Усе, хто выжыў, ведаюць зараз аблічча «русского мира»

Роўна пяць гадоў таму пад камандаваннем расійскіх вайскоўцаў былі акупаваныя ўкраінскія гарады Славянск і Краматорск. У адказ на гэта вышэйшае вайскова-палітычнае кіраўніцтва Украіны распачало правядзенне Антытэрарыстычнай аперацыі, якая перарасла ў паўнавартаснае ваеннае супрацьстаянне з Расійскай Федэрацыяй.

033_zahalounaje_fota_logo.jpg

Фота аўтара
Гібрыдная ваенная агрэсія РФ цалкам перафарматавала геапалітычную прастору, у якой знаходзіцца і Беларусь.
Пэўныя элементы гэтай неаімперскай расійскай знешнепалітычнай праграмы, аўтарам якой ёсць начальнік Генштабу Узброеных сілаў РФ Валеры Герасімаў, актыўна задзейнічаныя і ў адносінах нашай краіны. Крытычна важна на прыкладзе рэалізацыі гэтай праграмы ў Крыме і ў Данбасе разумець і ўсведамляць пагрозы для нацыянальнай бяспекі Беларусі.
Пад час майго апошняга падарожжа на Данбас я ў гэтым не толькі дадаткова пераканаўся, але і фізічна адчуў жахлівыя наступствы «русского мира», якім атручаная ўся нашая постсавецкая прастора. Падарожжа я здзейсніў некалькі месяцаў таму дзякуючы сяброўскай падтрымцы грамадскай экспертнай ініцыятывы «Украінская прызма».
Славянск і Краматорск — магутны машынабудаўнічы кластар украінскай прамысловасці. Абодва гарады, адлегласць паміж якімі менш за 10 кіламетраў, уваходзяць у склад агламерацыі з цэнтрам у Краматорску. У яе таксама ўваходзяць Ліман, Дружкаўка і Канстанцінаўка, агульная колькасць насельніцтва складае прыблізна 600 тысяч чалавек. Гэта важны цэнтр машынабудаўніцтва ўкраінскага Данбасу, а таксама раён з вельмі развітай сельскай гаспадаркай.
Ён выразна адрозніваецца ад шахтарскіх гарадоў і вельмі падобны, напрыклад, да беларускага Гомеля, у якім жыве параўнальна столькі ж насельніцтва і які ёсць адным з цэнтраў машпраму Беларусі. Шмат у чым гэтыя ўкраінская і беларуская мясціны ў візуальным плане ўспрымаюцца ідэнтычна. Гэта асэнсоўваеш адразу, як толькі прыяздаеш у гэты рэгіён Данбасу. Аднатыпная гарадская забудова, наяўнасць вялікіх раёнаў прыватнага сектару і прамзонаў. Падобныя гандлёвыя і забаўляльныя цэнтры, аўтасалоны, аб’екты адпачынку практычна нівелююць якія-кольвек адрозненні.
Амаль адразу прыходзіць і шокавае ўсведамленне ад таго, з якой лёгкасцю была захоплена гэтая агламерацыя расійскімі акупацыйнымі войскамі. Пры практычна поўным бяздзеянні мясцовых сілавых ведамстваў.
Баявыя дзеянні, якія Расія пачала праводзіць увесну 2014 года ў Данбасе, сталіся працягам ваеннай агрэсіі супраць Украіны, распачатай з акупацыі Крыму. Расія намагалася рэалізаваць «крымскі сцэнар» у шэрагу рэгіёнаў кантынентальнай Украіны. Для дэстабілізацыі сітуацыі ва ўсходніх і паўднёвых рэгіёнах Украіны РФ пачала перакідваць праз расійска-ўкраінскую мяжу вялікую колькасць выведвальна-дыверсійных групаў (ДВГ).

Баевікі расійскіх акупацыйных сілаў, dw.com

Баевікі расійскіх акупацыйных сілаў, dw.com

Паводле задумы вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцітва РФ, аперацыя «Русская Весна» павінна была стварыць падставы для дэстабілізацыі і адасаблення ўкраінскіх тэрыторый, правядзення на іх так званых «рэферэндумаў» і мажлівага далучэння да Расіі. Славянск быў абраны ў якасці фарпосту для пашырэння гібрыднай агрэсіі і рэалізацыі планаў захопу ўсёй леваўзбярэжнай Украіны са стварэннем сухапутнага калідору да Крыму, захопу Мікалаеўскай і Адэскай абласцей і выхаду да Прыднястроўя. Для гэтых мэтаў ва Украіне былі максімальна задзейнічаныя агенты ўплыву РФ, мясцовы крыміналітэт і калабаранты, мабілізаваныя ў разнастайныя струтуры прарасійскіх арганізацый.

