Пуцін ідзе на дно

Пагружэнне Пуціна на балтыйскае дно ў батыскафе зноў выклікала ў расійскім грамадстве дэбаты наконт загадкавай псіхікі расійскага прэзідэнта. Здавалася, пасля славутага палёту з жураўлямі Пуцін назаўсёды ўстрымаецца ад экстравагантных учынкаў. Той палёт выклікаў хвалю іроніі і насмешак.



putin_batiskaf1.jpeg

Пасля таго, як Уладзімір Уладзіміравіч злятаў на дэльтаплане на чале групы жураўлёў-сцерхаў, яму ў сеціве далі мянушку «альфа-сцерх». Прэзідэнт РФ у выніку змушаны быў прызнаць, што некаторыя яго публічныя акцыі — пастановачныя.

Аднак не прайшло і года, як гаспадар Крамля адкалоў новы нумар. 15 ліпеня ўвесь свет стаў сведкам апускання прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна ў батыскафе на дно Фінскага заліва, дзе на глыбіні 60 метраў кіраўнік расійскай дзяржавы асабіста даследаваў абломкі патанулага ў ХІХ стагоддзі ветразевага фрэгата. Праз 20 хвілін пасля пачатку падводнай эпапеі ён з’явіўся на паверхні, каб пахваліць працу Рускага геаграфічнага таварыства і ўшанаваць памяць рускіх маракоў, якія загінулі. Пасля пачалася другая частка імпрэзы. Пуцін перад аб’ектывамі камер зрабіў разнос ураду. «Вы працаваць будзеце ці не? Гэта што такое?» — не знаходзіў сабе месца «падводнік».

Што прымусіла Уладзіміра Пуціна зноў пачаць крэатывіць? Адказ на гэта пытанне спрабуюць даць расійскія і замежныя журналісты, а таксама расійскія блогеры.

Некаторыя па-ранейшаму лічаць, што вакол Пуціна сфармавалася групоўка палітычных тэхнолагаў-прайдзісветаў, якія навязалі свайму босу ідэю-фікс пра тое, што падобныя выхадкі станоўча адбіваюцца на рэйтынгу палітыка. Так, па меркаванні брытанскай «The Guardian», за кошт шпацыру па балтыйскім дне «былы агент КДБ імкнецца вярнуць народную любоў, якую ён часткова згубіў за мінулы год». Стаўка робіцца на тое, каб прадэманстраваць электарату сваю асабістую мужнасць. Іншая брытанская газета «The Daily Mail» адзначае, што, «хоць скарбаў прэзідэнт не знайшоў, апусканне стала чарговым прыкладам «праявы мужнасці», якую ён ужо дэманстраваў раней падчас лоўлі рыбы, палявання і катання на кані».

Такая версія мае права на існаванне. Аднак з улікам колькасці іранічных каментараў у сеціве на марскі подзвіг Пуціна, цяжка паверыць, што нехта з крытыкаў рэжыму, пабачыўшы профіль расійскага прэзідэнта ў батыскафе, адразу змяніў сваю пазіцыю. Пералапаціўшы значную колькасць блогаў, я знайшоў толькі адзін пост, які ўхваляе ўчынак Пуціна. У запісе, які пакінуў нехта Андрэй Сляпкоў, гаворыцца: «А што, яму, як Брэжневу, кабаноў страляць у Падмаскоўі? Ці, можа, як Берлусконі, з прастытуткамі? Хай лепш такім чынам актыўна адпачывае».

У асноўным кадры з батыскафам выклікаюць крытычныя каментары. «Небарака, не ведае, чым заняцца ад гультайства: то амфары «знаходзіць», то сцерхаў усынаўляе. Нагадвае ката за яго вельмі важным заняткам». «За кошт дзяржавы ажыццяўляе свае дзіцячыя «хачу», а нам усё гэта яшчэ і паказваюць». «Навуковая каштоўнасць гэтага «афіцыйнага апускання» — ніякая. Вось цікава, а колькі бюджэтных рублёў было патоплена ў Фінскім заліве, каб з’явілася магчымасць паказаць Уладзіміра Уладзіміравіча па тэлевізары ў кабіне батыскафа?»

