Сусветныя цікавосткі: Салдаты Брытаніі будуць барадатымі, «Любэ» не будуць спяваць у школах

Расійцы дамагліся таго, каб у школах не вывучалі творчасць Shamanа і «Любэ», у брытанскім войску дазволілі насіць бароды, а паміж Венесуэлай і Бразіліяй можа пачацца «электрычная вайна». Пра ўсё гэта чытайце ў «Сусветных цікавостках».

«Усебеларускі народны сход» па-казахску 

«Новы Час» ужо пісаў, што днямі прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў правёў пасяджэнне Нацыянальнага курултаю — групы экспертаў пры адміністрацыі. На гэтым мерапрыемстве Такаеў прапанаваў памяняць герб краіны. Аднак не толькі гэтая прапанова зацікавіла тутэйшых палітолагаў. Адначасова эксперты звярнулі ўвагу на тое, што такі орган як Курултай набывае ўсё большую вагу ў структуры ўлады.

Нагадаем, што Курултай быў створаны ў 2022 годзе па ініцыятыве Такаева. Першапачаткова ідэя заключалася ў тым, каб стварыць групу прадстаўнікоў нейкага зрэзу грамадства: інтэлігенцыя, прадстаўнікі бізнесу, грамадзянскія актывісты, духавенства, эксперты. Уся гэта публіка нешта абмяркоўвае разам з гарантам. Аднак, гледзячы па ўсім, паступова Курултай пачынае выходзіць за рамкі экспертнай групы і становіцца прыладай для ўмацавання Такаева, у якога недастатковая падтрымка грамадства і парламенту. Усё больш кажуць, што Нацыянальны Курултай ператвараецца ў структуру, паралельную парламенту, якая будзе аслабляць уплыў дэпутацкага корпусу.

Паказальна, што эксперты Нацыянальнага Курултаю ўжо маюць права ўносіць папраўкі ў законы і пісаць законапраекты. Напэўна, для ператварэння Курултая ў галіну ўлады гэтага недастаткова, хаця першыя крокі ў гэтым напрамку ўжо зробленыя.

Па матэрыялах казахстанскай прэсы

Глядзіце таксама

Газманава і «Любэ» не будуць спяваць у школах 

Цяпер ужо, напэўна, можна падвесці вынікі спробы Мінасветы Расіі ўключыць песні сучасных патрыятычных аўтараў у школьныя ўрокі музыкі. Нагадаем, што такі праект прапанаваў дэпутат Дзярждумы Сяргей Калунаў. Яго ініцыятыву аб уключэнні ў школьныя ўрокі музыкі песень патрыятычнай накіраванасці падтрымала Мінасветы. Таксама вядома што, што ў гэтым спісе могуць аказацца Алег Газманаў, Яраслаў Дронаў (мянушка Shaman) і гурт «Любэ». Іх песні, маўляў, здольныя прывіць дзецям пачуццё кахання да радзімы і гонару за краіну.

І тут нечакана грамадства выступіла супраць. Нават сярод педагогаў-бюджэтнікаў знайшліся тыя, хто публічна аспрэчыў ідэю. На іх думку, такі крок не дапаможа сфарміраваць у дзяцей пачуццё патрыятызму. Акрамя таго ідэя не спадабалася кіраўнікам нацыянальных аўтаномій. Напрыклад, Міністэрства адукацыі і навукі Дагестана заявіла, што на яго тэрыторыі школьнікі ніколі не будуць пачынаць навучальны дзень з праслухоўвання песні «Я рускі», якую выконвае Shaman. 

Падключыліся да пратэстаў і бацькі школьнікаў. Некаторыя з іх лічаць, што Shaman са сваім прыёмам засоўваннем мікрафона ў штаны і канвульсіямі на сцэне хутчэй папулярызуе наркотыкі. Адным словам, пакуль ідэя забуксавала. Хоць, вядома, пры жаданні ў любы момант улады могуць яе працягнуць.

