Сусветныя цікавосткі: Лацінаамерыканцы-неанацысты — парадокс, новы ўдар па тытуні, невядомыя дысідэнты з Гомеля
Незвычайная з'ява ў ЗША: лацінаамерыканцы становяцца ультраправымі неанацыстамі. Украіна мела ўсе шанцы захапіць Маскву, але імі не скарысталася — меркаванне. Канада рыхтуе моцны ўдар супраць палення. Новае імя ў гісторыі дысідэнцкага руху БССР. Пра ўсё гэта — у новым выпуску сусветных цікавостак.
Феномен ультраправых лацінаамерыканцаў у ЗША
Палітолагі ЗША фіксуюць незвычайную з'яву — усё часцей удзельнікамі праварадыкальных і неанацысцкіх груп у Штатах становяцца грамадзяне ЗША лацінаамерыканскага паходжання. І за прыкладам далёка хадзіць не трэба. Не так даўно ў Тэхасе меў месца чарговы выпадак страляніны па цывільных. Стралком аказаўся 33-гадовы Маўрысіа Гарсія, вядомы як перакананы нацыст, абаронца інтарэсаў белай расы. І гэты выпадак не ўнікальны.
На першы погляд, гэта парадокс: лацінаамерыканцаў аўтары расавых тэорый адносілі да найніжэйшых рас, якія павінны служыць белым арыйцам. Прэса тлумачыць феномен глыбокай асіміляцыяй многіх прадстаўнікоў 60 мільёнаў лацінаамерыканцаў у ЗША: «Яны (лацінаамерыканцы) вывучылі англійскую, уступілі ў змешаныя шлюбы, сталі лаяльнымі амерыканцамі, прынялі амерыканскія каштоўнасці, а некаторыя — і тэорыі правага экстрэмізму, паколькі таксама баяцца мігранцкай злачыннасці», — тлумачыць сітуацыю эксперт. Пры гэтым таксама адзначаецца, што правыя «лацінасы» знаходзяцца ў складанай сітуацыі праз рост гвалту на расавай глебе. Такія лацінаамерыканцы могуць быць як патэнцыйнымі злачынцамі, так і патэнцыйнымі ахвярамі.
Па матэрыялах амерыканскай прэсы
Ці магла Украіна ўзяць Маскву?
Як і меркавалася, мяцеж «вагнераўцаў» выклікаў вялікую колькасць спекуляцый і фантазій. Свой уклад зрабіў і дастаткова папулярны кіеўскі палітолаг Алег Соскін. Ён лічыць, што УСУ прафукалі магчымасць зайсці ў Расію, выкарыстоўваючы мяцеж. Паводле палітолага, ва ўкраінскага камандавання былі ўсе шанцы пайсці ў наступ услед за аддзяленнямі ПВК «Вагнер», што рушылі на Растоў, і спакойна заняць частку РФ і нават РБ. «Калі б правадыры Украіны не жавалі зялёныя соплі, ім павінны былі далажыць, што ПВК «Вагнер» пакінуў Луганскую вобласць і рушыў у Растоў і на Варонеж. То-бок, дзесьці ў тры ночы ўжо павінны былі далажыць Зяленскаму, Буданову, што ўся ПВК сышла з Украіны. Натуральна, трэба было хуценька даваць каманду штурмавым брыгадам, якія стаяць у запасе, рухацца следам на Курскую АЭС, на Варонеж, на Беларусь», — мяркуе Соскін. Больш за тое, эксперт упэўнены, што рухаючыся ўслед за калонай ПВК на Маскву, можна было б бесперашкодна наблізіцца да расійскай сталіцы і нават паспрабаваць узяць яе. «За ноч можна было ўсё вырашыць. Так робяцца вайсковыя кампаніі. Ну, народжаны поўзаць лётаць не можа», — сумуе палітолаг.
Па матэрыялах украінскай прэсы
Новы ўдар па тытуні
Канада адкрывае новы фронт супраць тытуню. Гэта не дзіўна. Краіна друкуе папярэджанні аб шкодзе для здароўя на пачках цыгарэт аж з далёкага з 1972 года, а ў 2001 годзе стала першай краінай, якая надрукавала на іх графічныя фатаграфіі. Цяпер Атава робіць яшчэ адзін наватарскі крок у выглядзе патрабавання, каб папярэджанні аб шкодзе тытуню для здароўя друкаваліся на кожнай (!) цыгарэце. З наступнага года цыгарэты, якія прадаюцца ў краіне, павінны будуць маркіравацца такімі фразамі, як «яд у кожнай зацяжцы», «цыгарэты выклікаюць лейкемію», «тытунёвы дым шкодзіць дзецям» і, як жа без гэтага, «цыгарэты выклікаюць імпатэнцыю». Нягледзячы на тое, што плошча цыгарэты быццам невялікая, усе пералічаныя фразы будуць абавязкова друкавацца на дзвюх афіцыйных мовах краіны — французскай і англійскай.
Застаецца дадаць, што ў Канадзе ўзровень курэння ніжэй, чым у большасці развітых краін — паляць каля 13% дарослых у параўнанні з 15% у Вялікабрытаніі і 23% у ЗША. Але паколькі курэнне па-ранейшаму забівае 48 000 чалавек у год, урад хоча скараціць гэты паказчык да 5% да 2035 года. Хаця наколькі эфектыўнай будзе новая норма — вялікае пытанне.
Па матэрыялах брытанскай прэсы
Невядомыя дысідэнты з Гомеля
У Расіі ідзе працэс закрыцця вядучых экалагічных арганізацый, напрыклад, не так даўно пазбавілі рэгістрацыі філіял Greenpeace. Нядзіўна, што аматары прыроды ўспамінаюць як працавалі эколагі ў аўтарытарных краінах, у тым ліку СССР. Падчас штудый архіваў усплыла малавядомая гісторыя канфлікту ўладаў і студэнтаў-эколагаў Гомельскага ўніверсітэта ў канцы 70-х. Там эколагі дзейнічалі пад шыльдай зарэгістраваных Дружын аховы прыроды (ДАП) і ў тым ліку змагаліся з незаконнымі высечкамі елак на Новы год. Падчас рэйдаў яны затрымлівалі чыноўнікаў і дырэктараў, якіх адмаўляліся адпускаць нават пасля тэлефанаванняў зверху. У выніку лідара ДАП Міхаіла Бляхера выклікалі да дэкана ўніверсітэта, які запатрабаваў ад дружыннікаў займацца выключна прапагандай савецкіх дасягненняў па ахове прыроды. Але Бляхер і паплечнікі аказаліся прынцыповымі. Неўзабаве яны адкрыта выступілі супраць забойства янотаў у Прыпяцкім запаведніку. Гэта стала апошняй кропляй. Кіраўніцтва ўніверсітэта палічыла, што «дружына стала некіраванай» і нават «антыкамуністычнай». Дружыну распусцілі, а самога Бляхера выключылі з універсітэта — пры тым, што за пару месяцаў да гэтага абкам узнагародзіў яго граматай. Яго далейшы лёс, на жаль, невядомы. У любым выпадку апісаныя падзеі ў Гомелі вартыя згадкі ў гісторыі дысідэнцкага руху ў БССР.
Па матэрыялах расійскай прэсы