Вяртанне камуністаў

Сенсацыяй апошніх дзён прэзідэнцкай кампаніі ў Францыі стаў выхад на трэцяе месца ў рэйтынгах папулярнасці Жана-Люка Меленшона, кандыдата ад звязанай з камуністамі групоўкі «Левы фронт». Пра феномен Меленшона і ход выбараў журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з французскім калегам Аляксандрам Чукаевым.



1f50d0737a738a9ba3206543d1102cbc.jpg

Сенсацыяй апошніх дзён прэзідэнцкай кампаніі ў Францыі стаў выхад на трэцяе месца ў рэйтынгах папулярнасці Жана-Люка Меленшона, кандыдата ад звязанай з камуністамі групоўкі «Левы фронт». Пра феномен Меленшона і ход выбараў журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з французскім калегам Аляксандрам Чукаевым.
— За апошнія два тыдні Меленшон здолеў павялічыць свой рэйтынг з 11 аж да 15 працэнтаў. Яму яшчэ далёка да фаварытаў — сацыяліста Франсуа Аланда (28 працэнтаў) і Нікаля Сарказі (29 працэнтаў). Аднак для звязанага з Кампартыяй палітыка такія лічбы — фантастыка. Апошні раз такая буйная электаральная база падтрымкі была ў «чырвоных» хіба што на пачатку 1980-х гадоў. На папярэдніх выбарах прэзідэнта за іх кандыдата галасавала не больш за 2 працэнта.
— Нягледзячы на відавочны ўздым, сталага рэйтынгу ў Жана-Люка Меленшона няма. Яго рэйтынг узняўся пасля вялікага канцэрту на плошчы Бастыліі, які сабраў 250 тысяч чалавек. У цэлым рост рэйтынгу разглядаецца як частка традыцыйнага гістарычнага руху Камуністычнай партыі Францыі (PCF), папулярнасць якой на фоне крушэння СССР і рэфарматарскага руху левых у Еўропе скарацілася да смешных трох працэнтаў.
Аднак PCF здолела выжыць у тым ліку дзякуючы рэсурсам, якія атрымала ў часы існавання СССР, і, больш таго, ідэйна нават застацца на класічных варыянтах сталінізму. Жан-Люк Меленшон адрозніваецца ад прадстаўнікоў PCF толькі тым, што ён прамаўляе больш цікава і адкрыта, часта негатыўна кажа не толькі пра сваіх супернікаў, але і пра іміграцыю (іміграцыя — гэта адна з балючых тэмаў Францыі). Таксама яго ведаюць як прыхільніка ідэі росту мінімальнай заработнай платы да 1700 еўра, якая зараз складае 1200. Аднак у цэлым «трэцім» кандыдатам, хутчэй за ўсё, будзе Марын Ле Пэн, паколькі да камуністаў стаўленне ў цэлым у французаў негатыўнае.
— З якой праграмай Меленшон і «Левы фронт» ідуць на выбары?
— Пра праграму «Левага фронту» казаць усур’ёз немагчыма, паколькі ў цэлым сам «Левы фронт» створаны не для рэалізацыі палітычнай праграмы, а для стварэння ілюзіі левага руху. У праграме Меленшона, як даніна сучаснай модзе, закранаюцца сацыяльныя праблемы, хаця пры гэтым пакідаюцца на другім плане формы палітычных адносін і правы ўласнасці. Асноўнай прывабнай для электарату фішкай «Левага фронту» з’яўляецца лозунг павелічэння зарплаты, хоць большасці французаў зразумела, што падвышэнне зарплаты павялічвае кошты на прадукты.
— Які партрэт сярэдняга выбаршчыка «Левага фронту»?
— Гэта людзі сярэдняга ўзросту, якім не зразумелы кансерватызм камуністаў, але пры гэтым яны адчуваюць блізкасць з працоўным рухам, яго ідэямі ХХ стагоддзя. Людзі, якія адчуваюць неабходнасць у цэнтралізаванай партыі, але каб гэта была партыя, у якой дапускаюцца вольныя меркаванні і адсутнасць дыктату ЦК. Плюс абавязкова негатыўнае стаўленне да эліты Сацпартыі, дзе пасля Франсуа Мітэрана засталася традыцыя есці на вячэру чорную ікру з шампанскім. Такім крытэрам асабліва добра падыходзіць постаць Меленшона, які раней быў у Сацпартыі, а пасля выйшаў на знак пратэсту супраць апартунізму кіраўніцтва і разам з камуністамі стварыў «Левы фронт».
— Чаму камуністы пагадзіліся на падтрымку Меленшона? Здавалася, у іх болей вопыту ўдзелу ў выбарах, не кажучы пра матэрыяльны рэсурс...
— Камуністы пагадзіліся на поўную падтрымку «Левага фронту», паколькі гэты іх прадукт, створаны як альтэрнатыва «Новай антыкапіталістычнай партыі» (NPA), якую арганізавалі трацкісты, і якая адзін час была вельмі папулярная.
— Той факт, што Меленшон абышоў Марын Ле Пэн у рэйтынгах, значыць крах ілюзіі правых — падпарадкаваць сабе французскі працоўны рух?
— Наўрад ці. Поспех Марын Ле Пэн звязаны сёння перш за ўсё з тым, што яна, стаўшы паўнапраўным правадыром «Нацыянальнага фронту», змагла не толькі знайсці кампраміс з рознымі нацыяналістычнымі рухамі і сектамі, але і зрабіць сваім галоўным лозунгам сацыяльныя праблемы, а не іміграцыйныя, тым самым заваяваўшы папулярнасць сярод працоўных (дарэчы, шматлікія спецыялісты дасюль прагназуюць ёй нават другое месца на гэтых выбарах).
— Як ставяцца да кандыдатуры Меленшона прафсаюзныя цэнтры?

