Вялікі спакуснік
Французскія феміністкі змагаюцца супраць спроб рэабілітацыі Дамініка Строс-Кана, якога намагаюцца прадставіць як архетып народнай сэксуальнай культуры.
Адразу было відавочна, што навіна пра арышт Дамініка Строс-Кана ў Нью-Ёрку за спробу згвалтавання пакаёўкі будзе ўспрынятая неадназначна па той бок акіяну. Французы, вялікія нацыяналісты, у такіх
выпадках заўсёды бачаць крамолу, спробу знявагі Grande Nation (Вялікая Нацыя), як яны яшчэ называюць Францыю.
Французскія феміністкі змагаюцца супраць спроб рэабілітацыі Дамініка Строс-Кана, якога намагаюцца прадставіць як архетып народнай сэксуальнай культуры.
Адразу было відавочна, што навіна пра арышт Дамініка Строс-Кана ў Нью-Ёрку за спробу згвалтавання пакаёўкі будзе ўспрынятая неадназначна па той бок акіяну. Французы, вялікія нацыяналісты, у такіх
выпадках заўсёды бачаць крамолу, спробу знявагі Grande Nation (Вялікая Нацыя), як яны яшчэ называюць Францыю.
Так і атрымалася — абсалютная большасць грамадзян краіны лічыць, што іх суайчыннік стаў ахвярай нейкай змовы. У іншым выпадку стрэлкі пераводзяць на амерыканскае права, якое не ведае такой
катэгорыі, як «інтымнае жыццё». Нарэшце, папулярная думка пра тое, што арыштаваўшы дырэктара Міжнароднага валютнага фонду, Амерыка адпомсціла Францыі за тое, што тая ў свой час дала
прытулак кінарэжысёру Раману Паланскаму. Апошняга, як вядома, дасюль хочуць прыцягнуць за згвалтаванне непаўналетняй у далёкім 1974 годзе.
Аднак на агучаных тэзісах дамінікафілы не супакоіліся. Публіцы была прадстаўленая новая арыгінальная версія падзей у Нью-Ёрку: Дамінік Строс-Кан пацярпеў з-за таго, што з’яўляецца
прадстаўніком французскай фрывольнай сэксуальнай культуры. Быццам, заляцаючыся да пакаёўкі, ён паступіў, як паступіў бы на яго месцы кожны сапраўдны француз. Праблема палягае ў тым, што дзяўчына
аказалася выхаванай на пурытанскіх прынцыпах англа-саксонскай сэксуальнай этыкі. У выніку замест таго, каб фліртаваць з мілым французам, пабегла ў паліцыю — пісаць скаргу.
Адным словам, што дрэннага ў тым, каб кахаць жанчыну? Дый спробы згвалтавання ніякай не было. Папулярны журналіст Жан-Франсуа Кан упэўнены, што банкір папросту аўтаматычна задраў сукенку пакаёўцы. А
што яму яшчэ рабіць, калі адпаведна французскаму народнаму стэрэатыпу ўсе мужчыны пасля 50-ці гадоў павінны весці сябе а-ля le grand sеducteur (вялікі спакуснік). Акрамя таго ў багатых дамах Парыжу
даўно існуе традыцыя le droite de troussage — феадальнае права лапаць пакаёвак за адно месца.
У якасці прыкладаў адразу згадалі эратычныя прыгоды вялікіх французаў. Аказваецца, сярод прэзідэнтаў 5-й рэспублікі толькі яе заснавальнік Шарль дэ Голь не быў фігурантам сэксуальных скандалаў. Яго
пераемнік Жорж Пампіду праз жонку быў звязаны з нейкім Штэфанам Марковічам, які займаўся арганізацыяй сэксуальных оргій для прадстаўнікоў эліт. Калі журналісты зацікавіліся наведвальнікамі салонаў
Марковіча, яго знайшлі мёртвым пад Парыжам. Валеры Жыскар д’Эстэну прыпісвалі раман з Сільвіяй Крыстэль — выканаўцай галоўнай ролі ў фільме «Эмануэль».
А пра Франсуа Мітэрана і казаць няма чаго. Ён умудрыўся жыць у дзвюх сем’ях. Акрамя афіцыйнага шлюбу, у яго быў грамадзянскі з жанчынай, якая нарадзіла яму дачку. Прычым грошы на ўтрыманне
другой жонкі шлі з касы Елісейскага палацу.
