Вайна, якая можа паўтарыцца. Дасье ў карыкатурах

Пасля перавароту ў Нігеры Афрыка аказалася напярэдадні новай рэгіянальнай вайны. Застаецца спадзявацца, што па маштабах яна будзе больш сціплай, чым апошні падобны канфлікт — Вялікая афрыканская вайна. 

 Малюнак мастака Одры Ан ві Кігзо

 Малюнак мастака Одры Ан ві Кігзо

У той канфлікт (1998—2022) былі ўцягнуты дзевяць краін і звыш 20 груповак, якія змагаліся на 50 франтах. Вайна забрала жыцці 5 мільёнаў чалавек. 

Посткаланіяльная Афрыка ніколі не было мірнай тэрыторыяй, хаця супярэчнасці мелі больш-менш лакальны характар. Адносна «спакойнае» жыццё скончылася ў пачатку 90-х, калі ў Руандзе пачалася вельмі жорсткая грамадзянская вайна паміж народнасцямі хуту і тутсі, якая імкліва перарасла ў генацыд (у выніку былі знішчаны каля мільёна тутсі). Пры гэтым дзейнічалі пагромшчыкі пры відавочным патуранні міжнароднай грамадскасці і перш за ўсё Францыі, якая кантралявала частку тэрыторыі краіны. Гэтая тэма знайшла адлюстраванне ў многіх карыкатурах. На малюнку мастака Одры Ан ві Кігзо (Audrey-Ann Di Quinzio) рука з французскім трыкалорам дамалёўвае выяву нажа, марку якога звычайна выкарыстоўвалі для забойства тутсі. 

Тыя тутсі, каму ўдалося пазбегнуць гібелі, пабеглі ў суседні Заір. Разам з імі да суседзяў рушылі і прадстаўнікі хуту. Барацьбу адно з адным яны працягнулі ўжо на тэрыторыі Заіра. Гэта было на руку супернікам прэзідэнта Мабуту, якія зрабілі стаўку на тутсі. Галоўны апазіцыянер краіны Ларан-Дэзірэ Кабіла ўзначаліў паўстанне. Яго падтрымалі Уганда, Руанда, Ангола і Бурундзі. Пад іх ціскам рэжым Мабуту быў зрынуты, сам ён збег у Марока, дзе неўзабаве і памёр. Вось так адлюстраваў падзенне дыктатуры Мабуту мастак пад псеўданімам Marnix.

Малюнак мастака Marnix

Малюнак мастака Marnix

Хаця Кабіла перайменаваў краіну Заір у Дэмакратычную Рэспубліку Конга (ДРК), ніякай дэмакратыяй у ДРК і не пахла. Новы прэзідэнт пасварыўся з саюзнікамі, стаў масава дэпартаваць тутсі. Непапулярныя меры Кабілы справакавалі паўстанне. Закіпела новая грамадзянская вайна з уласцівымі ёй этнічнымі чысткамі.

Афрыканскія суседзі зноў выбіралі, які бок канфлікту заняць. Ангола, Зімбабвэ, Намібія, Судан і Чад падтрымалі Кабілу і яго ўрад; Бурундзі, Руанда, Уганда і прадстаўнікі ангольскай апазіцыі сталі ваяваць разам з паўстанцамі. Вайна прыняла зацяжны характар з пазіцыйнымі баямі за важныя населеныя пункты. Ваенныя групоўкі змянялі і нішчылі адна адну, шматлікія ахвяры сярод мірнага насельніцтва, якое да таго ж пакутавала ад голаду. Сутнасць вайны па-афрыканску на малюнку мастака Эмада Хаяі (Emad Hajjaj).

Малюнак мастака Эмада Хаяі (Emad Hajjaj).

Малюнак мастака Эмада Хаяі (Emad Hajjaj).

У 2001 годзе адбылася падзея, якая шмат у чым павярнула хаду гісторыі. Падчас сваркі з целаахоўнікам быў забіты прэзідэнт Кабіла. Да ўлады прыйшоў сын прэзідэнта Жозэф, якога таксама нельга назваць дэмакратам. Яго маніпуляцыі на выбарах мясцовы мастак параўнаў з пуцінскімі фальсіфікацыямі. На гэтую тэму малюнак мастака па мянушцы Ged. Аднак новы гарант быў зацікаўлены ў тым, каб як мага хутчэй скончыць вайну. У ліпені 2002 года ў сталіцы ПАР — Прэторыі — Жозэф Кабіла і руандыйскі прэзідэнт падпісалі мірную дамову.

Малюнак мастака па мянушцы Ged

Малюнак мастака па мянушцы Ged

Аднак па факце баявыя сутыкненні да гэтага часу не скончыліся. Войскі замежных дзяржаў пакінулі тэрыторыю Конга, аднак больш за 70 розных паўстанцкіх груповак па-ранейшаму застаюцца ва ўсходніх правінцыях краіны для незаконнай здабычы карысных выкапняў і іх наступнай кантрабанды. Прычым найвялікшую значнасць для іх маюць нават не золата і дыяменты, а калтан, які выкарыстоўваецца пры вырабе практычна ўсіх сучасных электронных прылад. Пры гэтым самі кангалезцы практычна нічога ад гэтага бізнесу не атрымліваюць. На малюнку графіка сайта Toonpool тэрыкон прыбытку ад эксплуатацыі рэсурсаў ДРК роўны па памерах зоне смерцяў простых кангалезцаў ад голаду, хвароб і войнаў.

 Малюнак графіка сайта Toonpool

 Малюнак графіка сайта Toonpool

Тым часам на гарызонце ўжо прыкметы новай маштабнай вайны. Эканамічная супольнасць краін Заходняй Афрыкі (ECOWAS) пад патранатам Францыі і ЗША мае намер вярнуць да ўлады ў Нігеры легітымнага прэзідэнта, якога зрынулі вайскоўцы. У сваю чаргу шэраг краін рэгіёна (яны прытрымліваюцца арыенціру на Маскву і Пекін) абяцаюць мілітарную падтрымку нігерыйскім путчыстам. Раней паведамлялася, што путчысты таксама звярнуліся да ПВК «Вагнер» з просьбай аб дапамозе. Здаецца, вайна няўхільная. Зрэшты, ёсць меркаванні, што ўсё абмяжуецца словамі і пагрозамі, паколькі відавочна, што такі канфлікт справакуе цунамі мігрантаў у Еўропу. Так, напрыклад, мяркуе мастак рэсурсу Political Cartoon. На яго малюнку прадстаўнік ECOWAS выказвае выключна абурэнне ў адрас вайскоўцаў Нігера.

Малюнак мастака Political Cartoon

Малюнак мастака Political Cartoon