Вайскоўцы ў Нігеры абвясцілі, што зрынулі прэзідэнта краіны
Прэзідэнт Нігера Махамед Базум адхілены ад улады, яго ўтрымліваюць вайскоўцы прэзідэнцкай гвардыі. Пра пераварот абвясціла ў эфіры нацыянальнага тэлебачання краіны група вайскоўцаў.
Салдаты заходнеафрыканскай краіны Нігер абвясцілі па нацыянальным тэлебачанні пра пераварот. Яны заявілі, што скасавалі канстытуцыю, прыпынілі працу ўсіх устаноў і закрылі межы краіны.
Прэзідэнт Махамед Базума адхілены ад улады. Базум, які быў абраны дэмакратычным шляхам у 2021 годзе, з'яўляецца блізкім саюзнікам Францыі і іншых заходніх краін.
Заяву зачытаў генерал-палкоўнік Амаду Абдраман у асяроддзі дзевяці вайскоўцаў у форме. Ён паведаміў, што ў рэспубліцы закрываюцца межы, уводзіцца каменданцкая гадзіна і прыпыняецца праца ўсіх устаноў.
«Мы, сілы абароны і бяспекі, вырашылі пакласці канец рэжыму, які вы ведаеце па дрэнным кіраванні і пагаршэння ў сферы бяспекі», — сказаў Абдраман. Ён таксама перасцярог замежныя дзяржавы ад умяшання ў справы краіны.
Абдраман сказаў, што салдаты дзейнічалі ад Нацыянальнай рады па абароне радзімы (CNSP). «Просім усіх знешніх партнёраў не ўмешвацца, — папярэдзіў ён. — Наземныя і паветраныя межы закрытыя, пакуль сітуацыя не стабілізуецца».
Абдраман дадаў, што начная каменданцкая гадзіна будзе дзейнічаць з 22:00 да 05:00 па мясцовым часе да далейшага паведамлення.
26 ліпеня стала вядома, што Махамеда Базума заблакавалі ў прэзідэнцкім палацы ў сталіцы краіны Ніямеі салдаты прэзідэнцкай гвардыі Нігера. Пры гэтым у офісе прэзідэнта заяўлялі, што ўзброеныя сілы рэспублікі не падтрымалі пераварот салдат прэзідэнцкай гвардыі.
Махамед Базум — сёмы прэзідэнт Нігера, які прыйшоў да ўлады ў 2021 годзе. За некалькі дзён да таго, як Махамед Базум быў прыведзены да прысягі, у сакавіку 2021 года ў Нігеры сарвалі спробу дзяржаўнага перавароту.
Базум з'яўляецца ключавым саюзнікам Захаду ў барацьбе з ісламісцкімі баевікамі ў Заходняй Афрыцы. Дзве суседнія краіны, Малі і Буркіна-Фасо, перажылі дзяржаўныя перавароты, выкліканыя паўстаннямі джыхадзістаў у апошнія гады.
У абедзвюх краінах новыя военачальнікі пасварыліся з Францыяй, былой каланіяльнай дзяржавай, якая таксама раней кіравала Нігерам. У суседнім Малі ўзброеныя да зубоў расійскія найміты “Вагнера” дапамагаюць ваеннаму рэжыму змагацца з паўстанцамі-джыхадзістамі.
У Нігеры дзейнічаюць баевікі, звязаныя як з «Аль-Каідай», так і з «Ісламскай дзяржавай».
Пасля здабыцця незалежнасці ад Францыі ў 1960 годзе ў Нігеры адбылося чатыры ваенныя перавароты, а таксама за гэты час былі шматлікія спробы дзяржаўных пераваротаў.