Выпадковы парламент

Уэльскія нацыяналісты святкуюць дзесятую гадавіну стварэння нацыянальнага парламента.

Калі быць дакладнымі, то нацыянальны парламент дзесяць гадоў таму быў створаны таксама і ў Шатландыі. Аднак для валійцаў гэта больш значная дата, паколькі шатландскі парламент існаваў раней (ён быў распушчаны ў 1707 годзе). Што да Уэльса, то адразу пасля яго заваявання ў ХІІІ стагоддзі брытанскі манарх абвясціў свайго сына — нашчадка англійскага прастолу — таксама прынцам Уэльскім. Такім чынам, дынастыя Цюдораў станавілася не толькі англійскай, аднак і уэльскай. З часам адзіным стаў і парламент.



0a1bf96b7165e962e90cb14648c9462d.jpg

Уэльскія нацыяналісты святкуюць дзесятую гадавіну стварэння нацыянальнага парламента.
Калі быць дакладнымі, то нацыянальны парламент дзесяць гадоў таму быў створаны таксама і ў Шатландыі. Аднак для валійцаў гэта больш значная дата, паколькі шатландскі парламент існаваў раней (ён быў распушчаны ў 1707 годзе). Што да Уэльса, то адразу пасля яго заваявання ў ХІІІ стагоддзі брытанскі манарх абвясціў свайго сына — нашчадка англійскага прастолу — таксама прынцам Уэльскім. Такім чынам, дынастыя Цюдораў станавілася не толькі англійскай, аднак і уэльскай. З часам адзіным стаў і парламент.

