У Турцыі 13 апазіцыйных журналістаў атрымалі турэмныя тэрміны
Турэцкі суд прысудзіў 13 журналістаў апазіцыйнай газеты Cumhuriyet да зняволення па абвінавачванні ў падтрымцы тэрарыстычных арганізацый.
Журналісты застануцца на волі да рашэння суда па апеляцыі.
Суд палічыў, што сваёй працай супрацоўнікі газеты аказвалі падтрымку «Працоўнай партыі Курдыстана», леварадыкальнай «Рэвалюцыйнай народна-вызваленчай партыі-фронту» і руху апальнага прапаведніка Фетхулы Гюлена, які, на думку ўладаў, стаяў за няўдалай спробай вайсковага перавароту ў Турцыі ў 2016 годзе .
Незалежная газета Cumhuriyet была заснавана ў 1924 годзе. Яна прытрымліваецца апазіцыйнай лініі ў адносінах да прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана і часта крытыкуе яго.
Сярод асуджаных журналістаў ёсць вядомыя аўтары. Журналіст-даследчык Ахмет Шык, аўтар кнігі «Армія Імама», у якой распавядаецца аб сетцы прыхільнікаў Гюлена ў турэцкіх ўрадавых установах, быў прыгавораны да сямі з паловай гадоў зняволення.
Бухгалтар газеты Эмрэ Іпер атрымаў тэрмін у тры гады і адзін месяц па артыкуле аб прапагандзе тэрарызму.
Вядомы карыкатурыст Муса Карт быў прыгавораны да трох гадоў і дзевяці месяцаў, галоўны рэдактар Мурат Сабунчу — да сямі з паловай гадоў.
Яшчэ трое супрацоўнікаў газеты былі апраўданыя.
Выканаўчага дырэктара газеты Акіна Аталая прысудзілі да сямі гадоў зняволення. Паколькі Аталай адбыў ужо 542 дня заключэння з моманту арышту, а іншыя журналісты застаюцца на волі да апеляцыі, суд пастанавіў вызваліць і яго ў чаканні апеляцыі.
Аталай у гутарцы з журналістамі сказаў, што ўлады ўзялі яго калегаў у «закладнікі», а ў якасці «выкупу» патрабуюць саму газету. «Гэтую газету нельга купiць i за грошы [...] нашы калегі пакажуць, што значыць займацца журналістыкай», — дадаў ён.
Cumhuriyet ( «Рэспубліка») лічыцца найстарэйшай газетай у краіне: яна была заснавана ў 1924 годзе адным з паплечнікаў заснавальніка Турэцкай Рэспублікі Мустафы Кемаля Атацюрка. Рэдакцыя газеты знаходзіцца ў Стамбуле, у яе таксама ёсць прадстаўніцтва ў Анкары і Ізміры.
На сённяшні дзень Cumhuriyet — адно з нешматлікіх выданняў у Турцыі, якія знаходзяцца ў адкрытай апазіцыі да прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана. Гэта таксама адна з нямногіх апазіцыйных газет, якія не былі зачыненыя пасля спробы дзяржаўнага перавароту.
Напярэдадні суда газета выйшла з перадавіцай «Хопіць гэтай жорсткасці», а пасля прысуду на яе сайце з’явіўся загаловак «Вы будзеце пасаромленыя ў гісторыі».
Эрдагана абвінавачваюць ва ўшчамленні свабоды прэсы. У сакавіку гэтага года па абвінавачванні ў сувязях з арганізацыяй Фетхуллы Гюлена ўжо былі асуджаныя 25 журналістаў.
Прысуд выклікаў пратэст міжнароднага Камітэту абароны журналістаў. «Турэцкія ўлады павінны перастаць прыраўноўваць журналістыку да тэрарызму і вызваліць дзесяткі журналістаў, якія селі ў турму толькі за тое, што рабілі сваю працу», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.
Паводле BBC