Па матэрыялах расійскай прэсы

Фота з starove.ru

Фота з starove.ru

Уся надзея на барадатых жаўнераў

У брытанскую армію вяртаюцца бароды. Падзея ў нечым гістарычная: камандаванне адмяніла забарону на расліннасць на твары салдат і афіцэраў, якая дзейнічала амаль сто гадоў. Зрэшты, татальнай анархіі ў гэтай галіне не будзе. Бароды, а дакладней іх фасон, будуць кантралявацца Міністэрствам абароны. «Бароды павінны быць акуратнымі, іх будуць правяраць на адпаведнасць нарматывам», — піша прэса.

Гледзячы па ўсім, ідэя шмат каму сярод генералаў не спадабалася. Высокапастаўленыя крыніцы ў Мінабароны прызналі, што знойдуцца «дыназаўры», якія не пагодзяцца з гэтым рашэннем. І дадалі, што вайскоўцы самі пачнуць галіцца, калі ім давядзецца апранаць супрацьгазы ў выпадку хімічнай пагрозы.

Афіцыйна рэформа закране ўсіх, хто жадае служыць у войску Яго Вялікасці. Але насамрэч усе разумеюць, што гэта найперш тычыцца брытанцаў, якія маюць азіяцкія карані. Менавіта сярод гэтай катэгорыі папулярны бароды. Не сакрэт, што маладыя этнічныя брытанцы служыць у войску адмаўляюцца. Таму ўрад і робіць рэверансы ў бок тых падданых англійскай кароны, чые карані ў Азіі.

Застаецца дадаць, што ў апошні раз бароды ў заходніх войсках дазвалялі насіць у пачатку 1970-х гадоў. Такая практыка існавала ў Бундэсверы — войску Заходняй Германіі. Праўда, эксперымент хутка праваліўся з-за таго, што бароды і доўгія валасы (іх таксама дазвалялі насіць салдатам) канцэнтравалі вільгаць, што вельмі часта, асабліва ўзімку, выклікала прастуду. Паглядзім, што будзе ў Брытаніі.

Паводле брытанскай прэсы

Блэкаўт у Венесуэле ў 2019 годзе

Блэкаўт у Венесуэле ў 2019 годзе

Адключылі святло? Апазіцыя вінаватая

Венесуэльскі прэзідэнт Нікалас Мадура 17 сакавіка аб'явіў, што ідзе на пераабранне на яшчэ адзін шасцігадовы тэрмін. Пры гэтым літаральна ў той жа дзень яго галоўнай саперніцы, Марыі Карыне Мачада, забаранілі ўдзельнічаць у выбарах з-за абвінавачанняў у карупцыі. Некаторыя лацінаамерыканскія краіны, напрыклад, Калумбія і Бразілія выступілі з заявамі, у якіх выказалі занепакоенасць наконт няздольнасці апазіцыі сумленна канкурыраваць на маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах. А Аргенціна, дзе з нядаўніх часоў пры ўладзе знаходзіцца правапапуліст Хаўер Мілей, пайшла яшчэ далей. Яе дыпламатычная місія ў Каракасе правяла сустрэчу з лідарамі мясцовай апазіцыі, сімвалічна выказаўшы ім сваю падтрымку.

Адказ Мадура быў больш, чым арыгінальны. Аргенцінскаму пасольству проста выключылі электрычнасць. У адказ Аргенціна афіцыйна абвінаваціла Венесуэлу ў спыненні падачы электраэнергіі ў сваё пасольства ў Каракасе, што ставіць пад пагрозу бяспеку аргенцінскага дыпламатычнага персаналу. Чым скончыцца электрашантаж, сказаць цяжка. З улікам таго, што Мілей, што Мадура — вельмі эмацыйныя і не асабліва адэкватныя персанажы, можа адбыцца ўсё, што заўгодна.

Нагадаем, што папярэдні праваправапулісцкі прэзідэнт Балсанару праз спрэчку с Мадура нават разглядаў варыянт вайны Бразіліі з Венесуэлай.

Па матэрыялах іспанскай прэсы