Святло беларускай ліхтарні з Лондану
15 траўня 2021 года легендарная і фантазматычная бібліятэка-музей імя Скарыны ў Лондане, створаная беларусамі, што апынуліся ў Англіі, адзначае пяцідзесяцігоддзе.
Гэта новае і дадатковае светлае свята для ўсіх мілоснікаў беларускай кнігі і мовы. Скарынаўка адаптуецца да сучаснасці і дасюль не саступае дыгіталізаванай кнізе, хавае сакрэты, якія дасюль час ад часу адкрываюцца наведвальнікамі і даследнікамі. Многія сакрэты дасюль не раскрытыя, а многія рукапісы яшчэ не надрукаваныя. А музей хавае як вядомыя, так і схаваныя ад публікі цікавыя і рэдкія артэфакты. Зрэшты, музей з'яўляецца незабыўным месцам памяці беларускай ды еўрапейскай культуры наагул.
Бібліятэка імя Ф. Скарыны — гэта да ўсяго месца неверагоднай канцэнтрацыі і сустрэчаў шматлікіх вядомых людзей дыяспары, Беларусі ды Захаду. Ніводнае іншае месца ў Еўропе, у Вялікабрытані, у Лондане не збірала за апошнія пяцьдзясят год у адным месцы такой колькасці асобаў, якія стварылі і ўвекавечылі перадусім разнастайныя бакі беларускай, а таксама еўрапейскай культуры, як рэлігійнай, так і свецкай: Чэслаў Сіповіч, Аляксандр Надсан, Рэджыналд дэ Брэй, Генрых Пашкевіч, Уладзіслаў Вяльгорскі, Доналд Атуотэр, Дом Бэдэ Уінслаў, Леў Гарошка, Роберт Оты, Раіса Жук-Грышкевіч, Янка Міхалюк, Міхась Наўмовіч, Язэп Германовіч, Гай Пікарда, Арнольд Макмілін, Джэймс Дынглі, Шырын Акінэр, Антон Адамовіч, Янка Запруднік, Вітаўт і Зора Кіпелі, Івонка Сурвіла, Эльжбета Смулкова, Кастусь Маскалік, Юры Туронак, Сакрат Яновіч, Фелікс Журні, Аляксандр Баршчэўскі, Ніна Баршчэўская, Барыс Забораў, Вера Рыч, Віржынія Шыманец, Ірына Дубянецкая, Караліна Мацкевіч, Пол Уэкслер, Ігар Іваноў, Наталля Гардзіенка і г.д. Гэтыя і многія-многія іншыя імёны запісаныя ў кнігу памяці Скарынаўкі, якая ўжо становіцца дадатковым цікавым артэфактам для даследавання.
Скарынаўка
Для беларусаў, якія жывуць у Беларусі, Скарынаўка часта з'яўляецца нечым містычным, загадкавым і нерэальным, а часам проста нечым невядомым. Для многіх жа беларускіх спецыялістаў у галіне мовы, літаратуры, гісторыі, мастацтва, перакладу схаваныя ў Скарынаўцы архівы — праз далёкасць і недасягальнасць — часта ўспрымаюцца як папараць-кветка. Ну а тыя, каму давялося працаваць там, так часта прыгадваюць потым святло беларускай ліхтарні ў Лондане.
Менавіта такім было мае першае ўражанне. Змалку любіў я ліхтарні, марыў працаваць на ліхтарні. Праца ліхтарніка выклікала зайздрасць ува мне і шкадаванне, што праз тэхналагічны прагрэс чалавецтва амаль адмовілася ад ліхтарняў, каб выратоўваць судны ды жыцці, якія трапілі ў марскую непагадзь і небяспеку.Дык вось. апынуўшыся ўпершыню ў Скарынаўцы дзесяць год таму — са стосам кнігаў за сталом у зацішным і прахалодным будынку, сярод стэлажоў, перад тэчкамі старых газет, альбо на другім паверсе ў кабінеце айца Надсана — я выразна зразумеў, што я ў ліхтарні. Яна даслоўна кідала моцны пук святла, які разразаў цемру, невуцтва і вабіў усіх згубленых і засумнявалых, усіх прагных да ведаў. А сам тагачасны жывы ячшэ гаспадар Аляксандр Надсан падаваўся мне тыповым дазорцам ліхтарні, які не спаў ноччу, а ачышчаў сажу з рэфлектараў і наладжваў лінзу Фрэнэля, каб узмацніць перадачу святла ў бок Беларусі. А колькі архіваў памерлых у замежжы беларускіх аўтараў знайшлі прытулак у лонданскай ліхтарні, якія літаральна былі выратаваныя падчас крушэння жыццяў многіх нашых дыяспарнікаў у Еўропе!
У наступныя прыезды ў Лондан падчас працы ў архівах заўсёды вяртаўся вобраз, адчуванне, што я ў ліхтарні. А з'ехаўшы адтуль, на адлегласці я працягваў лавіць спадзёўнае святло лонданскай ліхтарні. І як даследнік, і як кніжнік, і як беларус, я дасюль застаюся шармаваны гэтым будынкам-светачам і, канечне, перадусім ягоным неацэнным начыннем. І я цешуся, што Скарынаўка месціцца не ў Беларусі, а свеціць нам звонку, пастаянна сігналізуючы, нагадваючы пра падтрымку з Захаду.
А яшчэ мне дзіўна і шкада дзясяткі, а мо’ і сотні тысячаў беларусаў у Вялікабрытаніі і на Захадзе наагул, якія працягваюць сваё плаванне ў апраметнай цемры і не заўважаюць святла адзінай беларускай ліхтарні на Захадзе амаль побач…