Што будзе з Украінай?

Па выніках парламенцкіх выбараў 26 кастрычніка ва Украіне ў публікацыях і каментарах украінскіх палітолагаў сфармавалася чатыры асноўныя сцэнары далейшага развіцца падзей у краіне. Які спраўдзіцца?



57n_10.jpg

Пазітыўны сцэнар

Асноўны тэзіс прадстаўнікоў пазітыўнага сцэнару — пасля выбараў 26 кастрычніка ўкраінцы атрымалі фантастычны шанец на правядзенне глыбокіх і часам, магчыма, вельмі балючых рэформаў, якія дазволяць краіне імкліва парваць з саўковым і карумпаваным мінулым ды і адчыняць шлях у Еўропу.

Пра патэнцыял магчымага прарыву перш за ўсё сведчыць унікальны склад дэпутацкага корпусу новай Вярхоўнай Рады. Каментатар Віктар Портнікаў адзначае: «Я бачу першы сапраўдны ўкраінскі парламент за ўсе гады незалежнасці. У апошнія 23 гады ва ўкраінскім парламенце ўвесь час ішла барацьба паміж тымі сіламі, якія выступалі за пабудову незалежнай еўрапейскай суверэннай дзяржавы, і тымі палітычнымі сіламі, якія, па-сутнасці, былі калабарацыяністамі і здраднікамі, агентамі Крамля, людзьмі на ўтрыманні ва Уладзіміра Пуціна і іншых. Цяпер у новым парламенце падобныя палітычныя сілы амаль не прадстаўленыя».

Аптымісты таксама звяртаюць увагу на тое, што па выніках галасавання ўдалося захаваць тандэм Яцанюк—Парашэнка. «Яшчэ адзін момант звязаны з выдатнымі вынікамі Блока Парашэнкі і «Народнага фронту». У нас ужо практычна гатовая кааліцыя. Гэта добры сігнал для нашых замежных партнёраў, якім не трэба будзе прыглядацца да новага прэм’ера, ды і самому прэм’еру не патрэбны час на засваенне ў новай пасадзе, ён проста працягне працаваць», — лічыць палітолаг  Анатоль Фесенка. Іншымі словамі, ёсць перадумовы, што Украіна сапраўды выканае прапанаваны прэзідэнтам план рэформаў, які ў выпадку рэалізацыі дазволіць краіне ўжо ў 2020 годзе адпавядаць усім крытэрам краіны-кандыдата ў ЕС.

Памяркоўна-пазітыўны сцэнар

Трэба прызнацца, што энтузіязм Фесенкі або Портніка ўласцівы малой фракцыі ўкраінскіх палітолагаў і аналітыкаў.

Значна больш папулярная думка пра тое, што праеўрапейскі па рыторыцы парламент на самай справе акажацца не здольным кінуць выклік карупцыі і алігархату.

 Прынамсі, такога погляду трымаецца дырэктар Міжнароднага інстытута дэмакратыі Сяргей Таран. «Упершыню ва ўкраінскай гісторыі ў парламенце не будзе тэмаў, якія заўсёды расколвалі грамадства — мова, культура, куды мы рухаемся — у NАТО ці ў Расію. У парламенце цяпер будзе выразная праеўрапейская большасць — і гэта адлюстроўвае настроі ўкраінскага грамадства. Але на гэтым аптымізм заканчваецца», — адзначае Таран. На яго думку «антыалігархічныя тэндэнцыі Майдана ў новым парламенце ў выніку не праявіліся»: «Наадварот, улада грошай узмацнілася. Каб зразумець, хто з алігархаў «лялькавод» таго ці іншага палітычнага праекту ці «лідара», ужо не трэба быць палітычным аналітыкам — усё на паверхні».

Аднак пры гэтым той жа Таран і іншыя палітолагі не губляюць надзеі на тое, што праеўрапейскі вектар ва ўкраінскай палітыцы застанецца дастаткова паслядоўным. Базай для аптымізму ёсць настроі ў грамадстве. Асаблівасцю сітуацыі, калі верыць парталу «Захід», з’яўляецца тое, што «публіка больш не жадае чакаць, калі начальства вызначыцца з рэформамі». «Гэта даволі рэдкая сітуацыя, калі рэформаў прагнуць самыя звычайныя людзі. Зразумела, што пра сутнасць гэтых рэформаў публіка мае самае аддаленае ўяўленне, але факт ёсць факт. Нацыя не жадае быць пасіўнай ахвярай, аб’ектам для маніпуляцый улады. У такой атмасферы сабатуючая рэформы новая Вярхоўная Рада можа доўга не праіснаваць. Яе зменіць больш рэфармісцкая», — піша «Захід».