019_1.jpg

Баевікі расійскіх акупацыйных сілаў
6 красавіка 2014 года па камандзе расійскіх куратараў баявікі пачалі захоп будынкаў абласной дзяржадміністрацыі ў Данецку і абласнога ўпраўлення СБУ ў Луганску. На наступны дзень, 7 красавіка, у Данецку абвясцілі стварэнне так званай «ДНР», звярнуліся наўпрост да Пуціна з просьбай увесці «міратворчыя» расійскія войскі. Характэрна, што ў Данецку да гэтага праходзілі праўкраінскія мітынгі з агульнай колькасцю ўдзельнікаў ад 5 да 10 тысячаў чалавек. Данецкі інстытут сацыяльных даследаванняў і палітычнага аналізу з 26 па 29 сакавіка 2014 года праводзіў апытанне, вынікі якога засведчылі, што 40,8% жыхароў Данецку падтрымлівалі акцыі за адзінства Украіны і толькі 26,5% — дзеянні прарасійскіх сілаў, пры гэтым 77% жыхароў гораду асуджалі захоп адмінбудынкаў.
12 красавіка 2014 года, роўна праз 6 дзён пасля захопу Данецкай абласной дзяржадміністрацыі, расійскія сілы ўварвання, якія складаліся пераважна з вайскоўцаў дыверсійна-выведвальных групаў РФ, з’явіліся ў Славянску, Краматорску і Дружкаўцы. Дзейнічалі яны ў складзе зводнага атраду ФСБ «Крым», які ў колькасці 52 чалавекі быў перакінуты з акупаванай украінскай паўвыспы. Разам з імі дзейнічалі байцы расійскіх прыватных вайсковых кампаніяў, найміты, прадстаўнікі расійскіх «казачых» фарміраванняў і мясцовыя калабаранты — байцы расфармаванага спецпадраздзялення МУС «Беркут», крыміналітэт і іншыя баявікі з тэрарыстычнага ўтварэння «ДНР». Ачольваў групоўку ўварвання з Крыму палкоўнік запасу Ігар Гіркін («Ігар Стралкоў», далей «Стралкоў-Гіркін»), які, паводле яго словаў, крыху больш за год да гэтых падзеяў быў палкоўнікам ФСБ РФ.
Пад агульным контролем і каардынацыяй дзеянняў расійскімі спецслужбамі ў 116-тысячным Славянску адбыўся захоп дзяржаўных адміністрацыйных установаў, упраўлення СБУ і аддзяленняў міліцыі. Захопленая зброя раздавалася баявікам. Адбывалася гэта на фоне практычна поўнай адсутнасці супраціву мясцовых сілавых ведамстваў, шматлікія прадстаўнікі якіх адкрыта супрацоўнічалі з акупацыйнымі сіламі. Ключавыя аб’екты ў Краматорску захоплівалі некалькі дзясяткаў чалавек пры адсутнасці супрацьдзеяння асабовага складу гарадскога аддзялення міліцыі, які налічваў 380 чалавек. Паводле аналагічнага сцэнару адбываўся захоп Горлаўкі і іншых гарадоў Данбасу.
Непасрэдна саўдзельнічаў і дапамагаў расійскім акупантам у тэрарыстычнай дзейнасці ў Славянску пратаярэй Віталій, святар Свята-Уваскрасенскай царквы, які перадаў адзін з падкантрольных будынкаў Маскоўскага патрыярхату для арганізацыі базы баявікоў. Апроч духавенства дзеянням акупантаў у Славянску спрыяла мэр гораду і чалец «Партыі Рэгіёнаў» Нэля Штэпа. Яна не толькі здзяйсняла значную падтрымку расійскім акупантам, але і ўдзельнічала ў правядзенні так званага «рэферэндуму 11 траўня» па «самавызначэнні "ДНР"».


