Беларускія тралейбусы ў Кіеў не паедуць

Мінскі аўтамабільны завод і прадпрыемства «Белкамунмаш» прайгралі тэндэры на пастаўку ў Кіеў нізкападлогавых тралейбусаў.

221a60bf_1c80_4d94_905d_e8499f0d89b2_w1023_r1_s.jpg

Іх інтарэсы прадстаўлялі афіцыйныя дылеры ва Украіне — кампаніі ТАА «МАЗтранссэрвіс» і ТАА «СП «Янікс». Тралейбусы МАЗ выстаўляліся ў двух конкурсах — на пастаўку 60 і 20 адзінак тэхнікі, а «Белкамунмашу» — толькі ў другім.
Паводле прапанаваных цэнаў, пераможцам тэндэру прызнаная былая кампанія ўкраінскага прэзідэнта Пятра Парашэнкі «Багдан Мотарс», якая цяпер належыць ягонаму бізнэс-партнэру Алегу Гладкоўскаму — першаму намесніку сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны.
Кампанія «Багдан Мотарс» у часе аўкцыёну, у адрозненне ад беларускіх прадпрыемстваў, пагадзілася на зніжэнне папярэдне заяўленай цаны ў першым лоце з 316,8 мільёна да 308,82 мільёна грыўняў (1 даляр — 26,24 грыўні) за 60 тралейбусаў і ў другім лоце з 192 мільёнаў да 191,04 мільёна грыўняў за 20 тралейбусаў.
Дылеры беларускіх тралейбусаў прапанавалі камунальнаму прадпрыемству «Кіеўпасажыртранс» набыць 60 тралейбусаў МАЗ за 318 мільёнаў грыўняў або «Белкамунмашу» — за 308,88 мільёна грыўняў. У другім лоце МАЗ прапаноўваў 20 адзінак тэхнікі за 191,904 мільёна грыўняў.
Сёлета ў красавіку мэр Кіева Віталь Клічко падчас прэзэнтацыі беларускай камунальнай і пасажырскай тэхнікі ў кіеўскім аўтобусным парку № 6, якая адбывалася пры ўдзеле намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Уладзіміра Сямашкі, заявіў пра намер сталічных уладаў закупіць 80 тралейбусаў і 100 аўтобусаў у беларускіх партнёраў.
«Мы ўбачылі шмат рознай тэхнікі беларускіх кампаній, якая камунальнай гаспадарцы Кіева вельмі патрэбна. У нас вялікія планы замяніць на новы і сучасны грамадскі транспарт, а таксама камунальную тэхніку і тэхніку для абслугоўваньня дарог. У гэтым кірунку мы даўно супрацоўнічаем з беларускімі партнёрамі», — адзначыў тады Віталь Клічко.
У 2016 годзе «Кіеўпасажыртранс» па выніках тэндэру закупіў 50 беларускіх аўтобусаў, а ў канцы 2015 году — 30 трактароў «Беларус» для гарадскіх камунальных службаў для прыбірання тратуараў і двароў у асенне-зімовы пэрыяд.
Ва Украіне ў 2016 годзе была створаная электронная сыстэма ProZorro для ажыццяўленьня публічных закупак за кошт дзяржаўнага бюджэту, каб ліквідаваць карупцыю ў дзяржаўных закупках. Тэндэры на пастаўку ў Кіеў нізкападлогавых тралейбусаў таксама адбываліся праз сістэму ProZorro.
Паводле svaboda.org