Памяркоўна-негатыўны сцэнар

Адпраўная кропка аўтараў і адэптаў гэтага сцэнару — патавая сітуацыя, які склалася ў новым парламенце. Палітолаг Міхаіл Паграбінскі піша: «Галоўны парадокс гэтых выбараў складаецца ў тым, што тыя, хто больш за ўсё на іх настойвалі, жаданага не атрымалі. Не сакрэт, што рухавіком датэрміновага роспуску парламента быў Пётр Парашэнка, які разлічваў канверсаваць свой прэзідэнцкі рэйтынг у мандаты. Адначасна ставілася мэта пазбавіцца ад Яцанюка і сфармаваць Кабмін, што быў бы здольны больш эфектыўна весці перамовы з Крамлём, а таксама разбурыць амбіцыі і фінансавыя апетыты Каламойскага, які будуе сваё аўтаномнае ад Кіева княства ў Днепрапятроўску».

Аднак у выніку «аднапалярны свет» у новай Радзе так і не паўстаў, не кажучы ўжо пра электаральную катастрофу самога Парашэнкі, які страціў за чатыры месяцы 30 працэнтаў выбаршчыкаў.

Цяпер Блок Парашэнкі і «Народны фронт» маюць дзве прыблізна роўнавялікія фракцыі, што значыць непазбежнасць кааліцыі. Цяжка сказаць, наколькі ўстойлівы будзе іх саюз, калі пры прыняцці кожнага рашэння сябрам аб’яднання прыйдзецца дамаўляцца. У падобнай сітуацыі не выключана, што ўкраінцаў чакае новы эпізод вядомай драмы «прэм’ер супраць прэзідэнта», якую краіна апошні раз назірала ў 2008–2009 гадах, калі моцна пацапаліся Юшчанка і Цімашэнка. Вынікам іх разборкі стаў паралюш улады, крызіс аранжавых, татальнае расчараванне электарату ў праеўрапейскіх сілах і, нарэшце, лагічная перамога Партыі рэгіёнаў (у абноўленай версіі ролю Партыі рэгіёнаў можа згуляць Апазіцыйны блок, які змог акумуляваць ядро выбаршчыкаў Партыі рэгіёнаў).

Негатыўны сцэнар

Вынікам рэалізацыі гэтага сцэнару будзе значнае паслабленне канструкцыі ўкраінскай дзяржаўнасці з усімі наступствамі. Гэта можа быць следствам дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі, для чаго, на думку тых, хто падзяляе такі сцэнар, ствараюцца ўсе перадумовы.

«Кааліцыя БП і «Народнага фронту» з прэм’ерствам Яцанюка азначае кансервацыю цяперашняй сацыяльна-эканамічнай і знешняй палітыкі краіны, — лічыць палітолаг Канстанцін Бандарэнка. — Гэта азначае, што з Расіяй мы наўрад ці дамовімся па газе і ўзімку будзем мерзнуць у кватэрах і сядзець без гарачай вады. Гэта азначае, што па патрабаванні МВФ урад працягне павялічваць тарыфы і падаткі, пры гэтым падразаючы сацвыплаты. У выніку эскалацыя сацыяльных пратэстаў проста непазбежная, нават калі вайна будзе адцягваць частку ўвагі грамадства ад сацыяльна-эканамічных праблем».

Песімісты таксама нагадваюць, што на апошніх выбарах была зафіксаваная самая нізкая яўка. Як след, характар бунту будзе дэструктыўны для дзяржаўных устаноў: «Мільёны незадаволеных не вераць у выбарчыя механізмы. І тут хаваецца таксама патэнцыйная пагроза для краіны — па меры пагаршэння сацыяльна-эканамічнага становішча гэта незадаволенасць можа знайсці свой выраз па-за сценамі парламента».

Сам пратэст паводле большасці публікацый можа набыць фармат путчу вайсковых частак і так званых добраахвотных батальёнаў, камбаты якіх публічна пагражаюць урадавым чыноўнікам. Магчыма і новая рэдакцыя на месцах тутэйшых ДНР. З улікам таго, што безумоўным лідарам электаральнага байкоту апошніх выбараў стаў усход краіны, няма ніякіх сумневаў, што градус сепаратызму ў выпадку сацыяльнага калапсу пойдзе ўверх.

Застаецца дадаць, што самі аматары апакаліпсічнай тэорыі прызнаюць: апатыя насельніцтва вельмі моцная, каб чакаць такіх пратэстаў раней за вясну. Так што ва ўкраінскай эліты ёсць час прааналізаваць усе прагнозы палітолагаў і  не дапусціць негатыўных сцэнараў.