13 красавіка 2014 года, паводле заявы Аляксандра Турчынава, які на той момант часова выконваў абавязкі прэзідэнта Украіны, Рада нацыянальнай бяспекі і абароны пачала поўнамаштабную антытэрарыстычную аперацыю (АТА) з прыцягненнем сілаў і сродкаў Збройных Сілаў Украіны (ЗСУ) і Нацыянальнай Гвардыі Украіны (НГУ).
Першы бой АТА адбыўся 13 красавіка 2014 года непадалёк аднаго з раёну Славянску — Сямёнаўкі. Да акупаванага гораду на гелікаптэрах павінны былі перакінуць спецпадраздзяленне «Амега» НГУ, а яму для ўзмацнення была вылучаная рота дэсантнікаў 80-й аэрамабільнай брыгады разам з шасцю БТРамі. Праз збег абставінаў рота не прыбыла да «Амегі» і знаходзілася непадалёк магістралі пад Сямёнаўкаю. Падраздзяленне расійска-акупацыйных войскаў арганізавала ў лесапасадцы засаду і чакала далейшых дзеянняў. Неўзабаве да дэсантнікаў пад’ехала група з шасці байцоў Цэнтру спецаперацый «А» («Альфа») Упраўлення СБУ ў Палтаўскай вобласці. Разам з дэсантнікамі ўжо знаходзіліся камандуючы ПДВ Аляксандр Швец і два намеснікі старшыні СБУ — Віктар Ягун і Віталь Цыганюк. Праз некаторы час з дарогі раптоўна з’ехалі тры аўтамабілі з баявікамі, якія адразу адкрылі агонь па супрацоўніках СБУ. Другая група баявікоў, што сядзела ў лесапасадцы, таксама пачала страляць.
Характэрна, што дэсантнікам, якія пагрузіліся ў БТРы, быў дадзены загад не адкрываць агонь. Аднак яго свядома парушыў камандзір 3-й роты 80-й брыгады старшы лейтэнант Вадзім Сухарэўскі, які агнём з буйнакалібернага кулямёту БТРу падтрымаў байцоў «Альфы». Агонь баявікоў быў падаўлены і яны былі вымушаныя адступіць. У баі загінуў капітан спецпадраздзялення «Альфа» СБУ Генадзь Білічэнка. Ён стаў першым вайскоўцам, які аддаў свае жыццё за Бацькаўшчыну ў вайне на Данбасе. З яго біяграфіі вядома, што пэўная частка яго жыцця была звязаная і з Беларуссю.

Генадзь Білічэнка — першы загінулы ўкраінскі вайсковец у вайне на Данбасе, censor.net.ua

Генадзь Білічэнка — першы загінулы ўкраінскі вайсковец у вайне на Данбасе, censor.net.ua


Ён нарадзіўся ў Казахстане, а ў 1984 годзе разам з бацькамі пераехаў у нашую краіну. У 1994 годзе скончыў Бабруйскі аўтатранспартны тэхнікум. У тым жа годзе пераехаў да бацькоў, якія жылі на той час у Палтаўскай вобласці. Служыць у СБУ пачаў у чэрвені 1995 года. Падчас бою з расійскімі падраздзяленнямі, нягледзячы на раненне, працягваў весці агонь, прыкрываючы сваіх пабрацімаў. Загінуў на месцы бою праз шматлікія раненні. У яго засталіся жонка і сын.
Вядома, што нападам на «альфаўцаў» кіраваў намеснік Стралкова-Гіркіна, камандзір ударнай групы атраду ФСБ «Крым» Сяргей Журыкаў (снайпер, пазыўны «Ромашка»), па сумяшчальніцтве — служыцель РПЦ Маскоўскага патрыярхату, панамар Кіева-Пячэрскай Лаўры. Быў выхадцам з Крыму, меў расійскае грамадзянства. Апроч яго яшчэ чацьвёра баявікоў атраду ўваходзілі ў структуру Маскоўскага патрыярхату на тэрыторыі Украіны.

