Вяртанне Кэмерана. Дасье ў карыкатурах

Пасля сямігадовай адсутнасці ў вялікую палітыку Вялікабрытаніі вярнуўся былы прэм'ер-міністр краіны Дэвід Кэмеран, заняўшы пасаду міністра замежных спраў. Яго асоба раней не аднойчы прыцягвала ўвагу карыкатурыстаў свету.

У панядзелак, 13 лістапада, у выніку маштабных перастановак у брытанскім урадзе зноў з’явіўся былы прэм'ер-міністр краіны 57-гадовы Дэвід Кэмеран. Прычынай ракіроўкі стала звальненне кіраўніка Хоўм-офіса Суэлы Браверман за яе радыкальныя выказванні наконт прапалесцінскіх маршаў, якія праходзяць у Лондане рэгулярна пасля пачатку нападу ХАМАС на Ізраіль. 

На яе месца быў прызначаны кіраўнік Форын-офіса Джэймс Клеверлі, а замест яго — Кэмеран. З 1970-х гадоў гэта першы выпадак вяртання былога прэм'ера ў кабінет міністраў. У прынцыпе, Кэмерана ўжо даўно спісалі ў архіў. Таму яго вяртанне стала сюрпрызам. Вокладка выдання The Weeк.

1_833.jpg

Хто такі Дэвід Кэмеран? З 2010 па 2016 год ён займаў пасаду прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі, атрымаўшы за гэты час шэраг яскравых палітычных перамог. Напрыклад, шмат у чым дзякуючы яго палітыцы Шатландыя засталася ў складзе Злучанага Каралеўства пасля рэферэндуму аб незалежнасці 2014 года.

Кэмеран выступаў супраць выхаду Брытаніі з Еўрасаюзу, але ў папулісцкіх мэтах паабяцаў падчас выбарчай кампаніі правядзенне агульнанацыянальнага рэферэндуму па пытанні сяброўства ў ЕС. Пасля перамогі на выбарах ён выканаў абяцанне і абвясціў плебісцыт, на якім нечакана перамаглі еўрафобы. Праз некалькі гадзін пасля аб'яўлення вынікаў галасавання прэм'ер быў вымушаны падаць у адстаўку. Выданне Politico наступным чынам адлюстравала абсалютна абсурдную гісторыю пра Brexit і Кэмерона.

2_760.jpg

Прычынай сенсацыйнага вяртання Дэвіда Кэмерана ва ўрад стала сітуацыя ў партыі. Пасля звальнення Браверман, папулярнай сярод правых торы, у Кансерватыўнай партыі пачалася ўнутраная вайна. Кэмеран выкліканы менавіта з тым, каб дапамагчы прэм'еру пагасіць фронду і захаваць адзінства торы. Калі гэта не атрымаецца, на выбарах наступнага года кансерватары не проста будуць разбіты лейбарыстамі, а знішчаны як партыя. The European параўноўвае сітуацыю ў партыі са становішчам «Тытаніка». У разгар катастрофы хтосьці спрабуе ўспомніць нумар Кэмерана — адзінай надзеі на выратаванне.

3_674.jpg

Ці атрымаецца Кэмерану цэментаваць партыю і стварыць ёй прывабны імідж да наступных выбараў? Пакуль многія, у тым ліку карыкатурысты, скептычна глядзяць на такі сцэнар. Занадта шмат негатыву звязваецца з імем Кэмерана. Мастак выдання The Guardian нагадвае, што за спінай новага кіраўніка МЗС — антысацыяльная эканамічная палітыка, вайна ў Лівіі і, безумоўна, Brexit.

4_620.jpg


Паколькі Дэвід адказвае за знешнюю палітыку, важна нагадаць, што ў часы прэм'ерства Кэмеран вельмі добразычліва ставіўся да Пекіна, арганізаваў дзяржаўны візіт лідара КНР Сі Цзіньпіна і прыцягнуў у краіну значныя кітайскія інвестыцыі. Лондан так паказальна фліртаваў з Пекінам, што некаторыя мастакі выяўлялі Дэвіда ці ледзь не «шасцёркай» Сі. Як прыклад, ілюстрацыя з The Times. У многіх такія цёплыя адносіны новага кіраўніка МЗС з Кітаем, калі, вядома, Кэмеран працягне іх развіваць, выклікаюць пэўныя асцярогі.

5_584.jpg

Некаторыя лічаць, што пракітайскія сантыменты новага главы МЗС могуць паўплываць на пазіцыю Брытаніі ў расейска-ўкраінскім канфлікце. На іх думку, прызначэнне Кэмерана — гэта сігнал Пекіну, што Брытанія адмаўляецца ад абароны тых, хто «адстойвае дэмакратыю ў Ганконгу і пакутуе ад генацыду ў Сіньцзяне». Тое самае, нібыта, чакае Украіну. Кэмеран адразу развеяў такія асцярогі, тэрмінова наведаўшы Кіеў. Праўда, прэса больш звяртае ўвагу на тое, што Кэмеран выйшаў з небыцця, а Зяленскага можа чакаць нябыт з-за таго, што інтарэс усяго свету цяпер прыкаваны да Блізкага Усходу.

6_435.jpg

Так ці інакш, пагадзіўшыся ўзначаліць МЗС, Кэмеран ухапіўся за магчымасць падправіць сваю неадназначную спадчыну і напісаць іншую канцоўку сваёй палітычнай кар'еры. Пабачым, што з гэтага выйдзе.