Лукашэнка будзе кіраваць да 2025 года? Як у Расіі бачаць будучыню Беларусі

Расія зацікаўленая, каб Лукашэнка перадаў уладу іншай асобе як можна раней і павінна быць гатовая да «крымскага варыянту» адносна Беларусі, гаворыцца ў выданні «Свет у XXI стагоддзі: прагноз развіцця міжнароднай абстаноўкі па краінах і рэгіёнах», паведамляе «Белсат».

516eaade_2d54_46f3_a03f_85d0690c4eae_cx0_cy7_cw0_w1023_r1_s_logo_1.jpg

Кніга падрыхтаваная аўтарамі з Цэнтра ваенна-палітычных даследаванняў Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін (МГИМО) – ключавой профільнай кузні кадраў для расійскага Міністэрства замежных спраў.

«Лукашэнка – таемны нацыяналіст»

Каб захаваць сваю ўладу, кіраўнік Беларусі будзе тармазіць інтэграцыю краіны з усходнім суседам, а таксама «працягне ўкараненне ў краіне літвінскага нацыяналізму як супрацьвагу агульнарасійскаму адзінству», гаворыцца ў выданні афіцыйнага падраздзялення МЗС РФ, якім з’яўляецца МГИМО.
Кіруе Цэнтрам ваенна-палітычных даследаванняў Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносін Аляксей Падбярозкін – прафесар, былы прарэктар інстытута па навуковай працы, спецыяліст па пытаннях бяспекі і ваеннай палітыкі. У складзе экспертаў Цэнтра – «навукоўцы, прадстаўнікі ваенна-прамысловага комплексу, Міністэрства абароны Расіі і Міністэрства замежных спраў Расіі», гаворыцца на сайце ўстановы.

Пад «літвінскім нацыяналізмам» тут, відаць, маецца на ўвазе класічны беларускі нацыяналізм, які лічыць Вялікае Княства Літоўскае адной з крыніцаў беларускага этнагенезу і беларускай дзяржаўнай традыцыі. Гэткая скажоная тэрміналогія характэрная для імперскіх расійскіх шавіністаў, якія не прызнаюць права беларускай нацыі на незалежнае існаванне.

«З гэтай жа прычыны (каб захаваць неабмежаваную ўладу) Лукашэнка будзе працягваць манеўраваць паміж Расіяй і Захадам, але атрымаць якіх-небудзь сутнасных фінансавых уліванняў у беларускую эканоміку з боку ЕЗ і ЗША не зможа», – гаворыцца ў кнізе.

Адпаведна, па меркаванні маскоўскіх экспертаў, у Беларусі будзе расці сацыяльна-эканамічная напружанасць, а таксама будзе паступова фармавацца падпольная сетка баявікоў-нацыяналістаў, якія будуць гатовыя выступіць супраць уладаў са зброяй.

Навошта «баявікам-нацыяналістам» выступаць супраць уладаў, а «заходнім цэнтрам, якія вядуць гібрыдную вайну супраць Расіі», іх падтрымліваць, калі Лукашэнка і так (па меркаванні «экспертаў») праводзіць нацыяналістычную палітыку – незразумела. Але гэтае пытанне аўтараў кнігі не турбуе.

Прарасійскі кандыдат – або «крымскі варыянт»

Такім чынам, згодна з канцэпцыяй аўтараў, палітыка Лукашэнкі будзе ўмацоўваць тыя сілы ў беларускім грамадстве, якія і будуць арганізоўваць «будучы мінскі майдан». У той жа час усе прарасійскія рухі і арганізацыі будуць здушаныя, у сувязі з чым «там не будзе сфармаваная арганізаваная палітычная сіла, якая здольная супрацьстаяць націску празаходняй апазіцыі».

Па меркаванні расійскіх «экспертаў», Лукашэнка перадасць уладу пераемніку да 2025 года. Таксама ён можа проста згубіць уладу ў выніку масавых акцый пратэсту. Калі пасля Лукашэнкі ўладу не атрымае расійскі стаўленік, Масква не выключае сілавога варыянту – інтэрвенцыі расійскіх войскаў, як гэта адбылося ў Крыме.
«Расія павінна быць гатовая да такога развіцця падзей і мець адпаведны план дзеянняў па прыкладзе таго, што было зроблена ў Крыме ў 2014 годзе», – пішуць людзі, якія маюць голас у расійскай вонкавай палітыцы.
Так ці інакш, чым хутчэй Лукашэнка згубіць уладу, тым Маскве лепей.
«Таксама ў інтарэсах Масквы, каб перадача ўлады ў Беларусі адбылася як мага раней, інакш прыход да ўлады прарасійскіх сіл будзе ўсё складаней забяспечыць мірным шляхам», – пішуць аўтары.

У планах – далучэнне Беларусі да Расіі?

Такім чынам, сілаю ці ўмоўным «мірным шляхам» да ўлады ў Беларусі прыходзіць адкрытая прарасійская марыянетка, якая вядзе да страты суверэнітэту краіны.

«Пасля 2025 года пачнецца паглыбленая інтэграцыя Расіі і Беларусі, як у межах Еўразійскага эканамічнага звязу, гэтак і Саюзнай дзяржавы. Аднак гэта адбудзецца толькі ў тым выпадку, калі Масква забяспечыць перадачу ўлады ў Беларусі прарасійскаму кандыдату. Пры гэтым сцэнары можна чакаць, што да 2050 года інтэграцыйныя працэсы зойдуць настолькі далёка, што паўстане пытанне пра далучэнне Беларусі да Расіі», – заключаюць эксперты афіцыйнай структуры МЗС РФ.

Выданне было апублікаванае выдавецтвам «МГИМО-Университет» у 2018 годзе.

Андрэй Бабініч, belsat.eu