У XVI стагоддзі ў серыі так званых Уэльскіх актаў быў канчаткова аформлены статус краю. Уэльс прызнаваўся асобнай адміністратыўнай адзінкай, аднак законы тут былі, за невялікім выключэннем, тыя ж, што і ў Англіі. У выніку інкарпарацыі пацярпелі не толькі мясцовыя феадалы, аднак таксама і мова. 4-ы пункт акту, прынятага ў 1535 годзе, абвяшчаў англійскую мову адзінай афіцыйнай мовай. Тыя, хто карыстаўся валійскай, не маглі займаць дзяржаўныя пасады. Гэта прывяло да таго, што мясцовая эліта хутка стала англамоўнай і пачала галасаваць за кансерватараў. Англамоўным, як правіла, з’яўляецца і рабочы клас, які абірае лейбарыстаў. Гэта, у сваю чаргу, паўплывала на сацыяльную базу валійскага нацыяналізму (сярэдні клас, фермеры, культурныя актывісты).
Хаця Plaid Cymru — партыя валійскіх незалежнікаў — узнікла яшчэ ў 1920-я гады, больш за 5 працэнтаў на выбарах да канца 1960-х яна ніколі не збірала. Цікава, што падчас другой сусветнай вайны Plaid Cymru заявіла пра неабходнасць нейтралітэту Уэльса. Гэта прыцягнула да яе ўвагу брытанскіх спецслужбаў, якія баяліся, што валійскія нацыяналісты могуць стаць агентамі Берліна.
Каталізатарам руху за пашырэнне палітычных правоў стала мова. У лютым 1962 года валійская секцыя ВВС перадала выступ філолага Льюіса Сондэрса, які меў назву «Tynged yr іaith» («Лёс мовы»). Прамоўца прааналізаваў лінгвістычную сітуацыю ў рэгіёне і зрабіў наступную выснову: валійская мова памірае, і калі тэндэнцыю не спыніць, на пачатку ХХІ стагоддзя яе папросту не будзе.
У якасці альтэрнатывы ён прывёў прыклад: адзін з фермераў з 1952 па 1960 гады адмаўляўся плаціць падаткі, пакуль квіткі не будуць напісаныя на валійскай. Фермеру нават давялося судзіцца. Прамова мела вялікую цікавасць (яе пераклалі на англійскую, выпусцілі ў фармаце брашуры).
Следствам «Tynged yr іaith» таксама стала стварэнне чагосьці падобнага да Таварыства беларускай мовы. Толькі уэльскі ТБМ быў больш агрэсіўным. Супраць устаноў, супрацоўнікі якіх не карысталіся роднай мовай, праводзіліся акцыі прамога дзеяння — блакады, дэманстрацыі, пікеты. Ствараліся валійскамоўная класы пры школах. Па прыкладу Ізраіля, дзе фактычна з нуля адрадзілі іўрыт, былі створаныя курсы для дарослых. Пачалося актыўнае навязванне мовы моладзевым субкультурам, перш за ўсё музычнай сцэне.
Культурны рух пацягнуў за сабой палітычныя змены. У 1964 годзе было створана Міністэрства па справах Уэльсу, у 1967-м быў прыняты Акт аб валійскай мове. На выбарах 1970 года за нацыяналістаў прагаласавала ўдвая больш выбаршчыкаў, чым на папярэдніх. Пачынаючы з 1974-га Plaid Cymru прадстаўленая ў Брытанскім парламенце. У сярэднім цяпер за яе галасуюць 12–14 працэнтаў.
Як левая партыя, Plaid Cymru бачыць сваімі саюзнікамі лейбарыстаў. У сярэдзіне 1970-х гадоў апошнія вынеслі на мясцовы рэферэндум пытанне стварэння Асамблеі Уэльсу. Аднак большасць жыхароў краю тады прагаласавала супраць. У маі 1997 года кабінет Тоні Блэра зноў вярнуўся да тэмы парламенту для Уэльса. Быў абвешчаны новы рэферэндум, на якім на гэты раз прыхільнікі парламенту атрымалі большасць.
Лічыцца, што фундамент пад рост нацыяналістычных настрояў заклала ліберальная эканамічная палітыка папярэдняга кансерватыўнага ўраду Маргарэт Тэтчэр. Жалезная лэдзі пазачыняла тут шмат шахтаў, што выклікала ў насельніцтва сталую нелюбоў да Вестмінстэра і да Цэнтру ўвогуле. Аднак нават у такой сітуацыі галасоў ледзь хапіла. Прыхільнікі пашырэння уэльскай аўтаноміі перамаглі з перавагай у адзін працэнт, або 4000 галасоў. Самі нацыяналісты прызнавалі, што меў места папросту шчаслівы выпадак.
У верасні 1999 года на падставе Акту аб адміністрацыі ва Уэльсе былі праведзеныя мясцовыя выбары і скліканы першы ў гісторыі парламент. Парламент Уэльсу складаецца з 60 чалавек. Фракцыя, якая атрымала большасць, абірае першага сакратара Уэльса — кіраўніка мясцовага ўраду.
Лондан перадаў Уэльсу правы ў галіне сельскай гаспадаркі, эканамічнага развіцця, будаўніцтва, здароўя, адукацыі і уэльскай мовы. За парламентам Брытаніі засталося права ў любы час распусціць Уэльскую нацыянальную асамблею. Гэта не вельмі падабаецца нацыяналістам. Выступаючы на святкаванні 10-й гадавіны парламентарызму, адзін з лідэраў Plaid Cymru Клайв Бэтс заявіў: «Калі уэльскі парламент хоча стаць сапраўдным, як яго брытанскі аналаг, Вялікабрытанія павінна стаць федэрацыяй роўных народаў».
Цікава, што працэс devolution — так называюць на Альбіёне перадачу паўнамоцтваў рэгіёнам, вельмі цікавы і для саміх англічан. Англія — адзіная частка Аб’яднага Каралеўства, якая не мае свайго мясцовага парламента. Некалькі лакальных партый зараз вядуць кампанію за стварэння англійскага (не блытаць з брытанскім) парламента. Лозунгі стварэння сваёй Асамблеі папулярныя сярод жыхароў Корнуэлу — дзе жывуць нашчадкі кельцкіх плямёнаў. Акрамя таго, свае маленькія парламенты маюць некалькі астравоў у Ірландскім моры кшталту вострава Мэн. Яны заўсёды мелі большую аўтаномію і фармальна не лічацца часткай Аб’яднанага каралеўства. У 2005 годзе Лондан нават дазволіў парламенту вострава Джэрсі мець нешта падобнае на дыпламатычныя адносіны з Ісландыяй.