Помнік загінулым украінскім вайскоўцам на ўездзе ў Славянск, фота аўтара

Помнік загінулым украінскім вайскоўцам на ўездзе ў Славянск, фота аўтара

У першы дзень АТА байцы «Амегі» знішчылі блокпост расійскіх сілаў з боку Краматорску і яшчэ адзін з харкаўскага напрамку. Аднак на гэтым першы штурм Славянска скончыўся, украінскія сілавікі адмовіліся ўваходзіць у горад без прыкрыцця бронетэхнікі.
15 красавіка 2014 года падраздзяленні ўкраінскага спецназу вызвалілі вайсковы аэрадром у Краматорску, які быў вельмі важным аб’ектам: ён дазваляў прымаць вайскова-транспартную авіяцыю, а таксама прыкрываў падыходы да Славянска і Краматорска.
У гэты ж дзень да Славянска выправіўся 1-ы рэзервовы батальён аператыўнага прызначэння НГУ з асабовым складам да 350 чалавек. Характэрна, што гэты батальён быў цалкам сфармаваны з добраахвотнікаў — сябраў сотняў Самаабароны Майдану, якія папярэдне прайшлі спецпадрыхтоўку на палігоне Нацгвардыі ў сяле Новыя Пятроўцы пад Кіевам. Баявой падрыхтоўкай і зладжваннем байцоў дабрабату займаўся Герой Украіны генерал-маёр Сяргей Кульчыцкі, які больш за месяц да сваёй трагічнай гібелі на гары Карачун пад Славянскам знаходзіўся разам з дабраахвотнікамі.

Герой Украіны генерал-маёр Сяргей Кульчыцкі, morpeh.com.ua

Герой Украіны генерал-маёр Сяргей Кульчыцкі, morpeh.com.ua


Пасля гібелі Сяргея Кульчыцкага яго імя стала пачэсным найменнем 1-га рэзервовага батальёну НГУ.
Гара Карачун з’яўляецца пануючай вышынёй над усёй прылеглай мясцовасцю, на ёй месціўся тэлерадыёперадавальны цэнтр разам з тэлевежай. 17 красавіка 2014 года дыверсійна-выведвальныя групы Галоўнага ўпраўлення (колішняе «ГРУ») Генштабу УС РФ захапілі гэты стратэгічны аб’ект, пасля чаго адразу замянілі трансляцыю ўкраінскіх тэлерадыёканалаў на тэлебачанне Расійскай Федэрацыі.

Гара Карачун, фота аўтара

Гара Карачун, фота аўтара

У той жа дзень кіраўнік Расіі Пуцін зрабіў заяву пра тое, што паўднёвы ўсход Украіны — гэта «Новороссия», а Харкаў, Данецк, Луганск, Херсон, Мікалаеў і Адэса былі перададзеныя ў склад Украіны савецкім урадам. Менш чым праз год, аналагічныя заявы пра незаконную перадачу Гомеля, Магілёва і Віцебска Беларусі зрабілі і іншыя рэалізатары неаімперскага курсу Расіі.
Каб спыніць распаўсюд на тэрыторыі Данбасу расійскай прапаганды, Дмітро Яраш разам з фарміраваннем «Правы Сектар» вырашаюць правесці адну з першых контратак украінскіх добраахвотнікаў у вайне на Данбасе. Правядзенне аперацыі, паводле словаў Яраша, папярэдне ўзгадняюць з Аляксандрам Турчынавым, які на той час працягваў выконваць абавязкі прэзідэнта.

Дмітро Яраш, antikor.com.ua

Дмітро Яраш, antikor.com.ua


Удзельнікі наступальнага рэйду, які пачаўся 20 красавіка 2014 года, павінны былі знішчыць трансфарматар тэлевізійнай вежы на гары Карачун. Яны мелі абмежаваны боекамплект, большасць байцоў «Правага Сектару» не мелі ані бронекамізэлек, ані шаломаў. Падчас правядзення аперацыі яны цалкам знішчылі блокпост баявікоў на заходнім уедзе ў Славянск. Аднак добраахвотнікі былі вымушаныя адступіць, бо падчас бою зазналі істотныя страты.

24 красавіка 2014 года адбылася другая спроба штурму Славянска. Украінскія вайскоўцы знішчылі некалькі блокпастоў расійскай гібрыднай арміі, аднак наступ спыніўся і баявікі аднавілі кантроль над некаторымі страчанымі пазіцыямі. Паводле словаў першага віцэ-прэм’ера Украіны Віталя Ярэмы, у Славянску і Краматорску дыслакаваліся байцы 45-га палку ПДВ УС РФ.

Выгляд з гары Карачун на Славянск, фота аўтара

Выгляд з гары Карачун на Славянск, фота аўтара

Да 25 красавіка фарміраванне ўкраінскай вайсковай групоўкі вакол Славянска завяршаецца, горад апынаецца ў закрытым коле. Баявікі трапілі ў атачэнне з поўнай ізаляцыяй, аднак працягвалі значны супраціў. Расійскае камандаванне арганізавала вельмі добрую абарону гораду. Зробленыя капаніры пад бронетэхніку, вялікая колькасць добра абсталяваных агнявых пунктаў, здзейсненая адпаведная інжынерная падрыхтоўка мясцовасці. Апроч гэтага баявікі мелі пераносныя зенітныя ракетныя комплексы. 2 траўня 2014 года з дапамогаю ПЗРК яны збілі ў небе над Славянскам два вайсковыя штурмавыя гелікаптэры Мі-24 16-й брыгады армейскай авіяцыі ЗСУ.

