У Расіі святара, які ратаваў помнікі і абараняў удзельнікаў пратэстаў, адхілілі ад службы
Растоўскага святара адхілілі ад службы на пяць гадоў. Ён абараняў гістарычныя помнікі і падпісаў ліст у падтрымку фігурантаў «маскоўскай справы» — удзельнікаў леташніх пратэстаў у Маскве, піша расійская «Новая газета».
Як паведамляе выданне, 50-гадовы іерэй Аляксандр Парфёнаў адхілены ад набажэнстваў на пяць гадоў. Прычыну забароны яму не паведамілі.
Першыя дзесяць гадоў у Растове бацюшка служыў у былым Богаяўленскім Аўрааміевым мужчынскім манастыры, а потым яго перавялі служыць у гарадскі храм Касмы і Даміяна. Гэтая мураваная царква з яруснай шатровай званіцай была пабудавана ў 18-ым стагоддзі. Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў храм зачынілі. У розны час у ім размяшчаліся Дом піянераў, воінская часць і склад прыёму шклатары. Царкву вярнулі вернікам толькі ў 1995 годзе.
Да таго моманту, калі бацюшка Аляксандр стаў яе настаяцелем, усярэдзіне былі адны голыя сцены. У царкве з'явіўся алтар, пачалася падрыхтоўка да правядзення газу. Але паслужыць у цёплым памяшканні ён так і не паспеў.
— У мяне цяпер ёсць прыкмета: калі пачынаю праводзіць у храм газ, значыць, хутка пайду, — жартуе айцец Аляксандр.
Сышоў ён не па сваёй волі. У 2010 годзе ў царкву зайшоў п'яніца, які не захацеў выходзіць з храма. Айцец Аляксандр стаў яго выправаджваць. У ходзе сутычкі ён стукнуў п'яніцу, з-за чаго апынуўся пад царкоўным судом і быў высланы ў суседні горад Рыбінск. Праз месяц пачаўся новы суд, і святара адхілілі ад служэння на год, а потым аднавілі, але выслалі ў сяло Новатраецкае. Там айцец Аляксандр заняўся аднаўленнем храма і абаронай мясцовага помніка археалогіі. Але і там здарыўся канфлікт праз гэтую грамадскую дзейнасць, на якую ў бацюшкі «не было дабраславення», і святар мусіў сыйсці.
Пасля сыходу з сельскага прыходу айцец Аляксандр падпісаў адкрыты ліст у абарону фігурантаў «маскоўскай справы», якая была заведзеная ў ліпені пасля няўзгодненых акцый за сумленныя выбары ў Масгардуму. Сваё імя пад патрабаваннем перагледзець турэмныя тэрміны для асуджаных паставілі 182 святара.
«Судовыя разборы не павінны насіць рэпрэсіўны характар, суды не могуць быць выкарыстаны як сродак падаўлення нязгодных, прымяненне сілы не павінна ажыццяўляцца з неапраўданай жорсткасцю, — гаварылася ў лісце. — Мы выказваем занепакоенасць тым, што вынесеныя прысуды ў большай ступені падобныя на запалохванне грамадзян Расіі, чым на справядлівае рашэнне ў дачыненні да падсудных».
Адкрыты ліст стаў беспрэцэдэнтным, адзначаў «Маскоўскі цэнтр Карнегі». Святары ўпершыню сталі на абарону сваіх вернікаў, а не наадварот. Прычым зрабілі гэта без узгаднення з царкоўнымі ўладамі і якіх-небудзь гарантый. У РПЦ пазней ліст клірыкаў назвалі палітычным выказваннем: «[Святарам] павінна быць вядома, што палітычнымі дэкларацыямі можна толькі паспрабаваць змагацца з уладай, а не змяняць свет на пачатках ісціны Хрыстовай, але справа ў тым, што барацьба з уладай ніколі не была і не будзе місіяй Царквы».
Пасля падпісання ліста на некаторых святароў пачаўся ціск. Пад ім апынуўся і растоўскі святар Аляксандр Парфёнаў. Што паслужыла прычынай забароны — яго грамадская дзейнасць па абароне культурнай і гістарычнай спадчыны або актыўная грамадзянская пазіцыя па «маскоўскай справе» (а можа і ўсё разам) — на судзе казаць не сталі. Але як адзначае сам бацюшка, незадаволенасць яго працай і поглядамі «спела даўно».