Прыйшла казахская вясна

Казахстан нечакана выбухнуў. Такой шырокай геаграфіі пратэстаў гісторыя яшчэ не бачыла. У выніку Назарбаеў наклаў мараторый на папраўкі ў Зямельны кодэкс. Што папярэднічала пратэстам і чаго чакаць далей распавядае казахскі праваабаронца Андрэй Грышын.

Фота ВВС

Фота ВВС


— У некалькіх словах, які агульны стан пратэстнага руху ў Казахстане на пачатак мая?

 

— Пратэсты, якія закончыліся сутычкамі з сілавікамі, прайшлі ў пяці гарадах. Апошняя бойка мела месца 1 мая ў Кызылардзе. Яшчэ ў шэрагу гарадоў адбыліся мірныя маніфестацыі. Былі спробы выйсці на вуліцы ў Алматы, аднак людзей жорстка спынілі. Для Казахстана, дзе апазіцыя даўно не высоўвае носу з кухняў, гэта нешта фенаменальнае. Нават з’явіўся тэрмін «казахская вясна». Пры гэтым відавочна, што ўлада пакуль не ў стане спыніць эпідэмію пратэстных настрояў.

 

— 28 красавіка на экраны казахскіх кінатэатраў выйшаў чарговы эпізод кінабіяграфіі Назарбаева. У стужцы «Так склаліся зоркі», якая распавядае пра прыход Елбасы да ўлады, ён выяўлены як супермен на фоне «бюракрата» Гарбачова, «алкаголіка» Ельцына, «карупцыянера» Кунаева. Гэты панегірык падліў алею ў агонь незадаволенасці?

 

— Наўрад ці, паколькі фільм з-за яго нізкай якасці застаўся амаль незаўважаны шырокай публікай. Хіба што ніхто не зразумеў — нашто было ўкладаць у вытворчасць такога слабага прадукту цэлых тры мільёны долараў? З іншага боку, «Так склаліся зоркі» стаў люстэркам адчужанасці ўлады ад грамадства. Нават падчас прэм’ерных паказаў, на якія пускаліся толькі самыя лаяльныя да рэжыму людзі, у залі адкрыта хіхікалі, калі на экране персанаж прэзідэнта рабіў нейкія пафасныя заявы або ўчынкі.

 

— Асноўны лозунг маніфестантаў — незадаволенасць законам, які дазваляе прыватызацыю зямлі іншаземцамі. Чаму гэта мабілізавала грамадскасць Казахстана, у тым ліку ў буйных гарадах?

offices_backs_kz.jpg

— Гэтая тэма ўсплыла трошкі выпадкова. Так здарылася, што яе ўзнялі ў правінцыі падчас першых пратэстаў. Удзельнікі наступных акцыі інерцыйна высоўвалі такое ж патрабаванне. На самай справе, людзей выводзіць на вуліцу простая ўстаноўка — «задзяўбаў!». Прычым, лозунг аб’ядноўвае не толькі моладзь, але і дарослых казахаў.

 

— Якая рэакцыя ўлады на пратэсты?

 

— Вярхі відавочна ахоплены жахам і не разумеюць, што адбываецца. 1 мая Назарбаеў наведаў Алматы. Такой сістэмы забеспячэння яго персанальнай бяспекі яшчэ не было. Практычна праз кожныя 50 метраў па маршруце прэзідэнцкага картэжу стаяў паліцэйскі. Што тычыцца непасрэдна рэакцыі на выступы, то афіцыёз актыўна эксплуатуе ўкраінскую тэму, распавядаючы, як дорага каштаваў Еўрамайдан краіне. А вось на месцах часам адбываюцца цікавыя працэсы. У некаторых месцах чыноўнікі паспрабавалі не даводзіць справу да разгонаў. Іншымі словамі, у часткі вертыкалі сапраўды хістанні ў галовах.

 

— Ці нельга проста адмяніць супярэчлівы закон, каб паслабіць пратэсты?

 

— Закон быў прыняты яшчэ ў лютым і павінен распачаць дзеянне ў ліпені. Паводле яго ўдвая павялічваецца тэрмін арэнды зямлі для іншаземцаў. Пасля арандатары будуць мець магчымасць выкупу ўчасткаў у прыватную ўласнасць. Адмяніць закон, з улікам татальнай падкантрольнасці ўсіх галін улады Назарбаеву, не цяжка. Праблема ў тым, што ён пісаўся пад кітайцаў. Хутчэй за ўсё, гэта быў кошт крэдытаў, якія Астана нахапала ў Пекіна. Цяжка ўявіць, як Елбасы зможа перагледзець закон у той час, як у Кітаі актыўна цікавяцца арэндай казахскіх земляў.

 

— Як рэагуе на хвалю выступаў апазіцыя? Ці няма пагрозы, што Захад, зацікаўлены ў геапалітычнай стабільнасці ў рэгіёне, можа падтрымаць у цяперашняй сітуацыі Назарбаева?

 

— Дэмакратычная апазіцыя фактычна зачышчаная. Для перастрахоўкі найбольш актыўныя атрымалі ўмоўныя тэрміны, што дазваляе ў любы час іх прэвентыўна арыштаваць. Рэшткі апазіцыі спрабуюць неяк выкарыстаць хвалю, аднак працэс ідзе без іх. Таму думаю, што пазіцыя Захаду будзе абыякавая пратэстоўцам.

 

— Раней у прэсе шмат пісалі пра пагрозу экспансіі ісламістаў. Маўляў, на фоне эрозіі дэмакратаў, фундаменталісты ў Казахстане змогуць узяць на сябе функцыі апазіцыі. Ці гучаць на акцыях мусульманскія лозунгі?

 

— Ісламісцкіх, як і антыкітайскіх лозунгаў падчас выступаў няма. Пратэсты накіраваныя выключна супраць сістэмы, якую ўвасабляе Елбасы.

 

— Ці высунула «казахская вясна» новых лідараў?

 

— Пакуль ніякіх новых публічных фігур няма. І гэта не дзіўна, бо каардынацыя і арганізацыя акцый ідзе праз закрытыя форумы ў інтэрнэце. Менавіта адсюль — заклікі ў дзяржаўнай прэсе забараніць як мінімум на пару месяцаў працу сацыяльных сетак.

 

— Што будзе далей? Якія прагнозы?

 

— У Азіі прагнозам і сцэнарам не вельмі давяраюць. Ці шмат па Афганістану сцэнарыяў спрацавала? Думаю, што ўлада будзе намагацца мабілізавацца і пратрымацца да ліпеня. Калі да пачатку ліпеня нічога не адбудзецца, пачнецца лета — у нас традыцыйна не багаты на палітычныя падзеі сезон. Аднак да лета яшчэ трэба дажыць.