Украіна судзіцца з Расіяй у Страсбургу
Еўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу пачаў разгляд двух пазоваў, пададзеных Украінай супраць Расіі, паведамляе "Радыё Свабода".
Пазовы датычыцца падзей у Крыме і Данбасе.
У распаўсюджаным у чацвер камюніке ЕСПЧ паведамляецца, што 25 лістапада суд папрасіў расейскі ўрад афіцыйна прадставіць свае заўвагі адносна правамернасці двух скаргаў, пададзеных украінскім урадам з нагоды парушэння артыкула 33 (міждзяржаўныя пытанні) Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў.
Свае заўвагі расейскі бок павінен прадставіць на працягу 16 тыдняў.
Першы пазоў, які паступіў у ЕСПЧ 13 сакавіка, тычыцца сакавіцкіх падзеяў у Крыме і сітуацыі на ўсходзе Украіны. Пазоўнік — урад Украіны — сцвярджае, што з 27 лютага гэтага года Расея ўстанавіла кантроль над Аўтаномнай Рэспублікай Крым, над дзейнымі ва ўсходняй частцы Украіны сепаратыстамі і ўзброенымі групамі.
Такім чынам, гаворыцца ў пазоўнай заяве, сітуацыя ў гэтым рэгіёне знаходзілася пад расейскай юрысдыкцыяй, і, адпаведна, пад ёй жа мелі месца шматлікія выпадкі парушэння Еўрапейскай канвенцыі.
Украінскі бок апелюе да наступных артыкулаў дакумента: 2-гі (права на жыццё), 3-ці (забарона на катаванні і бесчалавечнае абыходжанне ), 5-ты (права на свабоду і бяспеку), 6-ты (права на справядлівы суд), 8-мы (права на павагу прыватнага жыцця), 9-ты (свабода веравызнання), 10-ты (свабода слова), 11-ты (свабода сходаў і асацыяцый), 13-ты (права на афектыўнае абскарджанне) і 14-ты (забарона на дыскрымінацыю).
Акрамя гэтага, пазоўнікі паказваюць на парушэнне пратаколаў Канвенцыі, якія тычацца абароны прыватнай уласнасці і свабоды перамяшчэння.
Згодна з заключэннем украінскага боку, з сакавіка па верасень гэтага года, з прычыны анексіі Крыма і падтрымкі Расеяй сепаратысцкіх груп на ўсходзе Украіны, там здзяйсняліся сістэматычныя забойствы ўкраінскіх вайскоўцаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў і цывільных асоб. У пазове згадваюцца выпадкі катаванняў і захопу грамадзянскага насельніцтва. Прыводзяцца выпадкі дыскрымінацыі крымскіх татараў, якія жадалі захаваць ўкраінскае грамадзянства, а таксама выпадкі нападаў на журналістаў. У пазове ўказваюцца факты незаконнай экспрапрыяцыі ўкраінскага маёмасці новымі ўладамі Крыма і факты нелегальнага абмежавання ўезду ўкраінскіх грамадзян у Крым, з рэгіёнаў Украіны, якія мяжуюць з ім.
У другім пазове, пададзеным 13 чэрвеня гэтага года, гаворка ідзе аб трох выпадках меркаванага захопу прарасейскімі сепаратыстамі ўкраінскіх дзяцей на ўсходзе Ўкраіны і іх часовай адпраўкі ў Расею ў перыяд з чэрвеня па жнівень 2014 года.
Па першай скарзе ЕСПЧ прыняў папярэднія захады, заклікаўшы Расею і Украіну ўстрымацца ад любых крокаў, здольных прывесці да парушэння правоў цывільнага насельніцтва.
Па другім пазове расейскаму ўраду было загадана забяспечыць захаванне правоў захопленых у палон людзей і прасачыць за іх неадкладным вяртаннем на тэрыторыю Ўкраіны. Гэтае прадпісанне было знятае пасля таго, як украінскія дзеці вярнуліся на радзіму.