034_logo.jpg


Ключавым аб’ектам для дэакупацыі Славянска і Краматорска з’яўлялася гара Карачун. Кантроль над ёй украінская армія вярнула 3 траўня 2014 года. Пазіцыі на працягу двух месяцаў утрымлівала рота ўкраінскіх вайскоўцаў 95-й асобнай аэрамабільнай брыгады. Баевікі не пакідалі спробаў адбіць гэты стратэгічны пункт і праводзілі шматлікія штурмавыя атакі і артылерыйскія абстрэлы.
Літаральна праз пару дзён, 5 траўня 2014 года, падраздзяленне НГУ разам з дэсантнікамі ЗСУ і байцамі «Альфа» СБУ трапіла ў засаду ў раёне Славянску — Сямёнаўцы. Праціўнік абсталяваў пазіцыі ў жылых будынках і адкрыў інтэнсіўны агонь па ўкраінскіх вайскоўцах з буйнакаліберных кулямётаў, снайперскіх вінтовак і іншай стралковай зброі, а таксама з гранатамётаў.

Зруйнаваныя гарадскія кварталы Сямёнаўкі, фота аўтара
Бой трываў больш за гадзіну. Дзякуючы прафесійным дзеянням украінскіх вайскоўцаў, а таксама своечасоваму падмацаванню атака баевікоў была адбітая. Вораг зазнаў досыць вялікія страты — больш за 40 забітых — і адступіў да прамзоны Славянску. Шматлікія жыцці мясцовых жыхароў удалося ўратаваць. У гэтым баі загінулі палкоўнік СБУ Аляксандр Анішчанка, маёр СБУ Руслан Лужэўскі, прапаршчык НГУ Віктар Далінскі. Характэрна, што Аляксандр Анішчанка быў сярод тых афіцэраў, хто афіцыйна адмовіўся страляць у пратэстоўцаў і ўдзельнічаць у спецаперацыі штурму Майдану ў лютым 2014 года.

Афіцэры СБУ Аляксандр Анішчанка і Руслан Лужэўскі, прапаршчык НГУ Віктар Далінскі

Афіцэры СБУ Аляксандр Анішчанка і Руслан Лужэўскі, прапаршчык НГУ Віктар Далінскі


У сярэдзіне траўня 2014 года падраздзяленні ўкраінскай арміі знішчылі ўмацаванні расійскіх акупацыйных войскаў у 5-кіламетровай зоне вакол гары Карачун. Паводле сведчанняў украінскіх вайскоўцаў, у баявых дзеяннях супраць іх удзельнічала значная колькасць «кадыраўскіх» баявікоў.
Атакі на ўкраінскія блокпасты вакол Славянска не спыняліся. 24 траўня 2014 года ля сяла Карлаўка, што на паўноўчным ускрайку Славянска, у раёне скрыжавання аўтадарогаў падчас атакі загінуў баец НГУ, чацвёра былі параненыя. Былі пашкоджаныя жылыя будынкі і псіхіятрычная лякарня, якая загарэлася. 28 чэрвэня па гэтым жа блокпосце баявікі наладзілі мінамётны абстрэл, у выніку якога загінулі тры вайскоўцы 95-й аэрамабільнай брыгады ЗСУ.
29 траўня расійскія баевікі збілі гелікаптэр Мі-8МТ НГУ, з дапамогаю якога была праведзеная ратацыя асабовага складу на пазіцыях гары Карачун і здзейсненая дастаўка прадуктаў харчавання. У выніку збіцця гэлікаптэра загінулі 12 чалавек, сярод іх — генерал-маёр Сяргей Кульчыцкі. Літаральна праз некалькі дзён, 1 ліпеня, у выніку мінамётнага абстрэлу пазіцый баявікі знішчылі таксама і тэлерадыёвежу, 222-метровая металічная канструкцыя якой упала на зямлю.

