У Расіі — першыя затрыманні па справе аб «экстрэмісцкім руху ЛГБТ»
У Арэнбургу адміністратара і арт-дырэктара клуба адправілі ў СІЗА па першай у Расіі справе аб «экстрэмісцкім руху ЛГБТ».

Цэнтральны раённы суд Арэнбурга арыштаваў адміністратара і арт-дырэктара ЛГБТ-клуба Pose, якіх абвінавачваюць у арганізацыі дзейнасці «экстрэмісцкай арганізацыі» (Частка 1 артыкула 282.2 КК РФ). Пра гэта паведамляе «Медуза» са спасылкай на прэс-службу суда.
Імёны арыштаваных суд не прыводзіць. Выданне «ЕАН» піша, што пасяджэнне суда праходзіла ў закрытым рэжыме, журналістаў пусцілі толькі на абвяшчэнне рашэння суддзі. Па словах карэспандэнта выдання, арт-дырэктар клуба пасля рашэння аб арышце «не змог стрымаць эмоцый і заплакаў».
Паводле даных «Урал56.ги», арыштаваных завуць Дыяна Камільянава (адміністратар бара) і Аляксандр Клімаў (арт-дырэктар).
«Медиазона» звярнула ўвагу, што клуб пазіцыянуе сябе як «бар-тэатр пародый» і «начны бар з шоу-праграмай». Там праводзіліся, у прыватнасці, вечарынкі з дрэг-шоу.
9 сакавіка супрацоўнікі паліцыі разам з байцамі АМАПу правялі ў клубе рэйд. Відэа з яго апублікаваў праўладны рух «Руская абшчына Арэнбурга».
Глядзіце таксама

На запісах наведвальнікі ляжаць на падлозе або стаяць каля сцяны, аднаго з іх пытаюцца, што ён рабіў у «п*дарскім клубе». Пазней у МУС паведамілі, што паліцэйскія «спынілі дзейнасць начнога клуба, у якім сабраліся прадстаўнікі руху, забароненага ў Расійскай Федэрацыі».
Паводле версіі паліцыі, у клубе «прапагандаваліся ідэі, забароненага на тэрыторыі РФ руху ЛБГТ».
Глядзіце таксама

Паводле следства, адміністратар бара падбірала персанал, кантралявала якасць абслугоўвання наведвальнікаў бара, зацвярджала праграмы выступаў і мерапрыемстваў, забяспечвала фота- і відэаздымку выступаў, якія нібыта прапагандавалі нетрадыцыйныя сэксуальныя адносіны, а таксама выконвала фінансава-гаспадарчыя функцыі.
Арт-дырэктар бара ажыццяўляў падбор травесці-артыстаў, праводзіў з імі сходы, а таксама «прапагандаваў сярод наведвальнікаў бара і ў мабільным дадатку Telegram нетрадыцыйныя сэксуальныя адносіны».
Глядзіце таксама

Нагадаем, 18 сакавіка кіраўніца Лігі бяспечнага інтэрнэту Кацярына Мізуліна паведаміла, што ў Расіі распачатая першая крымінальная справа аб арганізацыі экстрэмісцкай арганізацыі і ўдзеле ў ёй (часткі 1 і 2 артыкула 282.2 КК) у сувязі з абвяшчэннем у краіне «экстрэмісцкім» «міжнароднага руху ЛГБТ». Яна сцвярджала, што справу завялі ў сувязі з дзейнасцю Арэнбургскага клуба Pose.
У канцы 2023 года Вярхоўны суд Расіі паводле пазову Мінюста абвясціў «экстрэмісцкім» і забараніў у Расіі «міжнародны рух ЛГБТ». І ўжо на наступны дзень паліцыя правяла рэйды ў клубах Масквы і Пецярбурга, дзе праходзілі вечарынкі ЛГБТК-супольнасці.
Глядзіце таксама