Наступны гаспадар палацу Жак Шырак заляцаўся да славутай італьянскай актрысы Клаўдзіі Кардынале і чамусьці вельмі часта наведваў Японію. Французска-японскае супрацоўніцтва было тут не пры
чым. Журналісты падазраюць, што ў прэзідэнта ў Японіі была каханка, аднак пакуль нічога канкрэтнага нарыць не здольныя.
Пра Нікаля Сарказі, цяперашняга прэзідэнта, прэса маўчыць. Традыцыйна лічыцца, што інтымнае жыццё лідара нацыі ў час яго праўлення — цалкам зачыненая тэма. Чапаць яе рызыкоўна. У французскіх
законах інтымная сфера вельмі моцна абараняецца. За ўмяшанне ў прыватнае жыццё журналіст можа атрымаць год турмы або 45 тысяч еўра штрафу. Рэдакцыі выдання ў такім выпадку пагражае пазбаўленне
ліцэнзіі на 5 гадоў.
Калі б Дамінік у 2014 годзе стаў прэзідэнтам (шансы ў яго былі вельмі добрыя), ён, напэўна, цудоўна працягнуў бы гэтую лінію. Зараз вядома як мінімум пра тры сэксуальныя скандалы, у якіх ён быў
замешаны. Акрамя таго, банкір быў сябрам «Chandelles» — элітарнага клуба свінгераў.
Вось такія іх норавы. Прычым гаворка не ідзе выключна пра эліту, якую абараняюць звычайна правыя партыі. У абарону Дамініка ўзняліся таксама левыя. Флагман левай прэсы «Liberation»
пытаўся: «Ці патрэбна нам поўная празрыстасць жыцця палітыкаў коштам увядзення грамадскай інквізіцыі?» Замежная прэса нават пісала пра феномен нацыянальнага адзінства супраць
англа-саксаў.
Аднак нацыянальнае адзінства аказалася фікцыяй. Супраць ператварэння Дамініка Строс-Кана ў сэксуальнага пакутніка паўсталі жанчыны. 22 мая яны правялі ў Парыжы масавую маніфестацыю супраць прапаганды
сэксізму пад соусам абароны народнай традыцыі.
У пракламацыі феміністак гаворыцца: «Мы дакладна не ведаем, што адбылося ў Нью-Ёрку, аднак мы бачым, што адбываецца ў Францыі. Мы сталі сведкамі ўздыму садысцкіх і сэксісцкіх рэфлексаў з
боку французскай эліты. Падобныя прамовы ілюструюць, што сэксізм у нашай краіне не мае комплексаў, фактычна з’яўляецца беспакараным. Да ніводнай формы дыскрымінацыі ў нас не ставяцца так
талерантна. Падобныя прамовы накіраваныя толькі на адно — каб будучыя ахвяры гвалту не падавалі скаргаў. Мы нагадваем усім, што згвалтаванне і спроба згвалтавання —
злачынства».
Феміністкі прыводзяць лічбы: штогод у Францыі ахвярамі згаданага віду злачынства з’яўляюцца 75 тысяч жанчын. З іх толькі дзесяць працэнтаў звяртаюцца ў суды.
Вылазка феміністак трошкі змяніла нацыянальную дыскусію. Упершыню пачалі дыскутаваць наконт праблем сэксуальнага дамагання. Згадалі, што паводле статыстыкі, Францыя — адзін з лідараў у
галіне гендэрнага нераўнапраўя ў Еўропе (у парламенце толькі 15 працэнтаў жанчын). У сувязі з ростам інтарэсу да гендэрнай праблематыкі, некаторыя аналітыкі нават пачалі казаць пра новую рэдакцыю
феміністычнай рэвалюцыі. Што з гэтага атрымаецца, пакуль цяжка сказаць. Як пажартаваў часопіс «Marianne», калі ўсе ахвяры le droite de troussage пададуць позывы, давядзецца судзіць
амаль усіх менеджэраў і палітыкаў, не кажучы пра тое, што судовая сістэма ў краіне проста ляснецца ад вялізарнай колькасці спраў.