Расія: моладзь у змаганні за пенсіянераў

Як прайшлі пратэстныя акцыі 9 верасня, пра якія тэндэнцыі ў змаганні расійскага грамадства яны кажуць, і што Расійская Федэрацыя пазычыла ў Беларусі.

russia_001.jpg


Масавыя акцыі пратэсту прыхільнікаў Аляксея Навальнага прайшлі 9 верасня ў Расіі. Яны былі прымеркаваныя да адзінага дня галасавання (выбары розных узроўняў, прызначаныя на адзін дзень). Сутнасць пратэсту: патрабаванне адмяніць пенсійную рэформу (законапраект якой быў ухвалены яшчэ ў ліпені), згодна з якой пенсійны ўзрост падымаецца з 60 да 65 гадоў для мужчын — да 2028 года, з 55 да 63 гадоў для жанчын — да 2034 года.
Пратэсты адбыліся ў 70 гарадах, але толькі ў 12 былі ўзгодненыя.
Да акцый пратэсту паліцыя падышла вельмі сур'ёзна. У гэты раз была апрабаваная новая тактыка: масавыя прэвентыўныя затрыманні. Па ўсёй Расіі да пачатку акцый было затрымана 48 чалавек. Згодна з прыкрымі палітычнымі традыцыямі РФ, на актывістаў у рэгіёнах нападалі «невядомыя». Вось што піша валанцёр штаба Навальнага ў Краснаярску:

«Выйшаў 10 хвілін таму з пад'езду, мяне стапануў гопнік, пачаў біць. Падбеглі яго сябры, растапталі тэлефон і нанеслі некалькі ўдараў па галаве. Сказаў: «Запомні мае вочы! Яшчэ раз я цябе на мітынгу пабачу — дамоў да цябе прыйду і ногі пераламаю!»


Быў і крэатыў. Чалябінскім актывістам у Тэлеграме пачалі паступаць паведамленні пра адмену акцый, у якіх гаварылася, што абмеркаванне шэсцяў у чаце прыхільнікаў Навальнага вядзецца «для віду».

001_14.jpeg


Самыя масавыя акцыі, у выніку, прайшлі ў Навасібірску (каля 3000 чалавек):

002_7.jpg

У Маскве (каля 2000 чалавек)

003_8.jpg

 
У Піцеры (каля 1200 чалавек)

004_7.jpg


Агульная колькасць затрыманых па Расіі: 1018 чалавек.
Згодна з рэпартажамі буйных СМІ і фотаздымкамі, як і ў папярэдніх пратэстах істотную частку (калі не большасць) пратэстоўцаў складала моладзь, што даволі дзіўна, улічваючы нагоду, якая, здавалася б, мусіла хваляваць перш за ўсё пенсіянераў і людзей перадпенсійнага ўзросту. Аднак атрымліваецца — і гэта не дзіва — што сённяшнія 14-20-гадовыя расійцы куды больш свядомыя, чым людзі старэйшага ўзросту.
Цікавым феноменам стала аб'яўленне 11 пратэстоўцамі «Бестэрміновага пратэсту» (пазней іх стала 16)

005_3.jpg


Яны сабраліся ля маскоўскага помніка Твардоўскаму ўвечары 9-га , заклікалі жыхароў сталіцы далучацца да іх, прыносіць коўдры і цёплую ежу, і заявілі, што «будуць праводзіць пратэстную акцыю да таго часу, пакуль улады не адменяць рабаўніцкую пенсійную рэформу, а прэзідэнт і ўрад не сыйдуць у адстаўку. Таксама яны патрабуюць правесці люстрацыю дзяржслужачых як прафнепрыдатных для кіравання краінай». Удзень 10 верасня іх затрымалі.
Гэты мікра-майдан сігналізуе пра важную тэндэнцыю. Вынікае, што ён (гледзячы па нешматлікасці і невысокай медыйнай падтрымцы) быў ініцыятывай «на месцах». Ініцыятывай маладзёнаў, для якіх ужо недастаткова проста пахадзіць і пакрычаць, каб выказаць незадаволенасць. Бо такія акцыі адбываюцца адна за адной ужо не першы год, аднак істотных зрухаў у палітычнай сістэме не адбываецца. Пра гатоўнасць маладзёнаў самаарганізоўвацца незалежна ад свайго лідара і не абмяжоўвацца законнымі сродкамі кажа і тое, што ў Піцеры і ў Маскве пратэстоўцы спрабавалі будаваць барыкады, даваць адпор сілавікам. У Піцеры ў нацгвардзейцаў нават кідалі дымавыя шашкі. На аднаго з пратэстоўцаў была заведзеная крымінальная справа за гвалт у дачыненні да паліцэйскага. І хаця на гвалтоўныя дзеянні здольная пакуль што меншасць, трэнд навідавоку: многім цесна ў межах легальнага пратэсту, і быць «хлопчыкамі для збіцця» яны ўжо не хочуць. Таму радыкалізацыя выглядае цалкам верагодным сцэнарам як мінімум для часткі сённяшніх «навальністаў».
Сам Навальны, аднак, на гэты трэнд ніяк не рэагуе, і, хутчэй за ўсё, будзе імкнуцца ўтрымліваць сваіх актывістаў у легальным рэчышчы і надалей. Відэа, выпушчанае ягонай камандай, хаця і поўніцца пратэстным пафасам, аднак, працягвае апеляваць да закону і легальных правоў, якія ў аўтарытарных сістэмах, як вядома, з'яўляюцца толькі фікцыяй.
Чыннікі знешняй і ўнутранай палітыкі, тым часам, складваюцца ў вельмі неспрыяльны для расійскіх эліт пазл. Прымаюцца ўсё новыя санкцыі, эканоміка стагнуе, кошты на нафту не растуць, інфраструктура краіны працягвае дэградаваць, інвестыцыі скарачаюцца. Скрадзены рознымі спосабамі капітал імкліва выводзіцца за межы краіны. На фоне гэтага выдаткі на брацанне зброяй усё падвышаюцца — літаральна зараз Расія праводзіць самыя маштабныя з 1981 года вайсковыя вучэнні, а спіс краін, куды працягнулі рукі расійскія ПВК (накшталт «Групы Вагнера») акрамя Сірыі і Украіны ўжо папоўніўся Суданам і Чадам.
Сотні тысяч і мільёны расійцаў, відавочна, яшчэ скажуць сваё слова на пратэстах, якія будуць куды больш гвалтоўныя, чым пратэсты 9 верасня. І на іх утаймаванне будуць кінутыя дзясяткі тысяч нацгвардзейцаў. Але гэта адбудзецца не раней, чым умовы жыцця насельніцтва пагоршацца шматкроць. Узровень жа ўзаемнай нянавісці, які існуе ўжо сёння, выдатна паказаны дыялогам журналіста і паліцыянта, запісаны «Медузай».

— Куды павязуць людзей у аўтобусе?
— А там хіба людзі?