапагандзе, а пазней атрымаў новае жыццё ўжо ў сучаснай крамлёўскай версіі гісторыі Другой сусветнай вайны. Згодна савецкай міфалогіі, з немцамі супрацоўнічалі ўкраінцы, прыбалты, татары ды каўказцы, але — ні ў якім разе! — не руcкія, калі не лічыць «пярэваратня» Уласава альбо прыехаўшых на Радзіму белаэмігрантаў, кшталту Краснова ці Шкуро. Мараль зразумелая: рускія людзі наўпрост не маглі масава пайсці на згоду з гітлераўцамі.

Цікава, што на пачатку вайны з нямецкага боку сітуацыя выглядала дакладна гэтак жа. Перавага ў супрацы аддавалася «зняволеным бальшавікамі народам», але не рускім, якім немцы не давяралі. Уласаўскія праекты РОА ды КОНР былі падтрыманыя бліжэй да канца вайны, калі немцам ужо не даводзілася выбіраць саюзнікаў. З гэтай прычыны, рускія нярэдка служылі ў нямецкай дапаможнай паліцыі пад выглядам тых жа беларусаў альбо ўкраінцаў. Не верыце? Звернемся да расійскіх гісторыкаў.

szuhevicz_abo___heneral_taras_czuprynka___na_pasmjarotnym_drevaryce.jpg

«Фармальна ўкраінскі, па сутнасці — рускі…»

Дзмітрый Жукаў ды Іван Ковтун у манаграфіі «Паліцаі», якая выйшла ў Маскве ў 2016-м пішуць, сярод іншага:

«Першы дапаможны паліцэйскі батальён быў сфармаваны 10 ліпеня 1941 г. у Беластоку як «украінскі». Насамрэч, да яго запісваліся ў значнай меры рускія вайсковапалонныя. У жніўні батальён прыбыў у Мінск, дзе быў падзелены на 41-шы і 42-гі батальёны «шума». Прычым, першым камандаваў былы лейтэнант РККА Аляксандр Ялавы, а другім — былы лётчык, лейтэнант РККА Кручкоў. (…) Фармальна ўкраінскімі, а па сутнасці — рускімі, былі сфармаваныя ў Растове-на-Доне 166-ы, 167-мы, 168-ы і 169-ы батальёны «шума». Рускімі паводле складу былі беларускія батальёны «шума» №60, 64 і 65, якія пазней былі ўключаныя ў склад 30-й грэнадзёрскай дывізіі войскаў СС («2-й Рускай»)…»

Гэты ж матыў прачытваецца ў гісторыі з Хатынню, якую, згодна савецкай і расійскай міфалогіі, таксама палілі «бандэраўцы». Зараз ужо дакладна вядома, што 118-ы батальён паліцыі, які нішчыў Хатынь, апроч немца Эрыха Кёрнера, узначальвалі Рыгор Васюра, былы старэйшы лейтэнант РККА, ды Васіль Мялешка, былы савецкі лейтэнант пяхоты… Фармальна батальён лічыўся «ўкраінскім», але ў рэальнасці складаўся з палонных чырвонаармейцаў, якія запісваліся ўкраінцамі — так было больш шансаў выжыць ды вырвацца з лагернага пекла. Украінскім нацыяналізмам тут і не пахне.

Бандэра ў канцлагеры, Шухевіч — у бягах

Што ж наконт Шухевіча ды нацыяналістаў? Сапраўды, у 1941-м Шухевіч камандаваў батальёнам «Nachtigall», які вызваляў Львоў ад Саветаў, з надзеяй абвясціць там незалежную ўкраінскую дзяржаву. Незалежнасць была абвешчаная 30 чэрвеня, але так жа хутка і згорнутая немцамі: ужо 5 ліпеня Бандэра быў арыштаваны ды адпраўлены ў канцлагер Заксэнхаўзэн. Шухевіч з баявым крылом АУН далучыўся да 201-га батальёна паліцыі, які быў адпраўлены ў Беларусь. Але і там супраца з немцамі не склалася. Праз адмову канфіскоўваць у беларусаў збожжа альбо спробы выцягнуць з лагеру для вайсковапалонных сваіх землякоў, украінцы ўвесь час канфліктавалі з немцамі.

