У птэразаўраў мелася прымітыўнае пер'е
Група палеантолагаў пад кіраўніцтвам Майкла Бентана (Michael Benton) з Брыстальскага ўніверсітэта і Баою Цзяна (Baoyu Jiang) з Нанкінскага ўніверсітэта прыйшла да высновы, што ў некаторых птэразаўраў валосападобныя ніткі на целе ператварыліся ў прымітыўнае пер'е. Такім чынам, ці пер'е ў ходзе эвалюцыі ўзнікала двойчы: незалежна ў птэразаўраў і ў маніраптараў (і іх нашчадкаў — сучасных птушак), ці ж прымітыўнае протапер'е з’явілася яшчэ ў агульнага продка гэтых груп значна раней, чым лічылася.

Пра тое, што птэразаўры былі пакрытыя ніткамі, якія нагадваюць валасы, палеантолагі ведалі даўно. Такія ніткі (іх называюць пікнафібрамі) былі адзначаны яшчэ ў 1831 годзе нямецкім натуралістам Аўгустам Гольдфусам пры апісанні скафагната (Scaphognathus crassirostris) — аднаго з птэразаўраў юрскага перыяду. А іншы від птэразаўраў з-за гэтай асаблівасці знешнасці нават атрымаў імя Sordes pilosus «валасатае паскуддзе». З-за наяўнасці пікнафібр на галаве і целе птэразаўры, верагодна, атрымалі здольнасць падтрымліваць сталую тэмпературу цела.
Аб’ектам гэтага даследавання сталі скамянелыя рэшткі двух птэразаўраў памерам з голуба, якія належаць да Юрскай біёты Янляо у паўночна-ўсходнім Кітаі. Узоры узростам ад 165 да 160 мільёнаў гадоў захоўваюцца цяпер у Нанкінскім універсітэце і Інстытуце геалогіі Кітайскай акадэміі геалагічных навук у Пекіне. Даследчыкаў яны прыцягнулі надзвычай добра захаванымі пікнафібрамі — па словах Майкла Бентана, яны «выключна валасатыя».
Даследаванне пад мікраскопам паказала, што пікнафібры ў гэтых птэразаўраў былі чатырох тыпаў. Сярод іх былі і полыя кароткія валасінкі, якія складаюць самы распаўсюджаныя тып пікнафібраў, і густыя завостраныя ніткі на шыі, і пуховыя валокны на галаве, а галоўнае — пучкі разгалінаваных нітак, якія пакрывалі крылы птэразаўраў. «Правільны тэрмін для разгалінаваных рэчаў, што нараджаюцца з фалікулы скуры — гэта пяро», — кажа Бентан. Такім чынам, на крылах птэразаўраў меліся хай прымітыўныя, але ўсё-ткі пёры.
Па словах навукоўцаў, пікнафібры рознага тыпу маглі не толькі дапамагаць жывёлам рэгуляваць тэмпературу цела, але таксама ўплывалі на аэрадынамічныя характарыстыкі, вызначалі афарбоўку, маглі адыгрываць ролю ў дотыках.
Па словах Баою Цзяна, калі знойдзеныя структуры сапраўды ўяўляюць сабой разнавіднасць пёраў, гэта азначае, што яны маглі мецца ў агульнага продка птушак і птэразаўраў, а значыць пёры паўсталі не 175 мільёнаў гадоў таму, як лічыцца, а прыкладна 250 мільёнаў гадоў таму. Таксама можна выказаць здагадку, што ў шырокага спектру дыназаўраў, у тым ліку тых, што не маюць прамога дачынення да сучасных птушак, таксама маглі быць пер'епадобныя структуры на скуры.
Паводле Pro Science