Тэрор на Каляды

Не паўсюль калядная ноч асацыюецца з нечым вясёлым і пазітыўным. У афрыканскай краіне Экватарыяльная Гвінея часта ўспамінаюць, што ў 1969-м акурат на свята ў рамках карнавалу Санта-Клаўсаў была расстраляная ўся эліта апазіцыі.

gettyimages_1008343608_1024x1024.jpg


У багатым гербарыі афрыканскіх дыктатараў адной з самых яркіх фігур з'яўляецца Франсіска Масіяс Нгема, які 11 гадоў кіраваў Экватарыяльнай Гвінеяй. Такому рэнамэ ён абавязаны ў тым ліку асаблівасцям сваёй біяграфіі. Будучы дыктатар нарадзіўся ў сям'і ведзьмака, які падчас нейкага рытуалу нават забіў аднаго са сваіх сыноў.

Гэтая сямейная гісторыя вельмі негатыўна адбілася на псіхіцы маладога Нгема, у якога дыягнаставалі адпаведныя праблемы, якія пагаршаліся прыняццем наркотыкаў і венерычнымі хваробамі. Аднак дзякуючы патранату каланіяльнай іспанскай адміністрацыі наш герой зрабіў кар'еру, а пасля абвяшчэння незалежнасці наогул стаў адной з самых прыкметных фігур на мясцовай палітычнай сцэне. У 1968-м яму ўдалося ліквідаваць канкурэнтаў і стаць прэзідэнтам.

Дарваўшыся да штурвала ўлады Нгема, што называецца, разгарнуўся на поўную. Першым жа законам увёў смяротнае пакаранне ці 30 гадоў турмы за пагрозы прэзідэнту ці чальцам ураду. Затым абвясціў сябе пажыццёвым прэзідэнтам і пастанавіў, што яго дэкрэты аўтаматычна атрымліваюць сілу законаў. Таксама сваім указам ён мог здымаць і адпраўляць пад арышт не толькі міністраў, але нават школьных настаўнікаў.

Увогуле ў будучыні Нгема пачаў асабіста прызначаць нават кошты на прадукты, прычым мог мяняць іх кожны дзень. Ад таго, у якім настроі ён прачнуўся, залежаў напрыклад, кошт хлеба. У адзін дзень гэта маглі быць капейкі, у іншы — кошт станавіўся касмічным.

Атрымаўшы неабмежаваныя магчымасці пераследу сваіх палітычных супернікаў, Масіяс Нгема развязаў кампанію тэрору. Любы, каго ён падазраваў у нелаяльнасці, мог быць неадкладна арыштаваны і забіты. Прычым у шэрагі нелаяльных запісвалі не толькі крытыкаў рэжыму. Напрыклад, дыктатар загадаў расстраляць усіх былых палюбоўнікаў яго актуальных палюбоўніц.

Арыштаваных накіроўвалі ў турмы, якія хутка праславіліся сваімі жахлівымі парадкамі: зняволеных прыніжалі, марылі голадам, катавалі і забівалі без належнай прававой працэдуры. Прысуджаных да смяротнага пакарання звычайна забівалі да смерці драўлянымі дубінкамі. Жанчыны-вязні падвяргаліся згвалтаванню, часта на вачах у мужоў. Рэжым заключаў у турму цэлыя сем'і, у тым ліку сужэнцаў і дзяцей падазраваных у патэнцыйным дысідэнцтве. Праблема перапоўненасці турмаў была вырашана шляхам рэгулярных масавых пакаранняў смерцю, хоць многіх зняволеных проста пакідалі паміраць ад голаду.

У рамках пераследу апазіцыі і адбыліся крывавыя падзеі падчас Калядаў 1969-га. Напярэдадні святаў прэзідэнт распарадзіўся пакараць смерцю 150 апазіцыянераў і меркаваных змоўшчыкаў. Пакаранне смерцю вырашылі правесці на нацыянальным стадыёне. Прычым, усё павінна было нагадваць нейкае свята. Салдаты, якія расстрэльвалі людзей, былі апрануты ў касцюмы Санта-Клаўсаў. Падчас пакарання з узмацняльнікаў стадыёна гучала песня «Those Were the Days» (англамоўная адаптацыя вядомай рускай песні «Дорогой длинною») у выкананні папулярнай у той час спявачкі Мэры Хопкін. Пры гэтым тым, каго расстралялі, у нечым яшчэ «пашанцавала». Яшчэ 36 чалавек, закапалі па шыю ў выкапаных імі ж ямах, пакінуўшы іх на з'ядзенне мясцовым казуркам.

94b1a49c0c4d0a7ee6286501016e8f60.jpg


Прычым, такія «вясёлыя» Каляды ў Экватарыяльнай Гвінеі ў 1969-м былі толькі ўверцюрай для яшчэ больш жахлівых падзей.

