Сусветныя цікавосткі: вуліца імя Зяленскага, абарона «Машины времени», вядзьмарства супраць СМІ

Ва ўкраінскім Дняпры прапануюць перайменаваць вуліцу імя Ота Шміта ў вуліцу Зяленскага, у Злучаных Штатах хочуць прымусіць мужчын аплочваць жанчынам час у «дэкрэце», містычная смерць таджыкскай журналісткі — у нашай падборцы свежых кур'ёзаў.  

mycollages__6__3.jpg


Вуліца імя Зяленскага

Жыхары ўкраінскага горада Днепр зарэгістравалі петыцыю да мэра Барыса Філатава і гарсавета з прапановай перайменаваць адну з гарадскіх вуліц у гонар прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Прапануецца змяніць назву вуліцы Ота Шміта ў цэнтры горада.
Ота Шміт быў выдатным вучоным часоў Савецкага Саюза. Ініцыятары тапаграфічнай рэформы пагаджаюцца з аўтарытэтам Шміта ў навуковым свеце. Аднак, на іх думку, «на сённяшні дзень для нас найважнейшай павінна быць гісторыя незалежнай Украіны». Галоўнай падставай для таго, каб назваць вуліцу ў гонар Зяленскага, ёсць «яго здольнасць згуртаваць украінскі народ перад тварам ворага». «У гэтыя складаныя часы, калі незалежнасць Украіны магла пахіснуцца, нам удалося мець такога лідара! Лічым неабходным адзначыць яго імя назвай вуліцы ў цэнтры горада!», — гаворыцца ў тэксце петыцыі.

На дадзены момант петыцыю падтрымалі каля трыццаці чалавек, а каб яе разгледзелі гарадскія ўлады трэба сабраць 3000 подпісаў жыхароў горада. Зрэшты час яшчэ ёсць да пачатку чэрвеня. Але, шчыра кажучы, пакуль у хуткую перспектыву з’яўлення на мапе Дняпра вуліцы Зяленскага не вельмі верыцца. Перш за ўсё праз тое, што мэр Філатаў і іншыя сябры дняпроўскага алігархічнага клану маюць не простыя адносіны з Кіевам.

Спачатку грошы, пасля дзіця

Арыгінальная прапанова прагучала ад амерыканскага леваліберальнага часопіса The Nation. Яго аўтары канстатуюць, што галоўнымі ахвярамі Covid-19 сталі маці, якія былі вымушаныя падчас каранціну заставацца дома з дзецьмі. Па сутнасці гэта знішчыла кар’еру для як мінімум 3.5 мільёнаў кабетаў толькі ў Штатах. Прычым дзяржава не збіраецца кампенсаваць гэтыя страты. Выданне лічыць, што выхад, прынамсі, для будучых маці ёсць. Цяпер яны павінны падлічыць, колькі грошаў страцяць праз тое, што нараджаюць дзіця і займаюцца яго выхаваннем да таго часу, калі можна зноў павярнуцца на рынак працы. Паводле выдання, гэты рахунак мае быць выстаўлены патэнцыйнаму бацьку. Толькі ў выпадку, калі апошні юрыдычна пагодзіцца кампенсаваць страты за нараджэнне і выхаванне, кабета пагадзіцца зацяжарыць.
 Журналісты The Nation сцвярджаюць, што некаторыя так ужо нават робяць. Маўляў, на днях нейкая міс запатрабавала ад партнёра 50 тыс долараў за тое, што нарадзіць яму дзіця і будзе гадаваць яго на працягу пары гадоў. Зрэшты аўтары артыкула прызнаюць, што пакуль наўрад атрымаецца перавесці гэтую сферу на рынкавы прынцып. Прычына: культ мацярынства, калі жанчына разглядае выхаванне дзяцей як маральны абавязак.

«Рукі прэч ад Машыны»

40 гадоў таму ў СССР адбыўся незвычайны выпадак. Грамадскасць абараніла рок-групу, якая відавочна не ўпісвалася ў каноны савецкай маскультуры. Гаворка пра калектыў «Машина времени», па якім 11 красавіка 1982 года, у газеце «Камсамольская праўда» прайшоўся нейкі Мікалай Крывамазаў. У артыкуле «Рагу з сіняй птушкі» аўтар выступіў з рэзкай крытыкай творчасці гурта Андрэя Макарэвіча. Пра музыку ў артыкуле амаль ні слова, затое граміліся тэксты песень. Прычым чалавек, які пісаў заказуху, слаба разбіраўся ў тэме.
Сам факт публікацыі ў цэнтральнай газеце мог прывесці да сур'ёзных наступстваў для групы. Аднак артыкул у «Камсамолцы» сустрэў рэзкае непрыманне чытачоў: на газету абрынуліся мяхі з гнеўнымі лістамі ад прыхільнікаў. «Я бачыў у рэдакцыі мяхі лістоў пад агульным дэвізам «Рукі прэч ад Машыны». Час ад часу мяхі спальвалі, але прыходзілі новыя. Пісалі студэнты і салдаты, школьнікі і калгаснікі, працоўныя і асобныя інтэлігенты. Я не чакаў такога адпору», — успамінаў пазней Андрэй Макарэвіч. Магчыма таму асаблівых рэпрэсій у жыццё гурта артыкул не прынёс. Таксама не выключана, што правал кампаніі стаў імпульсам для развіцця рок-руху ў СССР.

Вядзьмарства супраць апазіцыйных СМІ

Амаль містычная гісторыя адбылася днямі ў Таджыкістане. Там 26 сакавіка памерла апазіцыйная журналістка Арзыгуль Галымбетава, якая канфліктавала з мясцовая абласной адміністрацыяй. За дзень да смерці, то-бок 25 сакавіка, Арзыгуль звярнулася ў міліцыю з дзіўнай заявай. Яна скардзілася на тое, што блогер Батма-Бат (сапраўднае імя Батмакан Жолбалдуева) закранула яе гонар і годнасць, у прыватнасці зняжае яе і нават нейкімі чарамі жадае выклікаць яе смерць. Міліцыя, натуральна, успрыняла гэта як жарт. Пазней пачаліся падзеі, годныя фільму жахаў. На наступны дзень Арзыгуль Галымбетавай стала блага, яна звярнулася ў аддзяленне неўралогіі. Там, нягледзячы на ​​аказаную дапамогу, памерла ноччу. Пакуль цяжка зразумець, што сапраўды адбылося. Аднак псіхічныя наступствы пагрозаў наконт смерці напэўна сапраўды маглі выклікаць у журналісткі стрэс. У іншым выпадку таджыкскі МУС не праінфармаваў бы, што «ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле "Прычыненне смерці па неасцярожнасці"». Таксама ў рамках следства блогер Батма Жалбалдуева затрыманая. Меркаваная «чараўніца» змешчаная ў ізалятар.