Украінскага журналіста Сушчанку ў Расіі канчаткова асудзілі на 12 гадоў калоніі
Расійскі суд прызнаў яго вінаватым у шпіянажы. Журналіст сваю віну катэгарычна адмаўляе.

pravda.com.ua
Вярхоўны суд Расіі прызнаў законным прысуд украінскаму журналісту Раману Сушчанку, асуджанаму на 12 гадоў калоніі строгага рэжыму за шпіянаж, перадае Цензор.НЕТ са спасылкай на Інтэрфакс.
«Прысуд Маскоўскага гарадскога суда ад 4 ліпеня 2018 года пакінуць без зменаў, апеляцыйныя скаргі — без задавальнення», — гаворыцца ў рашэнні апеляцыйнай калегіі Вярхоўнага суда РФ.
Такім чынам, прысуд уступіў у сілу i падлягае выкананню.
Перад пачаткам суда Сушчанка заявіў, што разлічвае на абмен, і паабяцаў сям'і, што абавязкова вернецца, паведамляе УНІАН.
«Я разлічваю на абмен, усё залежыць ад перагаворшчыкаў», — сказаў Сушчанка.
Журналіст падкрэсліў, што знаходзіцца ў добрай фізічнай і маральнай форме і гатовы да любога развіцця падзей, у тым ліку да этапавання ў калонію.
Паводле яго слоў, ён займаецца спортам: адціскаецца, прысядае, а з пластыкавых бутэлек зрабіў гантэлі, а яшчэ бегае ў бетонным калодзежы памерам 4 на 4 метры, куды яго выводзяць на «шпацыр».
Таксама Раман перадаў прывітанне жонцы Анжэле.
«Скажы ёй, каб яна трымалася, яна моцная жанчына, перадай, каб яна даглядала за сям'ёй, усё будзе добра, я вярнуся», — сказаў Сушчанка.
4 чэрвеня Масгарсуд прысудзіў ўкраінскага журналіста Рамана Сушчанку да 12 гадоў калоніі строгага рэжыму за шпіянаж (арт. 276 КК РФ).
Нагадаем, ФСБ Расіі 30 верасня 2016 года ў Маскве затрымала карэспандэнта ўкраінскага агенцтва «Укрінфарм» у Францыі Рамана Сушчанку, які прыехаў у Расію па прыватных справах. Яго назвалі «супрацоўнікам украінскай разведкі», які нібыта «мэтанакіравана збіраў звесткі аб дзейнасці ўзброеных сіл і войскаў нацыянальнай гвардыі Расійскай Федэрацыі, якія з'яўляюцца дзяржаўнай таямніцай». Сушчанку прад'яўлена абвінавачанне ў шпіянажы (арт. 276 КК РФ), пакаранне па якім прадугледжвае да 20 гадоў пазбаўлення волі. Падсудны знаходзіцца пад вартай. Сушчанка сваю віну не прызнаў у поўным аб'ёме.
Цензор.НЕТ