Новая пабудаваная тэлерадыёвежа, побач ляжаць знішчаныя баевікамі секцыі старой, фота аўтара

Новая пабудаваная тэлерадыёвежа, побач ляжаць знішчаныя баевікамі секцыі старой, фота аўтара


Напачатку чэрвеня 2014 года для ўмацавання кола атачэння вакол Славянска выправіўся другі батальён НГУ, таксама сфармаваны з удзельнікаў «Самаабароны Майдану». Ужо на наступны дзень украінскія вайскоўцы знішчылі ўмацаваны раён у Сямёнаўцы. Баявікі зазналі маштабныя страты. Аднак страты маюцца і ва ўкраінскага боку: падчас аперацыі загінулі тры і былі параненыя 50 вайскоўцаў.
24 чэрвеня 2014 года пасля ўзлёту з гары Карачун з ПЗРК баявікі збілі чарговы гелікаптэр — шматмэтавы Мі-8, у якім загінулі 9 чалавек. Сярод іх былі адмыслоўцы, якія ўсталёўвалі абсталяванне для правядзення маніторынгу тэрыторыі і фіксацыі парушэнняў перамір’я ў зоне правядзення АТА, якое было абвешчанае з 20 чэрвеня 2014 года.

На абарончых пазіцыях ужо валадарыць раслінасць, фота аўтара

На абарончых пазіцыях ужо валадарыць раслінасць, фота аўтара

Пасля аднаўлення АТА 1 ліпеня 2014 года кола атачэння вакол Славянска істотна звузілася. На той момант акупацыйны гарнізон у Славянску налічваў звыш 1800 чалавек, быў ўзброены 5-цю танкамі, перакінутымі з Расійскай Федэрацыі, 120-мм самаходнымі артылерыйска-мінамётнымі ўстаноўкамі «Нона». Зафіксавана, што яны адкрывалі агонь з іх па ўкраінскіх пазіцыях наўпрост з дзіцячай пляцоўкі ля захопленага хрысціянскага цэнтру ў Славянску.

На фота Дзяніс Івашын

На фота Дзяніс Івашын

Напрацягу ўсяго некалькіх наступных дзён, 3 і 4 ліпеня 2014 года супольныя сілы ЗСУ, НГУ, батальёну МУС «Кіеў-1» ліквідавалі да 200 баявікоў, знішчылі апорныя пункты і склады боепрыпасаў ў п. Мікалаеўка і вызвалілі гэты населены пункт. Склады БК украінскія сілавікі знішчылі таксама і ў раёне Сямёнаўкі. Баявікі пачалі масава дэзертаваць у напрамку Данецка, пэўная іх частка працягвала трымаць арганізаваную абарону ў цэнтры Славянска. Аднак панічныя настроі цалкам апанавалі групоўку Стралкова-Гіркіна, якая 5 ліпеня збегла са Славянска некалькімі калонамі праз 5-ты блокпост і абыходным шляхам праз 4-ты блокпост у кірунку Краматорска. Асноўны ўдар прыняў на сябе 5-ты блокпост, які абараняла рота 25-й паветрана-дэсантнай брыгады, падраздзяленне МУС з Запарожскай вобласці і ўзвод НГУ з батальёну імя Кульчыцкага. Падчас спробы прарыву групоўкі Гіркіна вайскоўцы знішчылі ўсю бронекалону праціўніка.

Пяты блокпост украінскіх вайскоўцаў знаходзіўся паміж Славянскам і Краматорскам, glavred.info

Пяты блокпост украінскіх вайскоўцаў знаходзіўся паміж Славянскам і Краматорскам, glavred.info


Фарпост «русского мира» быў разгромлены. Праз Краматорск, Дружкаўку і Канстанцінаўку баявікі адступілі ў Данецк, пры гэтым, відавочна, прыкрываліся цывільнымі, каб пазбегнуць авіяцыйнага ўдару. Украінскія вайскоўцы пачалі аперацыю зачысткі Славянска і аднаўлення кантролю над горадам. Штурмавыя групы ліквідавалі агнявыя кропкі, падаўлялі агонь снайпераў і раззбройвалі мясцовую міліцыю, якая супрацоўнічала з акупантамі. Адразу разгортваецца місія па гуманітарнай дапамозе жыхарам гораду.

Помнік і памятны знак загінулым вайскоўцам на 5 блокпосце 4 ліпеня 2014 г. Фота аўтара
 Цягам 5-6 ліпеня 2014 года быў адноўлены кантроль над гарадамі Краматорск, Бахмут (да 2016 года Арцёмаўск), Дружкаўка і Канстанцінаўка. Над гарадамі паноўна лунае ўкраінскі сцяг. Дзяржава, валанцёрскі рух, дабрачынныя арганізацыі пачалі аднаўленне інфрастуктуры і жылога фонду вызваленых гарадоў.

