Украінскія выбары: погляд з радзімы Цімашэнка

Нягледзячы на тое, што Юлія Цімашэнка паходзіць з Днепрапятроўску, яе электаральныя пазіцыі тут вельмі слабыя. Пра гэта і іншыя аспекты кампаніі па выбарах прэзідэнта ва Украіне журналісту «НЧ» Алег Пятроў размаўляе са Зміцерам Дудачам, днепрапятроўскім гісторыкам і журналістам.

— Згодна сацыялагічным апытанням, цяперашнія выбары ўкраінскага прэзідэнта пройдуць у два тура. Пры гэтым у другім туры Януковіч будзе супрацьстаяць Цімашэнка. За каго прагаласуюць на радзіме Цімашэнка ў Днепрапятроўску і чаму?



02f039058bd48307e6f653a2005c9dd2.jpg

Нягледзячы на тое, што Юлія Цімашэнка паходзіць з Днепрапятроўску, яе электаральныя пазіцыі тут вельмі слабыя. Пра гэта і іншыя аспекты кампаніі па выбарах прэзідэнта ва Украіне журналісту «НЧ» Алег Пятроў размаўляе са Зміцерам Дудачам, днепрапятроўскім гісторыкам і журналістам.
— Згодна сацыялагічным апытанням, цяперашнія выбары ўкраінскага прэзідэнта пройдуць у два тура. Пры гэтым у другім туры Януковіч будзе супрацьстаяць Цімашэнка. За каго прагаласуюць на радзіме Цімашэнка ў Днепрапятроўску і чаму?
— У большасці мае землякі будуць галасаваць за Януковіча. Чаму? Думаю, што сваю ролю тут адыграў папярэдні прэзідэнт Кучма, які мае ў нас вялікі аўтарытэт. Ён быў дырэктарам буйнога мясцовага прадпрыемства «Южмаш». І падчас свайго прэзідэнцтва шмат разоў намагаўся давесці, што Юлія сваёй кар’ерай абавязана Паўлу Лазарэнку (Лазарэнка — былы старшыня ўкраінскага ўраду, які вядомы шматлікімі карупцыйнымі скандаламі. Зараз сядзіць у турме ЗША за нелегальнае адмыванне грошай). Даказаць сувязі Юліі з мафіяй Лазарэнкі не ўдалося, інакш яна была б таксама ў турме. Аднак на мазгі электарату гэты міф значна паўплываў. Акрамя таго, Цімашэнка канцэптуальна варожая мясцовай эліце. Яна ўвасабляе клан камсамольцаў канца 1980-х гадоў. Днепрапятроўск кантралюе былая гаспадарчая эліта, звязаная з крыміналам. Важна падкрэсліць, што наш рэгіён, ужо пачынаючы з 1970-х гадоў, быў адным з цэнтраў савецкага ценявога бізнесу, так званых цэхавікоў. У 1990-я гады яны знайшлі агульную мову з чыноўнікамі на базе продажу каляровых металаў. Гэта і ёсць сацыяльная прырода Партыі рэгіёнаў.
— Аднак Юшчанка таксама належыць да генерацыі, якая прыйшла ў палітыку ў сярэдзіне 1990-х з так званых бізнес-камсамольцаў.
— Юшчанка не ўвасабляе вобраз апазіцыі постсавецкай наменклатуры. Звычайна ён увогуле шукае кампраміс. Менавіта гэты момант, дарэчы, вельмі важны для разумення, чаму людзі галасуюць за Юлію. Цімашэнка мела ўсё і магла застацца далей ва ўладзе, аднак падняла паўстанне супраць боса Кучмы. Для яе, калі верыць яе словам, важней упісаць сваё імя залатымі літарамі ў гісторыю, а не красці грошы з бюджэту. Таму яе мітынгі не падобныя на акцыі іншых палітыкаў. Людзі ўважліва яе слухаюць. Юшчанка не мае такога рэсурсу падтрымкі.
— А што можа радыкальна змяніцца ў выпадку, калі да ўлады прыйдзе Януковіч або Цімашэнка?
— Нічога. Юлія не будзе радыкальна ісці на Захад, каб не страціць галасы ў цэнтры і на ўсходзе. Януковіч тым больш не пойдзе ў Расію з-за страху стаць пешкай Крамля. Увогуле, Януковіч вельмі змяніўся за апошнія гады. Ён вывучыў украінскую мову, ён стаў больш тактычна ставіцца да пытанняў, важных для выбаршчыкаў з Заходняй Украіны. Ён зараз выглядае як галоўны пераможца «аранжавай» рэвалюцыі. Усе «аранжавыя» ўсё прайгралі, а ён спакойна прыняў правілы іх гульні, маральна перамог. Цяпер засталося толькі фармальна атрымаць большасць галасоў. Гэта рэальна.
— Вельмі важны момант для гэтых выбараў — хто будзе трэцім? На думку палітолагаў, гэта адкрые бронзаваму прызёру добры плацдарм на наступных выбарах, якія дадуць старт новаму цыклу ва ўкраінскай палітыцы.
— Думаю, трэцім будзе ўсё ж малады Арсен Яцэнюк. Ён першы пачаў кампанію. Я падтрымліваю тэзіс пра тое, што за Яцэнюком стаіць зяць Кучмы — Пінчук, які любіць укладаць грошы ў перспектыўныя праекты. Была зроблена стаўка на раскрутку імя. Ёсць яшчэ адукаваны эканаміст, цяпер алігарх Сяргей Цыгіпка. Але я хацеў бы падкрэсліць, што для Украіны вельмі важны маральны аспект. Людзі галасавалі за Юшчанку ў 2004 годзе, таму што ён выглядаў больш сімпатычным на фоне Януковіча, які сядзеў у турме, мае відавочныя кантакты з мафіяй. Таму зараз, прынамсі сярод днепрапятроўскай інтэлігенцыі, папулярная фігура былога міністра абароны Анатоля Грыцэнкі, які прайшоў шлях ад сына селяніна, навучэнца сувораўскай вучэльні да кіраўніка Мінабароны.
— Калі вынікі выбараў не зменяць нічога кардынальна, у чым іх глабальнае значэнне?
— Думаю, пераадолець разрыў паміж Усходам і Захадам. Апошнім часам гэта тэма набыла нездаровы падтэкст. Самае смешнае, што — магчыма, першыню ў гісторыі — жыхары Заходняй Украіны ставяцца да жыхароў Усходняй больш талерантна. Без пераадолення падзелу на заходніх і ўсходніх украінцаў ніякія сапраўдныя змены немагчымыя.
— У вашым рэгіёне вельмі папулярна постаць Нестара Махно. Увогуле, ён уваходзіць у дзесятку самых папулярных асоб Украіны. Чаму махноўская спадчына не эксплуатуецца сучаснымі палітыкамі?
— Я б не сказаў. Юрый Луцэнка, міністр МУС, патрануе штогадовы культурны фестываль у Гуляйполі — рэзідэнцыі махноўскай арміі. Дзякуючы яму тут пабудаваны помнік Махно. Эксплуатацыя вобраза Махно відавочная, аднак хутчэй гэта інвестыцыі на будучыню. На фоне інфляцыі іншых ідэйных канцэпцый такая тактыка ў перспектыве можа прынесці дывідэнды.