Успышка ў небе над Кіевам: метэор, спадарожнік NASA ці іншапланетнікі?

У небе над Кіевам учора ўвечары бачылі яркую ўспышку. Гэта ж назіралі і жыхары паўднёвай часткі Беларусі. Што здарылася на самай справе?

1681940831_4484.webp

Успышкі над Кіевам

Увечары ў сераду, 19 красавіка, жыхары ўкраінскай сталіцы пачалі публікаваць відэа, на якім бачныя ў цёмным небе яркія ўспышкі. Пасля гэтага пачуўся гук, падобны да выбуху. Пры гэтым трывогі на гэты момант не было.

Аб'ект у небе, які падаў і зіхацеў белым святлом, бачылі ў многіх раёнах Кіева, а таксама жыхары паўднёвай Беларусі. Адразу пасля гэтага ўключыліся сігналы паветранай трывогі.

Спачатку кіраўнік Офіса ўкраінскага прэзідэнта Андрэй Ярмак заявіў, што працавала СПА. Аднак ужо пасля пост выдаліў і заклікаў чакаць інфармацыю ад паветраных сіл.

Пазней вырашылі, што моцнае свячэнне, заўважанае познім вечарам у небе над Кіевам, звязана з падзеннем спадарожніка NASA.

«Каля 22:00 гадзін 19 красавіка ў межах Кіева ў небе назіралася яркае свячэнне паветранага аб'екта. Паводле папярэдняй інфармацыі, гэта з'ява стала вынікам падзення на зямлю касмічнага спадарожніка NASA», — паведаміў кіраўнік Кіеўскай гарадской ваеннай адміністрацыі Сяргей Папко.

Сапраўды, у пачатку гэтага тыдня NASA апавясціла, што навукова-даследчы спадарожнік «RHESSI», які адслужыў свой тэрмін, увойдзе ў зямную атмасферу ў сераду. Гэты спадарожнік прызначаны для вывучэння выбліскаў на сонца. Яго запусцілі ў 2002 годзе, аднак ужо ў 2018 годзе апарат вывелі з эксплуатацыі.



Украінскія СМІ ўчора паведамілі, што гэта, відаць, спадарожнік NASA, які ў той дзень якраз мусілі выводзіць з арбіты. Аднак у амерыканскім касмічным агенцтве заявілі, што іх спадарожнік усё яшчэ знаходзіцца на арбіце пад наглядам NASA.

Украінцы высунулі сваю версію і зрабілі мноства мемаў пра ўспышкі над Кіевам. У прыватнасці, усе жартавалі пра ўварванне прышэльцаў-іншапланетнікаў.



NASA не пацвердзіла, што ўспышка ў небе над Кіевам выклікана падзеннем спадарожніка

19 красавіка сапраўды чакаўся спуск з арбіты апарата «RHESSI», прызначанага для назірання за выбліскамі і каранарнымі масавымі выкідамі на сонца. Аднак, са слоў прадстаўніка NASA Роберта Маргеты, цяпер спадарожнік усё яшчэ застаецца на арбіце і не ўваходзіў у атмасферу Зямлі. Тым больш ён не мог пралятаць над Кіевам. NASA і Мінабароны ЗША працягваюць яго адсочваць. Акрамя таго, іншыя спадарожнікі кампаніі таксама не ўваходзілі ў атмасферу з арбіты.

Раней у навуковай супольнасці «Alpha Centauri» паведамілі, што траекторыя падзення гэтага спадарожніка пралягае вельмі далёка ад тэрыторыі Украіны. Па словах навукоўцаў, найбольш верагодным выглядае здагадка, што ўспышка была выклікана падзеннем метэарыта.

 

«Высокаэнергетычная акустычная падзея». Як цяпер тлумачаць выбліск над Кіевам?

У галоўным цэнтры спецыяльнага кантролю пры Дзяржаўным касмічным агенцтве Украіны ўдакладнілі,  што «разліковае месца эпіцэнтра выбуху знаходзіцца ў Кіеўскай вобласці», астатняя інфармацыя ўдакладняецца.

Ва Украіне а 21:57 па часе Кіева ў сераду адбылася «высокаэнергетычная акустычная падзея», якая, імаверна, звязана з уваходам касмічнага цела ў шчыльныя слаі атмасферы.

Аўтары праекта «Alpha Centauri» напісалі, што каля сталіцы ўпаў метэор.