Тапанімічная вайна
У Казахстане разгараецца вайна вакол таго, як павінны называцца гарады, імёны якіх звязаныя з часамі Расійскай імперыі.
У Казахстане разгараецца вайна вакол таго, як павінны называцца гарады, імёны якіх звязаныя з часамі Расійскай імперыі.
Casus Bellі стаў фрагмент прэс-канферэнцыі ў прамым эфіры, якую нядаўна даў Назарбаеў. Пытанні па тэлефоне задавалі грамадзяне. І вось у студыю прыйшло чарговае тэлефанаванне. На провадзе быў адзін з
жыхароў Уральску, які папрасіў гаранта надаць яго гораду новую казахскую назву. Тым больш, што назва «Уральск» звязана з часамі каланізацыі краю. Назарбаеў адрэагаваў на прапанову
туманнай рэмаркай. Сказаў нешта накшталт таго, што канчатковае рашэнне за самімі жыхарамі Уральску.
Тут усё і пачалося. Дыму без агню не бывае, вырашыла большасць жыхароў Уральску, дзе, дарэчы, пераважаюць рускамоўныя. Бо ўсім даўно зразумела, як арганізуюцца падобныя прэс-канферэнцыі. Пытанні на
іх, як правіла, рыхтуюцца загадзя, каб раптам хто не паставіў сваім тэлефанаваннем прэзідэнта ў няёмкае становішча. Няўжо ўлады сапраўды зандзіруюць глебу для рэформы? Тым больш, што ў 2005 годзе
пытанне перайменавання ўжо ўздымалася на ўзроўні абласнога выканкама.
У любым выпадку, эпізод з тэлефанаваннем Назарбаеву нарабіў розгаласу ў горадзе. Па руках абывацеляў хадзіў нібыта скрадзены з кампутараў гарадской адміністрацыі ліст з варыянтамі новых назваў
Уральску: Арал, Жайык, Акжайык і Жанібек. Пенсіянеркі і іншыя аматары чутак аўтарытэтна сцвярджалі, што лепшыя шансы мае Жайык. Менавіта так называецца гарадзішча, якое раскапалі археолагі
нядаўна недалёка ад горада. Каментуючы вынікі даследаванняў, гісторыкі тады заявілі: гістарычна цяперашні Уральск спачатку месціўся на гэтым гарадзішчы. У 1613 годзе казакі, якіх царскія ўлады
выкарыстоўвалі ў якасці авангарду каланізацыі, знішчылі тубыльскі цэнтр і заснавалі побач свой горад. У выніку адна з мясцовых краязнаўчых ініцыятыў звярнулася да прэзідэнта Назарбаева з лістом, дзе
прасіла кіраўніка краіны не пакінуць гэты факт без увагі. Адначасова пачаўся збор подпісаў за захаванне старой назвы.
Улады мусілі рэагаваць. Адзін з бацькоў горада праінфармаваў грамадскасць пра тое, што яму нічога не вядома пра Арал, Жайык, Акжайык і Жанібек як альтэрнатыўныя назвы для Уральску.
Навіну бакі канфлікту і медыя пракаментавалі вельмі арыгінальна. Праўладныя СМІ пішуць пра мудрасць Назарбаева, які не дапусціў развіцця міжнацыянальнага канфлікту. Апазіцыйныя — пра
перамогу грамадзянскай супольнасці над назарбаеўскай аўтакратыяй. Быццам улады не рызыкнулі цягацца з уральцамі, гатовымі жыццё пакласці за старую назву горада.
Сітуацыя яшчэ больш заблыталася пасля таго, як казахскія нацыяналісты абвінавацілі вядомага ва Уральску рускага патрыёта ў тым што менавіта ён тэлефанаваў тады прэзідэнту і прасіў пра перайменаванне.
Быццам за кошт званку той хацеў справакаваць рускамоўную грамаду Уральска і Казахстана на пратэсты супраць казахізацыі. Сам патрыёт сцвярджае, што абвінавачанні супраць яго — гэта справы
ягоных ворагаў, тых самых казахскіх нацы.