Праявілі сябе і аматары прыколаў: «Шкада, што У.У. Пуцін пагрузіўся на дно Балтыйскага мора ў батыскафе, а не ў машыне «Лада Каліна». «Ботакс не тоне». Кпяць з Пуціна і ў замежжы. Амерыканскі тэлеканал NBS News назваў Пуціна «Уладам-падводнікам».

У прынцыпе, можна было загадзя прагназаваць менавіта такую рэакцыю грамадства, сыходзячы з горкага папярэдняга вопыту. Паколькі праяў палітычнага прагматызму ў акцыях Пуціна не праглядаецца, заканамерна ўзнікае правакацыйны тэзіс — існуе нешта ірацыянальнае, што штурхае Уладзіміра Уладзіміравіча ці то лятаць з жураўлямі, ці то лазіць па марскому дну.

Існуе, напрыклад, такая трактоўка паводзін расійскага прэзідэнта: Пуцін хоча выглядаць як ідэал мужчыны. Напрыклад, «The Guardian» бачыць у падзеях з батыскафам «чарговы трук для падтрымання старанна распрацаванага іміджу героя сучаснасці».

Наступная версія: у Пуціна прыступ нарцысізму. Газета «The Independent», якая назвала свой каментар пра апусканне на батыскафе «Місія нездзяйсняльная», піша: «Пуцін апускаецца на дно Фінскага заліва ў пошуку яшчэ адной магчымасці для асабістага фота». Такі падыход падтрымалі шмат гісторыкаў, якія знаходзяць падобныя рэцыдывы ў шматлікіх дыктатараў, неабмежаваных ва ўладзе. «У свой час Іосіф Вісарыёнавіч Сталін пасадзіў на дачы парастак лімона. «Холадна, Іосіф Вісарыёнавіч, змерзне», — сказалі яму. «У мяне — вырасце». Паводзіны Сталіна зусім не такія абсурдныя, як падаецца на першы погляд. Яны вельмі тыповыя для кіраўніка, які лічыць сябе гаспадаром самой прыроды. Адгэтуль — абагаўленне рымскіх імператараў, адгэтуль — міф пра тое, што французскія каралі дакрананнем лечаць залатуху. Пуцін, падобна, ужо дасягнуў стадыі залатухі. Яго слухаюцца шэрыя кіты, снежныя барсы і ўсурыйскія тыгрыцы. За ім ляцяць жураўлі, і зразумела, што нават калі бессэнсоўныя жураўлі ідуць за вялікім Пуціным, дык ці могуць не ісці за ім людзі? Хіба не ідуць толькі тыя, хто знаходзіцца на ўтрыманні ў крывавага Дзярждэпу», — піша папулярная журналістка Юлія Латыніна.

Самая арыгінальная і самая новая версія: Пуцін капіруе героя раманаў Яна Флемінга. Шмат хто лічыць, што сваю ідэю ён пазычыў у славутага Джэймса Бонда. «З Расіі з субмарынай», — такі загаловак выбірае для свайго артыкула «The Sun» і параўноўвае расійскага лідара з агентам 007. «The Daily Mail» таксама адзначае, што прэзідэнт РФ «здзейсніў апусканне на батыскафе ў стылі Джэймса Бонда». Сапраўды, у фільме «Шпіён, які кахаў мяне», ёсць вельмі падобны эпізод. Адным словам, застаецца чакаць, што вось-вось на афіцыйных самітах Пуцін пачне прадстаўляцца: «Май нэйм із Вова. Пуцін Вова».

Усе гэтыя экскурсы ў закавулкі пуцінская эга падаюцца вельмі смешнымі і ўносяць нейкі жывы струмень у сумную расійскую рэчаіснасць, якую назвалі «постбалотная Расія». Аднак расійскай інтэлігенцыі ўсё больш не да жартаў. Адзін з ліберальных сайтаў канстатуе: «Аднак старасць не за гарамі, і маразм будзе мацнець. Краіна дэградуе, а ён з жураўлямі на дэльтаплане. Інвестары ўжо змірыліся з адсутнасцю судовай сістэмы і мянтоўскім рэйдарствам, не маюць ілюзій наконт перспектыў. Вось яно, нафтавае шчасце, можна нічога не рабіць, проста лётаць з жураўлямі. Аднак, усё гэта балюча стукне. Не, не па жураўлях і дэльтапланерыстах, а па ўсіх нас».