Вальс усяму свету на зло. У расійскіх школах пачнуць вывучаць творчасць Газманава, «Любэ» і Шамана

Чуеце гукі? Гэта шыфер коціцца! На думку расійскіх уладаў, песні і жыццёвы шлях спевакоў з «высокай мастацкай годнасцю» варта тэрмінова ўключыць у школьную праграму. Эталон гэткай «годнасці» — галоўны музыкальны сімвал расійскай агрэсіі.

Shaman і Алег Газманаў. Фота з РИА Новости

Shaman і Алег Газманаў. Фота з РИА Новости

З чаго ўсё пачалося?

Дэпутат Дзярждумы Сяргей Калуноў, вядомы актыўным аказаннем фінансавай, «духоўнай» і матэрыяльнай падтрымкі акупантам, прапанаваў ідэю па змене школьнай праграмы ўстаноў сярэдняй адукацыі. Раней чыноўнік з пуцінскай партыі «Адзіная Расія» дастаўляў у памежныя вобласці дрэнажныя помпы, бензапілы, шрубакруты, сякеры ды іншы інструмент для ўмацавання абарончых фартэфікацый. Адметна, што на сайце «Адзінай Расіі», дзе апісваецца дзейнасць Калунова, Сумская і Харкаўская вобласці, якую акупанты спрабавалі захапіць напачатку поўнамашбанага ўварвання, адзначаюцца расійскімі.

Як кажуць ва Украіне: «Ой, а що сталося?»

Сёлета Калуноў паспеў дапамагчы наймітам, што перабывалі на акупаваных тэрыторыях, тэплавізарнымі прыцэламі, нібыта айчыннымі імпартазамешчанымі рацыямі, прыналежнасцямі для гігіены, адзеннем. Таксама дэпутат вядомы ініцыятывай па стварэнні муралаў «героям СВА» у гарадах Расіі.

Муралы, створаныя па ініцыятыве Сяргея Калунова. Фота: РИА Новости

Муралы, створаныя па ініцыятыве Сяргея Калунова. Фота: РИА Новости

Ідэя расійскага дэпутата прагучала наступным чынам: «Дадаць у адукацыйную праграму па музыцы вывучэнне песень патрыятычнай накіраванасці сучасных аўтараў». Адпаведны зварот Калуноў накіраваў міністру асветы Сяргею Краўцову.

Краўцоў — асоба, якая прадставіла новыя падручнікі з раздзелам пра «спецаперацыю», загадала адкрыць 14 тысяч музеяў «СВА» на базе школ і зацвердзіла канцэпцыю «абароны традыцыйных каштоўнасцяў» у школьнай праграме на ўроках гісторыі, расійскай мовы, літаратуры, геаграфіі, асноў бяспекі жыццядзейнасці ды грамадазнаўства «для таго, каб была адзіная адукацыйная прастора».

Ён жа ў інтэрв’ю «РИА-Новости» (крамлёўскае выданне, якое знаходзіцца пад санкцыямі ЕС і ЗША) заяўляў, што Расія аднаўляе савецкую сістэму адукацыі, «наводзіць парадак» з падручнікамі і школьнай праграмай, стварае памятныя мемарыялы «героям спецаперацыі». Па асабістым загадзе Краўцова Міністэрства асветы насаджвае расійскія падручнікі ў школы Арменіі і Узбекістана і, па яго словах, нават вядзе перамовы пра пастаўку падручнікаў па расійскай мове ў Кубу.

Сяргей Краўцоў прадстаўляе новы падручнік па гісторыі. На вокладцы — незаконна збудаваны Крымскі мост

Сяргей Краўцоў прадстаўляе новы падручнік па гісторыі. На вокладцы — незаконна збудаваны Крымскі мост

Са звароту, які атрымаў міністр, вынікае, што дадаць музыкаў сучаснай Расіі Калунова прасілі самі настаўнікі, а таксама бацькі школьнікаў.

«Упэўнены, вывучэнне патрыятычных песень, у тым ліку сучасных, створаных зусім нядаўна на фоне правядзення нашай краінай СВА, прыўе дзецям пачуццё любові да Радзімы, гонару за краіну», — напісаў дэпутат.