Украінскія вайскоўцы вярнулі дзяржаўны сцяг на будынак гарадской дзяржаўнай адміністрацыі г. Славянска, censor.net.ua

Украінскія вайскоўцы вярнулі дзяржаўны сцяг на будынак гарадской дзяржаўнай адміністрацыі г. Славянска, censor.net.ua

Мір быў адноўлены коштам жыцця прыблізна 70 украінскіх вайскоўцаў і 100 мірных жыхароў.
«Русский мир» пакінуў пасля сябе вельмі глыбокія крывавыя раны.
Пасля вызвалення Славянску ў горадзе знайшлі тры месцы масавых пахаванняў людзей, забітых расійскімі акупацыйнымі войскамі. Быў жорстка забіты Уладзімір Рыбак — дэпутат Горлаўскай гарадской рады. 17 красавіка 2014 года ён намагаўся зняць атрыбутыку тэрарыстычнага ўтварэння «ДНР» з флагштоку гарадской дзяржаўнай адміністрацыі ў Горлаўцы і вярнуць на яго ўкраінскі сцяг. За гэта яго выкралі, жорстка катавалі і забілі. Паводле версіі СБУ, выкраданне Уладзіміра Рыбака было здзейсненае па загадзе падпалкоўніка ГУ Генштабу УС РФ Ігара Безлера (пазыўны «Бес»). Па загадзе Стралкова-Гіркіна ўкраінскага патрыёта даставілі ў Славянск, дзе, пасля страшэнных катаванняў, забілі. Яго цела са слядамі тартураў знайшлі 22 красавіка ў рэчцы Казённы Тарэц непадалёк Славянска.
Разам з ім было знойдзенае і цела Юрыя Папраўкі — удзельніка Рэвалюцыі Годнасці, сябра 23-й сотні Самаабароны Майдану. На абодвух целах меліся апёкі, сляды ад нажавых раненняў. Вызначана, што яшчэ жывым ім успаролі жываты і кінулі ў Казённы Тарэц. У гэтай жа рэчцы непадалёк Славянска амаль праз тыдзень знайшлі са слядамі катаванняў і цела Юрыя Дзякоўскага — паплечніка Юрыя Папраўкі і таксама ўдзельніка Рэвалюцыі Годнасці.

Закатаваныя ўкраінскія патрыёты — Уладзімір Рыбак, Юры Папраўка і Юры Дзякоўскі

Закатаваныя ўкраінскія патрыёты — Уладзімір Рыбак, Юры Папраўка і Юры Дзякоўскі

У лютым 2015 года Прэзідэнт Украіны ўзнагародзіў Уладзіміра Рыбака, Юрыя Папраўку і Юрыя Дзякоўскага званнем Героя Украіны пасмяротна.
На акупаваных тэрыторыях расійская акупацыйная адміністрацыя здзяйсняла рэлігійны пераслед святарства і вернікаў пратэстанцкіх цэркваў, грэка-каталіцкай і ўкраінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату і іншых канфесіяў. 8 чэрвеня 2014 года баевікі расійскага тэрарыстычнага фармавання «Русская православная армия» выкралі ў Славянску чатырох хрысціянаў веры евангельскай — дыяканаў Уладзіміра Вялічку і Віктара Брадарскага, а таксама двух дарослых сыноў старэйшага пастара — Рувіма і Альберта Павенкаў. Пасля жорсткіх катаванняў усіх выкрадзеных расстралялі.

Забітыя вернікі царквы «Прэабражэнне Гасподняе», sprotyv.info

Забітыя вернікі царквы «Прэабражэнне Гасподняе», sprotyv.info

З пачаткам акупацыі ў Славянску была забароненая праўкраінская палітычная дзейнасць, усе палітычныя партыі з патрыятычнай скіраванасцю былі закрытыя. Паводле загаду каменданта акупацыйнай адміністрацыі Славянска грамадзяніна Расіі Вячаслава Панамарова, жыхары захопленага гораду павінны былі інфармаваць пра падазроных асобаў і асабліва пра тых, хто размаўляў на ўкраінскай мове.
Славянск стаў сапраўдным сімвалам жорсткасці і трагізму. Людзей катавалі і забівалі ў адміністрацыйных будынках, у падвале СБУ. Тыя, хто апынуўся пад акупацыяй, перажылі канфіскацыі, марадзёрства, бясчынства і гвалт, а таксама абстрэлы жылых будынкаў баявікамі, якія імітавалі дзеянне нібыта ўкраінскай артылерыі.