Не абышлося без жартаў. На форумах можна сустрэць такі пасаж: «Прапаную таксама перайменаваць Казахстан. Занадта неактуальная назва. Лепш будзе гучаць — Нурсултан». Нехта
заклікае гарадскія ўлады Уральска не выстаўляць сябе на смех: «Як жа будзе цяпер называцца мясцовы конкурс прыгажунь.«Міс Арал»?»
Аднак скандал не закончыўся нават пасля таго, як улады, здавалася, супакоілі ўральцаў. Цяпер ён перайшоў у іншую, глабальную плоскасць. Бакі актыўна спрачаюцца, наколькі мэтазгодна казахскім уладам
далей працягваць палітыку карэкцыі старой тапанімікі. Раней, нагадаем, пачалі гучаць на казахскі лад гарады Акцюбінск (цяперашні Акцюбе), Алма-Ата (сёння Алма-Аты), Гур’еў (новая назва
Атырау). Горад Омск, які ў ХІХ стагоддзі быў сталіцай так званага Сцяпнога генерал-губернатарства, у склад якога ўваходзіў Паўночны Казахстан і дзе фактычна канцэнтравалася ўся тагачасная казахская
эліта, некаторыя называюць таксама па-казахску Омбе.
Негістарычнасць назваў, кшталту Арал, Жайык г.д., і нацыяналістычны характар патрабаванняў перайменавання не выклікае сумневаў. Можна прачытаць на некаторых казахскіх інтэрнэт-рэсурсах спрэчную
легенду пра паходжанне назвы Жайык. Маўляў, пасля далучэння казахскіх зямель да Расіі Кацярына ІІ правяла нараду наконт геаграфічных назваў на захопленых землях: «Як называецца гэта рака
па-казахску?» — спытала яна ў аднаго з прыдворных. «Жайык, што ў перакладзе на рускую мову значыць Урал», — адказаў той. «Загадваю называць раку
Урал і заснаваць тут горад Уральск», — пастанавіла Яе Імператарская Вялікасць. Аднак першапачаткова рака Урал называлася Яік, а Уральск, адпаведна, Яіцкі Гарадок.
Таксама ідэя адміністратыўнага навязвання новай тапанімікі супярэчыць прынцыпу «не ставіцца да гісторыі з пункту гледжання палітычнай кан’юктуры». Адзін з блогераў
заўважае: «Гэта дурасць — праводзіць казахізацыю ўсяго і ўся. У Расіі, напрыклад, шмат гарадоў з нярускімі назвамі: Санкт-Пецярбург, Арэнбург (нямецкія назвы), аднак ніхто іх не
пераймяноўвае, таму што гэта гісторыя, ёсць і гарады з цюркскімі назвамі: Астрахань, Саратаў».
Аднак аргументы апанентаў таксама заслугоўваюць увагі. Ці магчыма будаўніцтва паўнавартаснай нацыі казахаў, калі назвы на карце Казахстана ўказваюць, хто тут быў гаспадаром? Тыя ж Паўладар і
Петрапаўлаўск названыя ў гонар рускіх цароў. «Дайшлі да ручкі. Казахі на сваёй зямлі нават не могуць назву вуліц змяніць», — піша адзін са свядомых казахаў.
----------------------------------------------------------------------------------------------
КАМЕНТАР
Андрэй Грышын, журналіст з Алма-Аты:
— Палеміка вакол перайменавання Уральску — гэта па-сутнасці прыклад правядзення ўладамі так званай палітыкі «міжнацыянальнай згоды». Дэ-факта ўлада з самага
пачатку праводзіла і праводзіць курс на распальванне шавіністычных настрояў за кошт моўнай або кадравай палітыкі. Калі нацыяналісты (рускія або казахскія) занадта гучна дамагаюцца дэ-факта перавесці
ў дэ-юрэ, улада дае зваротны ход. У такім выпадку знікне адна з самых галоўных падстаў легітымнасці Назарбаева, які выстаўляе сябе як адзіны гарант міжнацыянальнай згоды і роўнасці этнасаў
Казахстана