Літва адклікала з Расіі свайго амбасадара праз пагрозы

Міністэрства замежных справаў Літвы адклікала для кансультацыяў амбасадара ў Расіі Рэмігіюса Матузаса, паведамляе «Радыё Свабода».

28420791_5ce9_469b_b234_88f960cd6c4b_w1023_r1_s.jpg


Як піша Delfi, прычыны дзве: па-першае, ён сведка ў дасудовым расследаванні аб непразрыстай выдачы візаў, а па-другое, яму прыходзілі пагрозы, не звязаныя з ягонай дзейнасцю.

Паводле міністра замежных справаў Літвы Лінаса Лінкявічуса, карупцыйнае расследаванне, у якім Рэмігіюса Матузас фігуруе спецыяльным сведкам, звязанае ў тым ліку з Расіяй, таму «яму некаторы час лепей не ехаць у гэтую краіну».

У справе ўжо выставілі абвінавачанні грамадзяніну Расіі, былому амбасадару Літвы ў Расіі Рымантасу Шыдлаўскасу, якога вінавацяць у атрыманні хабару за спрыянне ў выдачы візаў расійскаму бізнесоўцу Рынату Насыраву. Насыраў і Шыдлаўскас затрыманыя.

Пагрозы, як сцвярджае літоўскі бок, былі звязаныя са «справай 13 студзеня». Два тыдні таму ў Літве за ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці быў асуджаны цэлы шэраг людзей, звязаных з забойствам пратэстоўцаў у 1991 годзе. Большасць судзілі завочна.

Былы міністр абароны СССР Дзмітрый Язаў быў завочна асуджаны да 10-ці, а былы афіцэр КДБ Міхаіл Галаваты — да 12-ці гадоў пазбаўлення волі. Перад судом паўсталі толькі два савецкія афіцэры, грамадзяне Расіі — затрыманы ў Літве з 2014 года Юры Мель і Генадзі Іваноў, які жыве ў Вільні. Следчы камітэт Расіі распачаў крымінальную справу ў дачыненні да чатырох суддзяў Віленскага акруговага суду, якія судзілі Язава.​

www.svaboda.org