Па-першае, неўзабаве прэзідэнта ахапіла манія забараняць літаральна ўсё. Гарант закрыў усе тэатры і бібліятэкі, скасаваў адукацыю і забараніў насіць акуляры. Нгема лічыў, што іх носяць толькі разумныя людзі, а яны яго раздражнялі. «Я хоць і сам з народа, але не дурань. А яны акуляры апранаюць, каб над працоўнымі здзекавацца», — звычайна казаў ён. Пад страхам смерці нельга было прамаўляць слова «інтэлектуал».

У 1975-м была забаронена праца друкарняў. Урэшце, прэзідэнт забараніў спажыванне электраэнергіі. Электрастанцыі закрылі, краіна пагрузілася ў цемру. Толькі ў прэзідэнцкім палацы і загараднай рэзідэнцыі працавалі аўтаномныя генератары, забяспечваючы святло. У 1975-м прэзідэнт вырашыў, што рэлігія яго народу таксама больш не патрэбная. Хрысціянства было забаронена, свяшчэннікі атрымалі загад пакінуць краіну ў пяцідзённы тэрмін. Кафедральны сабор стаў складам зброі.

Пакутавалі ад выхадак «Унікальнага цуду» (афіцыйны тытул дыктатара) нават чыноўнікі і сілавікі. Нават прэзідэнцкая гвардыя з-за фінансавага хаосу была вымушана выжываць, збіраючы садавіну і палюючы на дзікіх жывёл. Што тычыцца чыноўнікаў, то часта быць адміністратарам было проста небяспечна: «ператрахванне» вертыкалі часцяком было крывавым. Так, міністра адукацыі зарэзалі на вачах у прэзідэнта, а адсечаную галаву выставілі на ўсеагульны агляд. Калі дырэктар дзяржаўнага бюро статыстыкі апублікаваў справаздачу аб дэмаграфіі, і Масіясу Нгеме падалося, што лічбы колькасці насельніцтва занадта нізкія, ён загадаў парэзаць чыноўніка на фрагменты, «каб той навучыўся лічыць».

У Нгемы ўвогуле быў свой арыгінальны погляд на тое, як павінна функцыянаваць дзяржава. Пасля дзяжурнага расстрэла міністра часам не трэба было новага прызначэння. На пасаду міністра прызначаўся сам прэзідэнт. Да пачатку 1970-х ён узначальваў узброеныя сілы, спецслужбы, міністэрства народнага будаўніцтва і, зразумела, уласны кабмін. Крыху пазней ён стаў яшчэ і мэрам сталіцы краіны, а таксама прадстаўляў 20 з 60 дэпутатаў у парламенце. Нарэшце ў 1976-м быў пакараны смерцю дырэктар Нацбанка. З гэтага моманту казна і валютныя рэзервы знаходзіліся ў рэзідэнцыі прэзідэнта. Некаторую частку з іх Нгема хаваў пад ложкам.

А сам дыктатар павольна ўпадаў у маразм. Ён блукаў вакол рэзідэнцыі, «размаўляючы» са сваімі ахвярамі і пакланяючыся калекцыі галоў жывёлаў, спадзяючыся, што гэта дасць яму чароўную сілу. Крыху пазней пачаліся галюцынацыі.

Фінал у дыктатуры быў эпічным. У 1979-м жаўнеры арганізавалі дзяржаўны пераварот. Даведаўшыся, што вайскоўцы едуць яго арыштоўваць, Нгема збег з рэзідэнцыі, прыхапіўшы з сабой увесь золатавалютны запас краіны. Праз два тыдні яго ўсё ж знайшлі. Чамаданы з пад грошаў былі пустыя. Як аказалася, падчас тулянняў па джунглях, Нгема сілкаваўся доларамі. За чатырнаццаць дзён ён з'еў амаль два мільёны баксаў, пакінуўшы краіну без фінансавага рэсурсу.

Уцекача адразу адправілі пад суд. Яму выставілі абвінавачанне ў 80 тысячах забойстваў, па 500 з іх яго прызналі вінаватым. Нарэшце, 29 верасня 1979 году суд вынес вырак: Масіяс Нгема і шасцёра яго абвінавачаных былі прысуджаныя да смяротнага пакарання і канфіскацыі іх маёмасці. Прычым сам Нгема быў прысуджаны да смяротнага пакарання 101 раз.

Але, як высветлілася, нават адзін раз пакараць экс-дыктатара аказалася праблематычным. Ніхто з салдат не захацеў забіваць былога кіраўніка краіны, паколькі той быў са старажытнага роду ведзьмакоў. Тым больш, экс-прэзідэнт пачаў яшчэ больш запалохваць ахоўнікаў, абяцаючы «ўстаць з магілы, прыйсці і з'есці іх печань». У выніку нанялі салдат-мараканцаў, якія і паставілі былога дыктатара да сценкі, выпусціўшы ў яго 40 куль.

Пасля таго як Нгему пахавалі, гвінейцы нейкі час баяліся, што былы дыктатар уваскрэсне. Аднак у выніку ён, натуральна, так і не ўваскрос.