Рэвалюцыя без цюльпанаў

Хто ведае кіргізаў лепш, чым іх суседзі. Агляд матэрыялаў СМІ Сярэдняй Азіі, якія прысвечаны апошнім падзеям у Бішкеку.

У той час, калі «Euronews» выкладаў навіны з Кыргызстану пад грыфам «breaking news» (тэрмінова), практычна ўсе тэлеканалы Казахстана і Узбекістана старанна абыходзілі падзеі, што адбываліся побач.



49c0b9d84c2a16fcaf9d25694fda75e1.jpg

Хто ведае кіргізаў лепш, чым іх суседзі. Агляд матэрыялаў СМІ Сярэдняй Азіі, якія прысвечаны апошнім падзеям у Бішкеку.
У той час, калі «Euronews» выкладаў навіны з Кыргызстану пад грыфам «breaking news» (тэрмінова), практычна ўсе тэлеканалы Казахстана і Узбекістана старанна абыходзілі падзеі, што адбываліся побач.
Казахская радыёстанцыя «Свабода» наступным чынам апісвае падачу матэрыялаў у вячэрнім блоку навін нацыянальнага тэлеканала «Казахстан» увечары 7 красавіка: «Першымі былі сюжэты пра візіт у Казахстан Пан Гі Муна, яго ўзнагароджанне ордэнам «Достык», матэрыял пра візіт прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча і нават пра продаж сапсаванага мяса ў Семее. 28-секундны сюжэт з Кыргызстану быў паказаны пасля навін з Тайланда, дзе апазіцыя больш за месяц блакуе цэнтральныя вуліцы Бангкока».
На наступны дзень, калі замоўчваць рэвалюцыю ў Кыргызстане было ўжо немагчыма, відэаматэрыялы з месца падзей сталі даваць з купюрамі. Напрыклад, у ходзе мантажу прыбралі знакавыя кадры маладога чалавека з маскай на твары, які страляе з аўтамата, а таксама кадры страшнага самасуду над жаўнерамі спецназу і афіцэрамі міліцыі на вуліцах Бішкеку.
З іншага боку ацэнкі падзей у Бішкеку ў матэрыялах дэмакратычных і незалежных СМІ пазбаўленыя аптымізму, які быў характэрны для іхніх каментараў «рэвалюцыі цюльпанаў» 2005 года. Аналіз і ацэнка падзей з пазіцый гуманізму, а не палітыкі, выйшлі на першае месца.
«Калі мы пачалі пісаць гэты калектыўны артыкул, — чытаем на сайце «Фергана.ру», — то кожны з нас задаў сабе пытанне, на якое пакуль няма адказу: хто адкажа за смерці маладых хлопцаў на цэнтральнай плошчы ў Бішкеку? Напэўна, ніякая рэвалюцыя не здараецца без бунту, без трагедыі, без крыві. Аднак «другая кіргізская» зацьміла «першую». Можна змяніць уладу. Можна змяніць кіраўніцтва краіны. Можна вызваліць палітычных вязняў. Можна аднавіць разбураную плітку на ходніках горада. Можна кампенсаваць страты ўласнікам разрабаваных крам. Але нельга вярнуць жыцці тым, хто загінуў 7 красавіка, што б мы ўсе ні казалі пазней».
Стрымліваючы эмоцыі, журналісты паспрабавалі высветліць прычыны таго, што здарылася. Выдзяляюць сістэмныя і тактычныя правалы рэжыму Бакіева. Аднак не здымаюць віны і з апазіцыі: «Цалкам не паспрабаваўшы выкарыстаць хоць нейкія з магчымых шляхоў пошуку кампрамісу, улада і апазіцыя ў Кыргызстане нечакана рэзка перайшлі да адкрытага «баявога» супрацьстаяння» («Зона.кз»).
