Трымайся, Бацька!

Беларускі чорны аўторак 24-га стаў шокам для расійскіх прыхільнікаў беларускай эканамічнай і палітычнай мадэлі. У іх нараджаюцца самыя экстравагантныя версіі нашага крызісу і канцэпцыі выратавання любімага лідара. Прапануем агляд блогасферы расійскіх прыхільнікаў Лукашэнкі.

У Расіі шмат каму цяжка прыняць тое, што беларуская эканоміка дыхае на ладан.



b7d35509ab19d0cd2256a219de0fe0ff.jpg

Беларускі чорны аўторак 24-га стаў шокам для расійскіх прыхільнікаў беларускай эканамічнай і палітычнай мадэлі. У іх нараджаюцца самыя экстравагантныя версіі нашага крызісу і канцэпцыі выратавання любімага лідара. Прапануем агляд блогасферы расійскіх прыхільнікаў Лукашэнкі.
У Расіі шмат каму цяжка прыняць тое, што беларуская эканоміка дыхае на ладан.
Нехта Сяргей Кажамякін за два дні да дэвальвацыі пісаў у сваім блогу: «А што адбываецца насамрэч? Раздулі паніку (не без удзелу тых жа «свабодных» СМІ), у выніку людзі кінуліся скупляць харчовыя і нехарчовыя тавары. Як вынік — дзе-нідзе спустошылі паліцы. А як інакш? Цяпер становішча выпраўляецца. Гэта прызнаюць і самі беларусы, з якімі я меў зносіны ў апошнія дні». Праўда, у якасці доказу Кажамякін спаслаўся на цытату перадавіцы суботняй «СБ»: «Людзі супакоіліся і перасталі атакаваць крамы і банкаматы. Хваля нездаровага ажыятажу сышла».
Як аказалася, хваля не сышла. У аўторак афіцыйны Мінск дэвальваваў рубель на 56 працэнтаў. І расійскім фанатам нашай стабільнасці нічога не заставалася, як заняцца пошукам прычын такога канфузу.
Пры гэтым перш за ўсё абавязкова падкрэсліваецца, што праблемы ў РБ не сістэмныя, а выкліканыя нейкімі штучнымі фактарамі.
Так, вядомы левы эканаміст Міхаіл Дзялягін сярод гэтых фактараў называе наступствы сусветнага эканамічнага крызісу і… эканамічную палітыку расійскага кіраўніцтва. «Калі б у Расіі ішла мадэрнізацыя, то попыт на беларускую прадукцыю быў бы высокі, і беларусы проста б працавалі на нашу мадэрнізацыю. Усё было б у парадку, і ўсе былі б задаволеныя», — лічыць эканаміст.
Безумоўна, у шэрагу галоўных фактараў, якія, на думку патрыётаў, дэвальвуюць «зайчык», называецца «змова». За ёй, натуральна, стаяць злосныя заходнія імперыялісты.
«Вінаватыя тыя, каму Лукашэнка не даваў раскрасці краіну, яе прамысловасць і сельскую гаспадарку. Мэтанакіравана выкарыстоўваючы свае сувязі ў Еўропе і ў нас, яны тапілі Беларусь палітычна і эканамічна. Туды толькі што войскі NАТО не ўвялі, як у Лівію» (блогер lpwka).
Больш таго, на думку некаторых патрыётаў, супраць Бацькі выкарыстана новая зброя. Больш дакладна пра яе піша на сваім блогу нехта Эль Мюрыд: «Беларускія ўлады падвяргаюцца новаму віду атакі. Вельмі не зразумелы тэракт на фоне няпростага эканамічнага становішча, відавочна, быў накіраваны на тое, каб паказаць неабароненасць беларусаў (якраз беларусы пачувалі сябе ў бяспецы). Разбурыўшы (ці парушыўшы) гэта пачуццё, тэракт надламаў псіхіку, калектыўнае несвядомае — і людзі паступова адмовілі ў даверы ўладзе, пачаўшы, як ім здаецца, асабістае выратаванне па прынцыпе «Ратуйся, хто можа».
Канспіратары, праўда, могуць сядзець не толькі ў Брусэлі, аднак і ў першапрастольнай.
