Руская служба «BBC» больш не будзе пісаць «Белоруссия»
З 16 студзеня Руская служба «BBC» адмовілася ад ужывання слова «Белоруссия». Але ў гэтым ВВС просіць "не шукаць палітычнай падаплёкі".
Учора ў рэдакцыйным артыкуле рускай службы «BBC» былі праанансаваныя змены, датычныя ўжывання назваў краінаў. Падаем змест артыкула Фаміля Ісмаілава ніжэй.
“З сённяшняга дня мы вырашылі змяніць тое, як мы называем у нашых артыкулах некаторыя краіны былога СССР. Беларусія становіцца Беларуссю, Кіргізія — Кыргызстанам, Туркменія — Туркменістанам, Малдавія — Малдовай і гэтак далей.
Спрэчкі вакол гэтага выбару хадзілі вельмі даўно. Пасля развалу Савецкага Саюза былыя рэспублікі, а цяпер незалежныя краіны памянялі назвы. Друкаваліся новыя мапы, ставіліся новыя дарожныя знакі, а журналістам даводзілася вырашаць, як называць гэтыя дзяржавы.
У сваіх артыкулах мы прытрымліваліся агульна ўжываных у рускай мове назваў, зафіксаваных яшчэ ў савецкіх падручніках. З тапанімікай гэта яшчэ неяк працавала. Але з назвамі краінаў аргумент «усе заўсёды так пісалі» з часам станавіўся ўсё слабейшы, асабліва калі новыя і старыя назвы сталі ўжывацца з аднолькавай частатой.
Надышоў час, калі новыя назвы краінаў сталі не толькі часткай афіцыйных дакументаў і матэрыялаў сродкаў масавай інфармацыі, але і перавагай карыстальнікаў пошукавых сістэмаў.
Акрамя трэндаў у пашукавіках, мы звярнуліся да дакументаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, дзе таксама зафіксаваныя новыя назвы краінаў постсавецкай прасторы.
Для нас, журналістаў, важна, каб нашы навіны даходзілі да свайго адрасата, каб іх лёгка было знайсці і зручна чытаць. Мы лічым, што палітычныя перавагі прыхільнікаў і праціўнікаў той ці іншай назвы не павінныя ўплываць на працу журналістаў.
Таму мы прапануем нашым чытачам не шукаць палітычнай падаплёкі ў тым, якая — савецкая ці постсавецкая — назва краіны выкарыстаная ў нашым матэрыяле, а глядзець у корань: пра што гаворыцца ў навіне, артыкуле і відэа, якія вы чытаеце і глядзіце на нашым сайце і, спадзяюся, будзеце працягваць гэта рабіць.
Паводле belsat.eu