Пакінутыя рэчы баевікоў расейскіх акупацыйных падраздзяленняў / Фота аўтара

Пакінутыя рэчы баевікоў расейскіх акупацыйных падраздзяленняў / Фота аўтара

Усе, хто выжыў, ведаюць цяпер, як выглядае сапраўднае аблічча «русского мира» і якія «цывілізацыйныя каштоўнасці» прыносяць з сабою расійскія акупанты.
Украінская дзяржава адраджае інфраструктуру і сацыяльную сферу вызваленых гарадоў, аднаўляе аб’екты жыллёва-камунальнай гаспадаркі, з дапамогаю рэзервовага фонду дапамагае адрамантаваць прыватны жылы фонд.

Пабудаваны новы жылы дом у н.п. Мікалаеўка замест знішчанага на гэтым жа месцы. Фота аўтара

Пабудаваны новы жылы дом у н.п. Мікалаеўка замест знішчанага на гэтым жа месцы. Фота аўтара

Будуе новыя жылыя дамы, бальніцы, дарожную інфраструктуру, арганізуе працу цэнтраў псіхалагічнай рэабілітацыі. Пры падтрымцы Еўрасаюза адчыняе цэнтры надання адміністрацыйных паслугаў.

017_2_logo.jpg

Будаўніцтва новага будынка медычнай установы ў Сямёнаўцы. Фота аўтара
Ніхто не жадае, каб вайна вярнулася на гэтую зямлю, таму Украіна грунтоўна ўзмацняе абароназдатнасць сваёй арміі, рэфармуе эканоміку, фундаментальным чынам развівае нацыяльную ідэнтычнасць. Выстаўляе магутны бар’ер на мяжы з Расіяй і акупаванымі тэрыторыямі. Украінскі народ канстытуцыйным шляхам замацаваў свой курс на еўраатлантычную інтэграцыю, уступ у Еўрасаюз і NATO. Гэтыя міжнародныя інстытуцыі будуць спрыяць не толькі эканамічнаму і гуманітарнаму развіццю Украіны, але і надзейнай абароне яе еўрапейскага цывілізацыйнага выбару.

Фота аўтара

Фота аўтара

Беларусь таксама, як і Украіна, знаходзіцца на лініі геапалітычнага цывілізацыйнага разлому. Гэтая тэрыторыя заўжды знаходзілася і будзе перабываць у сферы жыццёвых інтарэсаў Расіі. Пануючы прарасійскі рэжым у Беларусі на працягу апошняй чвэрці стагоддзя спрыяе актыўнаму размыванню нацыянальнай беларускай ідэнтычнасці ў адзіным сацыякультурным асяроддзі з Расіяй. Праводзіць вайсковую, палітычную, эканамічную і гуманітарную інтэграцыю з дзяржавай-агрэсарам. Пры гэтым нацыянальны палітычны рух у Беларусі разгромлены і пераведзены ў дэсідэнцкае становішча, а для расійскіх прапагандысцкіх СМІ ў беларускай інфапрасторы створаныя ўсе ўмовы для дамінавання.

Дэмантаж помніка Леніну ў Славянску, 24tv.ua

Дэмантаж помніка Леніну ў Славянску, 24tv.ua

Усё гэта значна абвастрае пагрозы для нацыянальнай бяспекі нашай краіны, бо «крымскі» ці «данбаскі» сцэнар дэстабілізацыі сітуацыі Беларусі, пэўна, выглядае для Расійскай Федэрацыі звышвыканальнай задачай. Праз чвэрць стагоддзя «падрыхтоўчай дзейнасці», з улікам празмернай насычанасці наўпроставымі агентамі ўплыву Расіі ўсёй сістэмы дзяржаўнага кіравання, адсутнасці фармаванняў Узброеных сілаў Беларусі, выстаўленых супраць ударнай наступальнай лініі РФ, створаныя ідэальныя ўмовы для канчатковага вырашэння «беларускага пытання». Дзеля гэтага падрыхтаваны і механізм рэалізацыі — так званае «Союзное государство».
Усім жывым і цвярозым сілам беларускага грамадства варта кансалідавацца і аб’яднаць высілкі дзеля абароны Беларусі. Каб не даць ператварыць яе ў выпаленую тэрыторыю, растаптаную і панявечаную акупантамі. Незагоеныя крывавыя раны Данбасу павінны быць нам усім напамінам.