Беларусь аказалася сярод самых неэмацыйных краін свету. ІНФАГРАФІКА
Пазітыву — як у Іраку. 4 з 10 апытаных у Беларусі не мелі цягам дня ні пазітыўных, ні негатыўных эмоцый Такая ж сітуацыя ў Азербайджане і Емене, перадае Радыё Свабода.
Інстытут Гэлапа расказаў пра вынікі даследавання Global Emotions Report 2018 года.
Людзей са 147 краін спыталі, як прайшоў іх дзень: ці ўчора добра адпачылі, шмат усміхаліся, даведаліся нешта цікавае, адчувалі павагу іншых, перажылі боль, стрэс, сум, злосць?
Тэлефонныя і асабістыя апытанні праводзіліся ў 2017 годзе сярод людзей, старэйшых за 15 год, па 1000 чалавек на краіну. Апытанні не праводзіліся ў Анголе, Папуа — Новай Гвінеі, Паўночнай Карэі, Самалі, Судане і некаторых іншых краінах.
«Як справы? Нічога»
Найбольш пазітыўных адказаў было ў Парагваі, Калумбіі, Эль-Сальвадоры і Гватэмале (Паўднёвая Амерыка наогул самая пазітыўная частка свету). Найбольш негатыўных — у Цэнтральнай Афрыканскай Рэспубліцы, Іраку, Паўднёвым Судане, Чадзе і Сьера Леонэ.
Беларусь аказалася сярод самых безэмацыйных краін — няшмат было ні пазітыўных, ні негатыўных адказаў. Па ўзроўні пазітыву Беларусь суседнічае з Іракам, Егіптам, Сербіяй і Чарнагорыяй, па негатыве — з Балгарыяй, Маўрыкіем, Нідэрландамі і Новай Зеландыяй. Аж 4 з 10 апытаных не давалі ні пазітыўных, ні негатыўных адказаў — такая ж сітуацыя ў Азербайджане і Емене.
Сумарны «рэйтынг пазітыву» ў свеце не асабліва змяніўся за апошнія 10 гадоў: вагаўся на ўзроўні 68–71 «балу станоўчага досведу», 69 балаў у апытанні 2017 года. Ды «рэйтынг негатыву» падскочыў: калі ў 2007-м было 23 «балы адмоўнага досведу», у 2008–2011 гадах 24, то пасля «негатыў» стаў расці, дасягнуўшы 30 балаў у 2017-м.
Што гэта ўсё значыць, навукоўцы не ведаюць дакладна. У самых негатыўных краінах, зразумела, найбольш праблем. Але самыя пазітыўныя — далёка не самыя заможныя або стабільныя.
Самыя безэмацыйныя — вельмі разнастайныя (Расія і Манголія суседнічаюць з Нідэрландамі і Швецыяй). Верагодна, адказы залежаць не толькі ад фактычнага стану чалавека, але і ад культуры і традыцыяў краіны, пішуць даследчыкі.
Радыё Свабода