Табарніяй па Каталоніі

Падаецца, Мадрыд плануе спыніць рух за незалежнасць Каталоніі за кошт віртуальнай дзяржавы Табарнія.

atgckrwx423365.jpg

Паводле розных падлікаў, у свеце на цяперашні дзень абвешчаныя каля 80 фэйкавых дзяржаў: пачынаючы ад экзатычнага княства Сіленд, якое займае тэрыторыю марской нафтавай платформы, і заканчваючы ўсім нам вядомай Вейншнорыяй. Шанцаў рэалізаваць гэтыя дзяржаўныя праекты ў рэальнасці практычна няма. За выключэннем, магчыма, Табарніі — віртуальнай дзяржавы, якая прэтэндуе на частку барселонскай метраполіі.

Літаральна днямі, 12 студзеня, Табарнія атрымала свайго прэзідэнта. Ім стаў драматург Альберт Баадэла. Яго інаўгурацыя адбылася ў Мадрыдзе, дзе Баадэла, па яго словах, знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі. Мяркуючы па змесце выступу «прэзідэнта», гэта была, хутчэй, пародыя на былога каталонскага лідара Карлеса Пучдэмана, які зараз вымушаны хавацца ад іспанскай пракуратуры ў Бруселі. На радзіме, як вядома, Пучдэмана шукаюць за арганізацыю забароненага ўвосень рэферэндуму аб незалежнасці краю.

Здзіўляе, што на сатырычную акцыю Баадэлы адрэагавала шмат цэнтральных іспанскіх СМІ. Такая ўвага прэсы тлумачыцца асаблівасцямі цяперашняга палітычнага працэсу ў Іспаніі. У снежні па выніках выбараў каталонскія незалежнікі зноў атрымалі большасць у парламенце, які месяцам раней цэнтр распусціў за сепаратызм. Вынікі снежаньскага галасавання паставілі крыж на стратэгіі Мадрыду палітычна маргіналізаваць сепаратыстаў. Відавочна, што праз нейкі час з боку дэпутацкай большасці зноў загучаць заклікі на карысць незалежнасці. Што рабіць тады цэнтральнаму ўраду — у чарговы раз распускаць парламент, каб пасля новых выбараў атрымаць яго зноў? І тут камусьці на вочы трапіў праект «Табарнія».

Табарнію прыдумалі яшчэ з 2012 годзе ў колах той часткі каталонскай багемы, якая выступае супраць незалежнасці. Сама назва новай дзяржавы паўстала шляхам аб’яднання назваў двух самых вялікіх гарадоў рэгіёну: Тарагоны і Барселоны. Тут традыцыйна галасуюць за лаяльныя Мадрыду палітсілы, што, на думку бацькоў праекту, дае рэгіёну права на аўтаномію ў складзе Каталоніі.

Фота www.dw.com. У снежні каталонскія незалежнікі зноў атрымалі большасць у парламенце

Фота www.dw.com. У снежні каталонскія незалежнікі зноў атрымалі большасць у парламенце

Аднак па-сапраўднаму ідэя Табарніі пайшла ў масы ўвосень 2017-га — паралельна са спробамі абвясціць незалежнасць Каталоніі. Хутка падпісчыкаў на акаўнт Табарніі ў інтэрнэце стала больш за 660 тысяч. Табарнійцы таксама прыдумалі свой сцяг, гімн, іншыя атрыбуты дзяржаўнасці. А зараз, як бачым, паўстаў яшчэ і інстытут прэзідэнта.

Хаця ўсё дзяржаўнае будаўніцтва Табарніі больш падобнае на жарт, ім, падаецца, вельмі моцна зацікавіліся ў Мадрыдзе. Можна меркаваць, што існуе неагучаная ідэя неяк выкарыстаць незвычайны пратэст. Тым больш, што рух за Табарнію ўжо дамогся канкрэтных вынікаў. Замежная прэса ў апошні час надае больш увагі Табарніі, чым праекту незалежнай Каталоніі. Прычым (гэта прызнаюць нават фанаты незалежнасці) упершыню за час крызісу сімпатыі еўрапейскай грамадскасці аказаліся на баку праціўнікаў сепаратызму. У публікацыях табарнійцы выглядаюць творчымі і вольнымі асобамі, якім супрацьстаіць каталонскі бюракрат.

Так ці інакш, мадрыдскія медыя агітуюць за Табарнію. Робяцца сур’ёзныя эканамічныя разлікі наконт таго, якой заможнай магла быць аўтаномія, калі б грошы мясцовых падаткаплацельшчыкаў не ішлі на субсідыі для каталонскай перыферыі. Бухгалтэрыя сапраўды вельмі правакацыйная для жыхароў Барселоны. Барселонская метраполія дае ў бюджэт Каталоніі каля 90 працэнтаў усіх фінансавых паступленняў, аднак у выніку пераразмеркавання ёй вяртаецца толькі 60 працэнтаў.

Юрысты ўсур’ёз займаюцца пошукам прававых зачэпак, на падставе якіх Табарнія можа патрабаваць права на адміністратыўную суб’ектнасць. На першае месца высоўваецца права грамадзян самім вырашаць свой калектыўны лёс.

Культуролагі і гісторыкі разважаюць пра феномен некаталонскай, або «іншай Каталоніі». Узгадваюць, што ў свой час існавала асобная дзяржава — Барселонскае графства, нашчадкамі жыхароў якой, быццам, з’яўляюцца «табарнійцы».

27 снежня Каралеўская акадэмія Іспаніі праінфармавала пра наяўнасць у іспанскай мове выслоўя «табарніец», што азначае «жыхар Табарніі».

Хаця медыякампанія па раскрутцы Табарніі ідзе поўным ходам, дасюль незразумелая яе фінальная мэта. Няўжо Мадрыд сапраўды збіраецца інспіраваць палітычны рух за аўтаномію Табарніі? Іншая версія — істэрыка наконт Табарніі спатрэбілася цэнтру як інструмент шантажу аматараў суверэннай Каталоніі. Напрыклад, мадрыдскае правае выданне «La Razon» ледзь не адкрыта папярэджвае: сігналам для палітычнага выступу за аўтаномію Табарніі можа быць нейкі неасцярожны, радыкальны крок незалежнікаў.

Аднак выкарыстаць Табарнію напоўніцу будзе няпроста. Для гэтага Мадрыду спатрэбіцца перазагрузка праекту. Зараз спікерамі руху з’яўляюцца прадстаўнікі моладзі і творчай тусоўкі, якія бачыць у Табарніі, няхай і палітызаваную, аднак, па вялікім рахунку, гульню. З іншага боку, менавіта тут і хаваецца сакрэт прывабнасці праекта. Вельмі сумнеўна, што больш сур’ёзны фармат будзе карыстацца такой жа масавай падтрымкай.