Каму пагражае «Джокер»?

Калі верыць шматлікім заходнім медыя, увесь свет знаходзіцца на парозе хвалі гвалту і тэрору, які правакуе фільм «Джокер».

 Фота www.gazeta.ru

 Фота www.gazeta.ru


«Новы Час» ужо згадваў кур’ёзныя публікацыі ў заходніх СМІ наконт таго, што стужка «Джокер» можа справакаваць цнатлівых мужчынаў на акцыі гвалту. Аднак высвятляецца, што сітуацыя з тым фільмам сапраўды сур’ёзная.

Аказваецца, яшчэ напярэдадні прэм’еры ФБР заклікала амерыканскіх сілавікоў быць больш пільнымі як мінімум падчас паходаў у кінатэатры. На думку ФБР, сцэны на экране здольныя падштурхнуць неадэкватнага гледача, які знаходзіцца ў кіназале, пачаць страляць па людзях. Прычым найперш пад агонь могуць трапіць менавіта сілавікі і чальцы іх сем’яў. Забараніць дэманстрацыю «Джокера» ў кінатэатрах заклікалі родныя тых амерыканцаў, хто раней стаў ахвярай вар’ятаў, якія стралялі па людзях.

Ці сапраўды стужка рэжысёра Тода Філіпса нясе такую маштабную пагрозу грамадскай бяспецы? Што можа быць крамольнага ў гісторыі клоуна Артура Флейка, у якога праз жыццёвыя праблемы, што называецца, «паехаў дах»? Выхад з крызісу герой, ролю якога выканаў акцёр Хаакін Фенікс, шукае ў нематываваных забойствах.

Як мінімум два эпізоды ў мінулай гісторыі Злучаных Штатаў сапраўды прымушаюць прыслухацца да тых, хто баіцца «Джокера». Захапленне гэтым персанажам у фільме «Цёмны рыцар» у 2012 годзе натхніла Эліята Роджэра адкрыць агонь па наведвальніках кінатэатра студэнцкага кампусу ў Санта-Барбары (Каліфорнія). У сувязі з гэтым сям’я Эліята нават спрабавала дамагчыся ад кінастудыі Warner Bros. прыпыніць здымкі фільма. Пратэстуюць супраць фільма і праціўнікі свабоднага продажу зброі.

Варта таксама ўзгадаць, што Барак Абама ў 2016 годзе казаў: тэрарысты групоўкі «Ісламская Дзяржава» адкрыта капіруюць стыль Джокера ў «Цёмным рыцары», змагаючыся адначасова супраць крымінальнай эліты і палітычнага істэблішменту, што забяспечвае ім папулярнасць.

Па-другое, фабула «Джокера» нагадвае сюжэт іншага культавага фільму — «Таксіст» (1976 года), дзе Роберт дэ Ніра выконвае ролю таксіста — ветэрана В’етнамскай вайны, які на глебе псіхічных хваробаў пачынае «чысціць горад ад бруду». Вядома, што фанатам «Таксіста» быў у тым ліку Джон Хінклі, які, капіруючы героя дэ Ніра, страляў у прэзідэнта Рэйгана ў 1981 годзе.

У прэсе акрэсліваць як мінімум тры катэгорыі людзей, якія пабачаць у фільме Тода Філіпса нейкі маніфест. Першая — гэта людзі, якія адчуваюць сябе не рэалізаванымі ў жыцці, недаацэненымі атачэннем. Стужка, маўляў, актывуе іх устаноўку на гвалт, прапануючы небяспечны рэцэпт выхаду з экзістэнцыяльнага крызісу. «Я мяркую, што мая смерць будзе мець больш сэнсу, чым жыццё», — піша ў сваім дзённіку на экране Артур Флэйк.

Другі адрасат фільму — актыў радыкальных палітычных антысістэмных рухаў. На экране клоун выпадкова забівае нейкіх мажораў, чым выклікае масавы народны рух «Забі заможнага».

Нарэшце, фільм адразу спадабаўся змагарам за белую расу. Тое, што герой Хаакіна Фенікса беласкуры, на іх думку, не выпадкова. Пакуты клоуна прапануецца разглядаць як метафару адчужанасці сучаснага белага чалавека ад грамадства, дзе пануе ідэалогія фемінізму і мультыкультуралізму.

У любым выпадку, стужка выклікае відавочную сімпатыю на адрас асобы з псіхічнымі праблемамі, які вырашае свае комплексы шляхам забойстваў.

Панікёрам апаніруе група кінакрытыкаў і культуролагаў, паводле якіх падбухторваць да гвалту ў рэальным жыцці можа ўсё што заўгодна. Не кажучы пра тое, што сучасны глядач цудоўна разумее розніцу між падзеямі на экране і сапраўдным жыццём, якое пачынаецца пасля заканчэння сеансу. На іх думку, прагляд карціны выклікае не імкненне забіваць, а выключна пачуццё жалю наконт лёсу Артура Флейка. Гэта ўскосна пацвярджаецца тым, што за першую дэкаду пракату «Джокера» ў кінатэатрах ніякіх гвалтоўных інцыдэнтаў на глебе прагляду стужкі не фіксавалася.

Акрамя таго, такія абвінавачванні на адрас фільмаў — не першыя. «Завадны апельсін» Стэнлі Кубрыка прыбралі з кінатэатраў, паколькі моладзь пачала пераймаць стыль хуліганаў на экране. Аўтарам «Прыроджаных забойцаў» выстаўлялі іскі за тое, што фільм, маўляў, натхняў на злачынствы.

Аднак чакаць крывавай Ніягары, якую, маўляў, выклікае «Джокер», не варта. Таму можна не панікаваць, а рыхтавацца да цырымоніі ўручэння прэміі «Оскар», які стопрацэнтна свеціць аўтарам і акцёрам «Джокера» пасля цяперашняга фурору. Акрамя інтарэсу кінакрытыкаў, стужка толькі ў Злучаных Штатах і Канадзе за першы ўік-энд атрымала 80 мільёнаў долараў. Праўда, усе дапускаюць, што ў выпадку нейкага форс-мажору, які могуць арганізаваць паслядоўнікі Артура Флэйка, атрымаць запаветную статуэтку будзе дастаткова цяжка. Некаторыя сябры журы кажуць, што «Оскар» для фільма з такім супярэчлівым падтэкстам будзе праявай безадказнасці.