«Ёсць падазрэнні, што мы маем справу з добра арганізаванай інфармацыйнай хваляй, закліканай стварыць патрэбную грамадскую думку. Зваліць Лукашэнку, завастрыць увагу на памылках і правалах яго кіраўніцтва. І адначасова паказваць у правільным святле мудрую дзейнасць нашага ўрада, пры якім жыць стала лепш, жыць стала весялей», — думае блогер Big Royal Malamba.
Перавесіўшы ўсіх сабак на знешніх ворагаў, патрыёты думаюць, як можна выратаваць беларускую мадэль. Праўда, па большасці нічога канкрэтнага не прапануюць. Хіба што чуюцца заклікі да ўвядзення ў Беларусі расійскага рубля. Гэтыя прапановы, аднак, выклікаюць пратэсты з боку тых, хто баіцца, што такім чынам Пуцін і Ко прыбяруць да рук «крыштальны сасуд».
У выніку большасць слепа верыць у геній АГЛ. «Як у гэтых умовах не дапусціць поўнага рабавання краіны і закабалення яе, — гэта, думаецца, цяпер для Лукашэнкі самае важнае пытанне. Хочацца верыць, што і з гэтага найскладанага становішча ён усё ж знойдзе выйсце. Трымайся, Бацька!» (Аль Мурыд).
Больш прагматычным выглядае план згаданага Дзялягіна, аднак ён сам не верыць у яго поспех, паколькі такі план патрабуе кадравай рэвалюцыі ў беларускім кіраўніцтве: «Выйсце Беларусі з цяперашняй цяжкой сітуацыі — ператварэнне краіны ў тэхнапарк, канцэнтрацыя ў сябе ўсіх савецкіх прадукцыйных тэхналогій. Іншая справа, што за апошнія гады адбылася даволі значная ратацыя кадраў, і на змену людзям, якія ў 1994–1996 гадах выцягвалі Беларусь з ліберальнай памыйніцы, прыйшлі проста добрасумленныя выканаўцы. А ва ўмовах крызісу патрэбныя не добрасумленныя выканаўцы, а ініцыятыўныя людзі, якія некалі былі часткова выкінутыя з дзяржапарату, а хтосьці ў яго так і не патрапіў. Ці здолее Лукашэнка ажыццявіць гэту замену — ад гэтага і залежыць лёс Беларусі цяпер».
Дэфіцыт комплекснай праграмы выклікае ў стане чырвона-карычневых пачуццё таго, што сітуацыю ўжо не выратаваць і трэба шукаць нешта добрае нават у самым кепскім.
Каментуючы прагноз пра тое, што Беларусь чакае хваля масавай працоўнай эміграцыі, нейкі нацыяналіст Mutoids адзначае: «Ёсць шанец, што працоўныя эмігранты ў нашай айчыне здабудуць больш славянскую знешнасць. Што добра прынамсі з эстэтычнага пункту гледжання».
Яшчэ далей пайшоў карыстальнік пад нікам Totent17. Ён пабачыў у беларускім крызісе хуткі эканамічны заняпад ненавіснай яму Заходняй Украіны: «Беларусы ўвозілі і марнавалі ва Украіне да 8 мільярдаў долараў штогод на ўсякія кітайска-турэцкія шмоткі, узбагачаючы ўкраінскіх гандляроў. І тут халява скончылася. Цяпер нават зробяць бар’ер для спынення насычэння валютай. А гэта значыць, што будуць масавыя звальненні галічан. Не кажучы таго, што не будзе масавага заезду беларусаў на ўкраінскія курорты. Хай пакутуюць, укры!»
Такім чынам, назіраецца новы этап эвалюцыі пралукашэнкаўскай супольнасці ў Расіі. Яе галоўнай характарыстыкай стаў крызіс аргументаў, які праяўляецца ў няздольнасці давесці перавагу беларускай мадэлі за кошт эканамічнай статыстыкі. На першы план выходзяць канспіратыўныя тэорыі і прынцып веры ў Бацьку, што, безумоўна, з’яўляецца прыкметай маргіналізацыі расійскай супольнасці.