СМІ пішуць і пра памылкі Бакіева: «Можна хоць тройчы ўводзіць надзвычайнае становішча і каменданцкую гадзіну, але калі ёсць людзі, якім абрыдла ўлада, — гэта ўсё безвынікова. Яшчэ раніцай 6 красавіка ніхто не мог прагназаваць, што жалезабетонны рэжым прэзідэнта Курманбека Бакіева можна будзе так лёгка расхістаць. Увечар 6 красавіка з’явіліся першыя думкі, што рэжым упадзе, але ніхто не думаў, што праз суткі ўсяго краіна апынецца ў руках натоўпу маладых хлопцаў, якія не ўцякаюць ад куль спецназу. Адцягнуўшы чарговы труп удзельніка мітынгу, яны зноў кідаюцца на штурм «Белага дому». Кіргізы ў чарговы раз давялі, што хаваць ад народу праўду можна толькі да пэўнага часу. Высветлілася, што просты чалавек усё ведае — і пра палітычныя рэпрэсіі, і пра распродаж стратэгічных прадпрыемстваў» («Казтаг»).
Яшчэ адна папулярная версія: Бакіеў аказаўся клонам Акаева. Згаданая вышэй «Зона.кз» піша: «Бакіеў шмат у чым паўтарыў памылкі свайго папярэдніка. Пасля падзей 2005 года палітычна падтрыманы Захадам Кыргызстан на доўгі час страціў устойлівасць свайго развіцця і ўступіў у паласу глыбокіх узрушэнняў, як вонкавых, так і ўнутраных. Бакіеў не змог пралічыць «кіргізскую формулу» і паўтарыў шматлікія памылкі Акаева, праігнараваўшы сістэмныя правалы ранейшага кіраўніцтва, узмоцненыя сусветным фінансава-эканамічным крызісам».
Не абышлося без версіі змовы. Былы прэзідэнт Кыргызстана Аскар Акаеў, які цяпер пражывае ў Маскве, абвінаваціў ва ўсім амерыканскія спецслужбы. Ён сцвярджае, што, магчыма, наступным кіраўніком Кыргызстана можа быць абраны сын таго ж Бакіева Максім. Зараз Максім Бакіеў удзельнічае ў працы эканамічнага форума ў Вашынгтоне.
У матэрыялах па свежых слядах падзей не раз і не два гучала меркаванне, што «рэвалюцыя» па-кіргізску яшчэ не скончылася, што яна працягваецца. «Скончыўся другі дзень чарговай кіргізскай рэвалюцыі, — гаворыцца ў артыкуле, змешчаным на сайце «Казахстан сегодня». — Забітыя і цяжка параненыя людзі, па вуліцах гарадоў блукаюць агрэсіўныя п’яныя натоўпы, марадзёры рабуюць хаты і крамы. Апазіцыя прыйшла да ўлады — і адразу ж пачала яе дзяліць. Прэзідэнт Бакіеў знік. Поўдзень краіны маўчыць. Яшчэ нічога не скончылася».
Аднак тыя, хто думае, што рэвалюцыя перамагла, не маюць ілюзій. «Калі ў самы бліжэйшы час амаль бескантрольную вуліцу не атрымаецца перавесці ў цывілізаванае рэчышча палітычных дыскусій, то Кыргызстан чакае вельмі і вельмі «вясёлае» лета», — адзначае «Фергана.ру».
Зрэшты, не ўсё так дрэнна. «Усіх нас супакойвае толькі адна думка, — гаворыцца далей, — магчыма, гісторыя дае Кыргызстан другі шанец выправіць ўсё і нарэшце паспрабаваць пабудаваць нармальную дзяржаву?»
Не выключаны, аднак, і самы цікавы сцэнар: вяртанне да ўлады былога прэзідэнта Акаева, пры якім, у параўнанні з цяперашнімі часамі, усё ж было больш спакойна. У адным з каментараў чытаем: «Толькі дарма яны Акаева скінулі, пры ім хоць спакойна было і кошты звычайныя былі, хаця і ён краў са сваёй сямейкай».