Яшчэ ў адной краіне Афрыкі здзейснены ваенны пераварот
Сям'я прэзідэнта Габона кіруе краінай амаль 60 гадоў, ён пераабраўся на трэці тэрмін ва ўмовах адключэння інтэрнэту і адсутнасці назіральнікаў. Вайскоўцы пасля публікацыі вынікаў закрылі межы і распусцілі інстытуты ўлады.
Вайскоўцы Габона па тэлебачанні абвясцілі аб адмене вынікаў выбараў прэзідэнта і роспуску дзяржаўных інстытутаў, перадае AFP. Al Jazeera піша пра закрыццё дзяржаўных межаў.
«У імя габонскага народа <...> мы вырашылі абараніць мір, паклаўшы канец цяперашняму рэжыму», — заявілі вайскоўцы.
У ліку дзяржаўных інстытутаў, якія прыпынілі працу, яны назвалі ўрад, Сенат, Нацыянальную асамблею, Канстытуцыйны суд і галоўны выбарчы орган.
Сярод выступоўцаў па тэлебачанні сілавікоў былі члены прэзідэнцкай гвардыі ў зялёных берэтах, салдаты рэгулярнай арміі і афіцэры паліцыі. У сталіцы Габона, Лібрэвіле, чутная страляніна, паведамляюць журналісты AFP і Reuters.
Раней 64-гадовы прэзідэнт Алі Бонга Андзімба, які займае пасаду c 2009 года, нібыта набраў на выбарах 64,27% галасоў, тым самым пераабраўшыся на трэці тэрмін. Яго галоўны супернік, прафесар эканомікі Альберт Андо Асса, набраў, па афіцыйных даных, 30,77%. Апазіцыя абвінаваціла прэзідэнта ў парушэннях на выбарах, яе лідар абвясціў пра сваю перамогу.
Сям'я прэзідэнта кіруе краінай ужо 56 гадоў — папярэднім кіраўніком дзяржавы з 1967 года быў яго бацька, Амар Бонга.
Каля траціны насельніцтва Габона жыве за рысай беднасці, вынікае са звестак Сусветнага банка, нягледзячы на багатыя запасы нафты ў краіне.
Галасаванне прайшло пры адсутнасці міжнародных назіральнікаў, каменданцкай гадзіне на тэрыторыі ўсёй дзяржавы і прыпыненні доступу да інтэрнэту. Некаторыя выбарчыя ўчасткі адкрыліся з моцным спазненнем.
У 2019 годзе ў Габоне ўжо спрабавалі здзейсніць ваенны пераварот. Узброеныя людзі захапілі дзяржаўную радыёстанцыю, пасля чаго яны выпусцілі зварот да народа, у якім абвясцілі аб намеры аднавіць дэмакратыю. Аднак у той жа дзень мяцеж быў падаўлены. Крыніца FRI паведамляла пра адсутнасць поўнай падтрымкі путчыстаў у габонскай арміі.
Улады ўжылі слёзатачывы газ для разгону натоўпу, які сабраўся для падтрымкі перавароту. Трох абвінавачаных прысудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі, астатніх апраўдалі.
У выпадку поспеху гэты ваенны пераварот стане восьмым у Заходняй і Цэнтральнай Афрыцы за апошнія тры гады. Раней вайскоўцы прыйшлі да ўлады ў Нігеры, Малі, Гвінеі, Буркіна-Фасо і Чадзе.
Паводле РБК.