Прапанову Калунова адразу падтрымалі у Дзярждуме. У прыватнасці, дэпутатка Ларыса Тутова адзначыла, што музыка развівае інтэлект і маўленне дзяцей, таму дадаць сучасныя кампазіцыі расійскіх выканаўцаў у школьную праграму будзе вельмі актуальна.

У сваю чаргу Міністэрства асветы адкзала, што сучасныя патрыятычныя песні павінны адпавядаць наступным крытэрыям:

  • высокая мастацкая годнасць,
  • адпаведнасць псіхалагічным асаблівасцям вучняў розных узростаў,
  • адпаведнасць выканальніцкім магчымасцям навучэнцаў.
Дзіцячы канцэрт у падтрымку расійскай арміі. Фота: Maam.ru

Дзіцячы канцэрт у падтрымку расійскай арміі. Фота: Maam.ru

Але, адзначым, сыходзячы з аднаго абзаца ў адказе Мінасветы, нават там не моцна ацанілі ідэю Калунова. Гэта зусім цвярозы аргумент, які ківае, што не месца ў падручніках выццю пра «героеў спецаперацыі» і «блатным» песенькам.

«Дзеючыя стандарты ўжо прадугледжваюць вывучэнне песень патрыятычнай накіраванасці на ўзроўні асноўнай агульнай адукацыі. Гэта, напрыклад, опера Глінкі “Іван Сусанін”, уверцюра Чайкоўскага “1812 год”, кантата Пракоф'ева “Аляксандр Неўскі”», — паведамляе міністэрства. 

Што за артысты з «высокай мастацкай годнасцю»?

Па выніках апытання Усерасійскага цэнтра вывучэння грамадскай думкі ў 2023 годзе, галоўным музычным патрыётам краіны расійцы назвалі Яраслава Дронава, больш вядомага пад псеўданімам Shaman — аўтара кампазіцыі «Я русский», што стала галоўным музыкальным сімвалам расійскай агрэсіі, імперскасці і ксенафобіі. Другое месца заняў яшчэ адзін сталы госць усіх Z-канцэртаў Алег Газманаў, трэцяе — саліст гурта «Любэ» Мікалай Растаргуеў, чарговы крамлёўскі артыст.

Алег Газманаў у соль-ілецкай турме. Фота: Камсамольская праўда

Алег Газманаў у соль-ілецкай турме. Фота: Камсамольская праўда

«У народным асяроддзі так ці інакш сфарміраваны ўяўленні аб патрыятычных выканаўцах. Мы дакладна разумеем, што Shaman, гурт “Любэ”, Алег Газманаў і многія іншыя, любімыя народам выканаўцы — тыя людзі, чыю творчасць могуць абгрунтавана вывучаць у школах. Гэта песні, напоўненыя любоўю да Радзімы», — пракаментаваў Калуноў.

Паводле дэпутата, даданне творчасці гэтых выканаўцаў у заняткі па музыцы ўжо зацверджана. Таксама ён расказаў, што сумесна з экспертамі і бацькоўскімі арганізацыямі камісія будзе фарміраваць спіс артыстаў-патрыётаў, творы якіх трапяць у школьную праграму.

Shaman вітае фанатаў. Фота: РИА Новости

Shaman вітае фанатаў. Фота: РИА Новости

Агулам, патрабаванням Мінасветы творчасць прыведзеных артыстаў адпавядае як ніколі. Сапраўды, для спеву «Я русский всему миру на зло» не патрэбныя асаблівыя ваканальніцкія навыкі, кантэнт цалкам адпавядае псіхалагічным асаблівасцям сярэднестатыстычнага расійскага дзіцяці, а пра «высокую мастацкую годнасць» і казаць няма чаго. 

Што адказаў Shaman?

Учора, 20 сакавіка, Яраслаў Дронаў выказаўся наконт прапановы Калунова дадаць матэрыялы пра яго творчасць і жыццёвы шлях у школьную праграму:

«Калі гэта здарыцца, для мяне гэта будзе паказчык таго, што мае песні любяць і слухаюць. Мае песні сумленныя і шчырыя. Але не мне вырашаць. Лічу, што песня “Я русский” вартая таго, каб яе вучылі ў школе», — заявіў папулярны ў Расіі спявак.