Сусветныя цікавосткі: новая зброя расійскіх патрыётаў, сабачая атака на Сеул, Такаеў — новы елбасы?

У Казахстане, магчыма, нараджаецца новы культ асобы. Тапаніміка на ўзбраенні расійскіх патрыётаў. А карэйскія фермеры пагражаюць нацкаваць на Сеул сабак у адказ на прыняцце закона, што забароніць есці сабачае мяса. 

Культ асобы Такаева

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жомарт Такаеў фатаграфуецца з вучнямі і педагогам на фоне партрэта свайго бацькі ў горадзе Уштобе, 27 кастрычніка 2023 года. Фота azattyq.org

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жомарт Такаеў фатаграфуецца з вучнямі і педагогам на фоне партрэта свайго бацькі ў горадзе Уштобе, 27 кастрычніка 2023 года. Фота azattyq.org

Мінулая восень запомнілася ў Казахстане серыяй мерапрыемстваў у гонар 100-годдзя літаратара Кемеля Такаева — бацькі цяперашняга прэзідэнта. Прайшла навуковая канферэнцыя аб яго творчасці, на якой абмеркаванне дзейнасці пісьменніка ператварылася ва ўсхваленне ў савецкіх традыцыях, з прыемнымі словамі на адрас прэзідэнта. Сам жа прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў здзейсніў візіт на малую радзіму бацькі, у горад Уштобе. Яшчэ да прыезду прэзідэнта тут з'явілася новая гарадская плошча ў гонар Кемеля Такаева.

Хаця бацька прэзідэнта Кемель Такаеў сапраўды быў адносна вядомым пісьменнікам савецкай эпохі, пасля працяглага існавання ў краіне культу асобы першага прэзідэнта Нурсултана Назарбаева некаторыя асцерагаюцца, што ўсхваленні ў адрас Кемеля могуць перарасці ў нешта большае. Тым больш, што прэцэдэнты былі. У ліпені выданне ProTenge, якое займаецца расследаваннямі бюджэтных выдаткаў, звярнула ўвагу на тры кароткія відэаролікі, аплачаных акіматам Усходне-Казахстанскай вобласці. Гэта былі ролікі пра Касыма-Жамарта Такаева, у якіх усхваляліся яго аратарскае майстэрства, памяць, «энцыклапедычныя веды», валоданне пяццю мовамі. А ўлады Жэтысускай вобласці аб'явілі тэндар на закупку 50 дываноў з выявай Кемеля Такаева і 200 медалёў з яго партрэтам.

Як бачым, нейкая тэндэнцыя ёсць, аднак пакуль цяжка сказаць — ці гэты сапраўды пачатак фармавання культу Такаева, ці проста ўласцівае чыноўнікам вечнае жаданне дагадзіць начальству.

Па матэрыялах казахстанскай прэсы

Тапаніміка як вундэрваффе расійскіх патрыётаў

img_20190626_123806_logo.jpg

Расія павінна перайменаваць Фінскі заліў у знак пратэсту супраць закліку спікера парламента Фінляндыі «ператварыць забойства расейцаў у карнавал». Пра гэта заявіў дэпутат ад партыі «Справядлівая Расія – За праўду» Алег Нілаў. «Сёння ў Пецярбургу мне ўжо задаюць пытанні - чаму ў нас наш заліў завецца Фінскім? Ёсць прапанова надаць яму новую назву. Роўна 300 гадоў таму Пётр Першы, засноўваючы Кранштат, назваў гэты заліў Кранштацкім», — сказаў Нілаў.

Ідэю Нілава ўспрынялі хутчэй як кур'ёз. Тым больш, што такія прапановы ў духу «Справядлівай Расіі», якая спрабуе прыцягнуць да сябе ўвагу электарату за кошт экстравагантных ініцыятыў або каментароў. Так, у верасні лідар партыі Сяргей Міронаў заявіў, што «ва ўкраінскіх лабараторыях вывучаюць біяматэрыял славян для стварэння біялагічнай зброі». Тое, што ўкраінцы таксама славяне, Міронаў чамусьці не ведае. 

Але практыка ваяваць з дапамогай тапанімікі не новая. На пачатку Першай сусветнай патрыятычная грамадскасць Расіі дабілася змены назвы паўночнай сталіцы. Назву Санкт-Пецярбург палічылі занадта «тэўтонскай», і горад пачалі называць «па-славянску» Петраград. Праўда, у выніку атрымалася не тое, што хацелі. У гісторыі назва Петраград сімвалізуе не славянскі патрыятызм, а хутчэй рэвалюцыйны ўздым 1917 года.

Па матэрыялах расійскай прэсы

Горад і сабакі

Удзельнікі зоаабарончай акцыі ў Сеуле заклікаюць спыніць ужываць сабачае мяса ў ежу, Паўднёвая Карэя, 16 ліпеня 2020 года. AP Photo / Ahn Young-joon

Удзельнікі зоаабарончай акцыі ў Сеуле заклікаюць спыніць ужываць сабачае мяса ў ежу, Паўднёвая Карэя, 16 ліпеня 2020 года. AP Photo / Ahn Young-joon

Сталіцы Паўднёвай Карэі пагражае страшная перспектыва. Кіраўнік кіруючай партыі краіны анансаваў прыняцце закона аб забароне ўжывання ў ежу сабачаціны. З прычыны магчымага прыняцця закона абурыліся карэйскія фермеры і ўладальнікі рэстаранаў, у меню якіх уваходзіць экзатычная для іншых народаў ежа з сяброў меншых.

Варта нагадаць, што ў Паўднёвай Карэі ўжываць мяса чатырохногіх сяброў з'яўляецца часткай культуры — за год у краіне могуць з'есці аж да мільёна сабак спецыяльных парод. У выніку высокага попыту ў дадзеным сектары працуе 3500 ферм і 3000 рэстаранаў. Закон, які збіраюцца прыняць, відавочна будзе сур'ёзным ударам па ўсёй індустрыі развядзення сабак. Большасць супрацоўнікаў гэтай сферы застануцца без працы і сродкаў для існавання.

У такой сітуацыі фермеры, якія разводзяць сабак, і ўладальнікі закусачных, вырашылі пайсці на радыкальны крок. У іх у загонах знаходзіцца два мільёны сабак, якіх яны пагражаюць выпусціць на сталіцу. Атака двух мільёнаў сабак на Сеул сапраўды выглядае як катастрофа. Аднак, падаецца, урад лічыць, што гэта толькі шантаж. Згаданы законапраект абяцаюць зацвердзіць у снежні 2023-га.

Па матэрыялах брытанскай прэсы