«Remember, Remember the 5th of November». Парахавая змова ў карыкатурах
5 лістапада адзначаецца ў Англіі як Дзень парахавой змовы. Свята настолькі папулярнае, што даўно стала крыніцай натхнення для аўтараў шматлікіх карыкатур.
Наогул «»«»«»гісторыя паходжання свята дастаткова змрочная. 5 лістапада 1605-га група каталікоў-змоўшчыкаў на чале з Гаем Фоксам планавала ўзарваць будынак парламента падчас троннай прамовы караля. З гэтай мэтай у склеп пад парламентам былі пранесены бочкі з порахам. Аднак у ноч з 4 на 5 лістапада адбыўся дбайны ператрус будынка, у выніку якога Гай Фокс быў знойдзены і схоплены. Яго і астатніх змоўшчыкаў публічна павесілі, а сцэну пакарання тут жа выявілі на гравюрах. Вось адна з іх.

Доўгі час 5 лістапада адзначалі як нейкае дастаткова сур'ёзнае дзяржаўнае свята выратавання манарха і спынення буйнога тэракту. Тэматычныя карыкатуры таксама былі сур'ёзнымі. Напрыклад, часопіс Punch прыкладна ў 1850-м высмеяў актывізацыю Касцёла ў Вялікабрытаніі карыкатурай, на якой Рымскі Папа падобна Гаю Фоксу складае ў падвале парламента выбуховыя матэрыялы. Праўда, гэта не бочкі з порахам, а мітры каталіцкіх святароў, якіх ён збіраецца прызначыць у ангельскія гарады.

Паступова склалася традыцыя спальваць 5 лістапада пудзіла Гая Фокса і запускаць ракеты. Паколькі ўсё гэта праходзіла ў вясёлай атмасферы, з цягам часу свята дэпалітызавалася. Сёння 5 лістапада хутчэй проста дзень феерверкаў, аб чым сведчаць карыкатуры. На гэтым малюнку жонка збіраецца запусціць мужа ў неба на набытай ім да свята ракеце, якая занадта дорага абышлася сямейнаму бюджэту.

Вялікая колькасць малюнкаў іранізуе над змоўшчыкамі. Напрыклад, на гэтай карыкатуры Гай Фокс просіць агеньчыку ў ахоўнікаў парламента.

А на гэтай карыкатуры абыгрываецца знакаміты прысвечаны святу верш "Remember, remember 5th day of November” (англ.: "Памятай, памятай дзень 5 лістапада"). Гай Фокс робіць для сабе нататку: «Памятай, памятай, што трэба купіць порах».

Фурор фільма-антыўтопіі «V значыць Вендэта» (2006), у якой супернік быццам існуючага ў Англіі таталітарнага рэжыму выяўлены ў масцы Гая Фокса, зрабіла саму маску папулярным сімвалам ананімнага супраціву. Напрыклад, нехта выявіў, як маску Гая Фокса прымярае Чэ Гевара.

Ну і, нарэшце, мастакі выкарыстоўваюць папулярны сюжэт, каб высмеяць сёлетнія палітычныя працэсы. Напрыклад, выданне Times летась надрукавала малюнак, на якім Гай Фокс вонкава нагадвае прэм'ера Борыса Джонсана. Ён не можа падпаліць бочкі з порахам, паколькі моцна п'яны. Намёк на вядомыя вечарыны ў рэзідэнцыі прэм'ера ў разгар нядаўняй эпідэміі.

Не прайшлі мастакі міма тэмы парахавой змовы і сёння. Так, у выпуску за 5 лістапада 2023-га The Sunday Times змяшчае карцінку пра жадаючых падарваць парламент змоўшчыкаў. Праўда, мастак дае зразумець, што цяпер порах для падрыву ўрада Брытаніі зусім не патрэбны: дастаткова бочак з вацап-перапіскай дэпутатаў, чыя нядаўняя публікацыя выклікала сапраўдны выбух у грамадстве.