Адно з нешматлікіх прыжыццёвых фота Рамана Шухевіча

Адно з нешматлікіх прыжыццёвых фота Рамана Шухевіча

«З немцамі адбываліся пастаянныя канфлікты, — узгадвае ветэран 201-га батальёну Яўген Пабягушчы, — жаўнеры ведалі, што іх родных вывозяць на працу ў Нямеччыну, лідары іх руху арыштаваныя, нават у шпіталі немцы ад украінцаў ляжалі асобна… За такую «Новую Еўропу» ваяваць хацеў далёка не кожны».

На Каляды 1942 года прыйшла навіна аб расфармаванні батальёна, байцоў цягніком адправілі ў Львоў. Там афіцэры былі арыштаваныя, у некага атрымалася збегчы. Сярод збеглых быў і Раман Шухевіч, які так і застанецца на нелегальным становішчы ажно да гібелі падчас бою з чэкістамі ў 1950-м у Белагоршчы пад Львовам. Такім чынам, у 1943 годзе, падчас трагедыі ў Хатыні, пра якую любяць узгадваць апалагеты Шухевіча, ягоны батальён быў расфармаваны, ягоны наўпроставы кіраўнік — Бандэра — сядзеў у Заксэнхаўзэне, а сам Шухевіч знаходзіўся ў бягах.

Мо’ лепш парупіцца пра сваё, чым чапляцца да суседзяў?

Дык у чым тады праблема? Праблема ў міфах, якія плотна заселі ў нашых галовах, у тым ліку міфах пра «злых украінскіх паліцаяў» ды «добрых савецкіх партызанаў». Зрэшты, ліберальная публіка выпрацавала для сябе і новы міф, згодна якому, дрэнныя ўсе: і паліцаі, і партызаны, і немцы, і Саветы… хто ж тады «добры»? Магчыма, разгадка ў прапанове аднаго з «экспертаў» называць вуліцы не імёнамі дзяржынскіх ды шухевічаў, але назвамі кветак. Згодна гэтай логіцы, мабыць, і войска, і міліцыю ў нас трэба распускаць альбо прынамсі ўзбройваць букетамі ружаў альбо валошак — у залежнасці ад вастрыні знешніх і ўнутраных пагрозаў.

partret_szuhevicza__ukraina__sjonnja___1_.jpg

Самае галоўнае ў гэтай спрэчцы — тое, што некаторыя беларусы зноў рвуцца судзіць суседзяў ды перажываюць за іх бачанне гісторыі болей, чым за сваё. Інакш, як патлумачыць крытычны імпэт экспертаў, якія жывуць у краіне з праспектамі і плошчамі Леніна, Калініна ды Дзяржынскага, дзе паэтка Ларыса Геніюш нават па смерці не можа атрымаць рэабілітацыю, а імя франтавіка Быкава дагэтуль не ўвекавечана ані помнікам, ані праспектам? Мо’ лепш пра сваё парупіцца, чым чапляцца да ўкраінцаў, якія, прынамсі, у плане нацыянальнай памяці даюць нам фору?

Для украінцаў Шухевіч — бясспрэчны герой, які змагаўся як з немцамі, так і з бальшавікамі. Феномен УПА, якая ваявала на два фронты і ставіла сабе за галоўную мэту незалежнасць Радзімы, здаецца, ужо добра вядомы. Тым больш, калі Украіна знаходзіцца фактычна ў стане вайны з Расіяй, чаму ў ёй павінны заставацца праспекты, названы на гонар савецкіх генералаў, ды не могуць узнікаць тапонімы ў гонар нацыянальных вайсковых дзеячаў? Дзіўна хіба тое, што праспект быў перайменаваны толькі зараз, а не год ці два таму.