У Польшчы адзначаецца 38 гадавіна Жнівеньскіх пагадненняў

Жнівеньскія пагадненні разглядаліся кіраўніцтвам Польшчы як тактычная саступка перад маштабнай зачысткай краіны.

Урачыстасці з нагоды 38 гадавіны Жнівеньскіх паразуменняў. Фота PAP/Adam Warżawa

Урачыстасці з нагоды 38 гадавіны Жнівеньскіх паразуменняў. Фота PAP/Adam Warżawa

Менавіта гэта падзея лічыцца пачаткам канца панавання камунізму ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

Увесну 1980 году неэфектыўная эканамічная палітыка кіруючай Польскай Аб’яднанай рабочай Партыі давяла да пачатку забастовак на шэрагу абарончых прадпрыемстваў краіны. Цягам бліжэйшых месяцаў хваля пратэстаў апанавала амаль усю краіну.

Аднак лёсавызначальным пратэстам стала забастоўка Вольнага прафсаюза працаўнікоў Узбярэжжа, якая распачалася 14 жніня 1980 годаў Гданьскай Суднаверфі. Польскія рабочыя дамагаліся вяртання на працу завадатараў страйкаў, падвышэння заробкаў, стварэння помніка ахвярам снежаньскіх пратэстаў 1970 года, а таксама легалізацыі незалежнага прафсаюзу “Салідарнасць”.

Варта нагадаць, што дадзеныя падзеі адбываліся ў ключавой краіне сацыялістычнага лагеру. Пасля Савецкага Саюзу, Польшча валодала самым вялікім ваенным і гаспадарчым патэнцыялам, што надавала ёй асаблівы статус. За падзеямі ў Польшчы пільна сачылі як у Маскве, так і на захадзе.

Першапачаткова камуністычныя ўлады намагаліся прэвентыўна задушыць пратэсты рабочых. Дзяржаўнае тэлебачанне і радыё амаль цалкам ігнаравалі падзеі ў краіне. Асноўнымі крыніцамі інфармацыі ў той час для палякаў сталі замежныя радыёстанцыі “Вольная Еўропа”, “Голас Амерыкі”, а таксама “Нямецкая хваля”.

Дзякуючы альтэрнатыўным крыніцам, інфармацыя аб тым, што адбываецца на ўзбярэжжы Балтыйскага мора, хутка распаўсюдзілася па ўсёй краіне.

У выніку да страйку пачалі далучацца дэлегацыі рабочых з розных куткоў Польшчы. Пратэст прыняў стыхійны характар, а камуністычная ўлада імкліва страчвала панаванне над сітуацыяй, чым і была выкліканае іх згода на пошук кампрамісу.

Сёння на тэрыторыі верфі ў Гданьску адбываюцца дзяржаўныя ўрачыстасці з нагоды 38-й гадавіны жнівеньскіх пагадненняў. Ва ўрачыстасцях прымаюць удзел прэзідэнт і прэм’ер Польшчы.

Прэм'ер Польшчы Матэвуш Марвецкі падчас урачыстасці ў Гданьску

Прэм'ер Польшчы Матэвуш Марвецкі падчас урачыстасці ў Гданьску


Матэвуш Маравецкі адзначыў:

Для мяне асабіста, для майго пакалення і для ўсіх палякаў тыя дні, якія мы перажывалі 38 гадоў таму, гэта вялікая і надзвычайная перамога. Перамога еднасці, волі да барацьбы. Перад усім, гэта было змаганне за свабоду ў несвабоднай краіне.

На памятных мерапрыемствах ганаровымі гасцямі сталі ўдзельнікі тагачасных забастовак. Працягвае ўдзельнік забастоўкі на Верфі імя Парыжскай Камуны ў Гдыні Генрык Віцток.

Генрык Віцток сказаў:

— Усе гэтыя абвастрэнні змаганне з Каталіцкім Касцёлам, тады толькі Партыя мела рацыю і вызначала накірунак нашага жыцця. Вельмі добра, што тады гэта ўсё адбылося амаль без ахвяраў. Улады саступілі — і пачалася вольнай Польшча. Вельмі рады, што я да гэтага спрычыніўся.


Гданьская суднаверф

Гданьская суднаверф

Свае эмоцыі са жніўня 1980 года ўзгадвае ўдзельнік забастоўкі рабочы Гданьскай верфі імя Уладзімера Леніна Раман Кнопп.

Раман Кнопп прыгадаў:

— 31 жніўня я быў каля брамы, падчас таго як Лех Валэнса агалошваў дасягненні забастоўкі. Была вялікая радасць, але адначасова і пачуццё таго, што ўлады ў чарговы раз могуць нас ашукаць.

Сярод мноства мерапрыемстваў, прымеркаваных да чарговай гадавіны жнівеньскіх паразуменняў вылучаецца цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў пратэстаў у Гдыні.

Урачыстасці з нагоды 38 гадавіны Жнівеньскіх паразуменняў

Урачыстасці з нагоды 38 гадавіны Жнівеньскіх паразуменняў


Лех Валенса на ўрачыстасці з нагоды 38-й гадавіны Жнівеньскіх паразуменняў

Лех Валенса на ўрачыстасці з нагоды 38-й гадавіны Жнівеньскіх паразуменняў


Працягвае мэр Гдыні Войцех Шчурэк: “У нас ёсць патрэба пошуку людзей, які не траплялі на першыя палосы газетаў. Безыменныя героі мелі адвагу ўдзельнічаць у жнівеньскіх забастоўках, тут на прадпрыемствах Гдыні.

Мы, жыхары Гдыні, жывучы ў вольным краі, адчуваем абавязак падзякаваць ім, знайсці гэтых людзей і належным чынам уганараваць — запісаць іх у кнігу памяці”.

Падпісанне чатырох пагадненняў паміж пратэстуючымі рабочымі і камуністычным урадам у жніўні 1980 года прыпыніла забастоўкі, дазволіла вывесці незалежны прафсаюз “Салідарнасць” у прававое поле, паспрыяла вызваленню палітычных вязняў.

Аднак ужо ў хуткім часе стала вядома, што жнівеньскія пагадненні разглядаліся кіраўніцтвам Польшчы як тактычная саступка перад маштабнай зачысткай краіны, якая распалалася 13 снежня 1981 года ў Польскай Народнай Рэспубліцы ўвядзеннем ваеннага становішча.

 

Эдуард Жолуд, www.radyjo.net