— Прафсаюзы цяпер у цэлым на баку сацыялістаў, паколькі перакананыя, як і большасць грамадзян, што неабходна зноў галасаваць не за праграму партыі, а супраць Сарказі. Шматлікія палітолагі лічаць, што Сарказі зможа перамагчы і застацца прэзідэнтам выключна тады, калі Марын Ле Пэн будзе яго канкурэнтам у другім туры.
— Ці значыць поспех Меленшона канец праекта «Новай антыкапіталістычнай партыі»? Наколькі прыкметныя трацкісты, якія раней былі вельмі актыўнымі, у гэтай выбарчай кампаніі?
— Поспех Меленшона не значыць крах праекту NPA. Папросту раней фронтмэнам «Новых антыкапіталістаў» быў паштальён Алівер Безансено, які на выбарах прэзідэнта ў 2007-м атрымаў 4,08%, што на парадак больш, чым у кандыдата ад камуністаў. Аднак на гэты раз ён асабіста адмовіўся ад удзелу ў выбарах, бо яму давялося прайсці праз суды за акупацыйныя страйкі, і тым больш стала зразумела, што яго ўдзел у першым туры можа адабраць шмат галасоў у сацыялістаў, а гэта можа дазволіць Марын Ле Пэн прайсці ў другі тур.
— Калі Меленшон падтрымае ў другім туры Аланда, ці могуць яго паплечнікі разлічваць на ўдзел ва ўрадзе? Калі не — якія перспектывы ў левых у сярэднетэрміновай перспектыве?
— Хутчэй за ўсё, «Левы фронт» не атрымае сур’ёзнага прадстаўніцтва ў будучым урадзе Аланда, паколькі сам Меленшон з’яўляецца здраднікам у вачах істэблішменту Сацпартыі. Калі не казаць пра тое, што шматлікія сацыялісты яго ў лепшым выпадку ўспрымаюць яго як палітычнага клоуна, які гатовы супрацоўнічаць з усімі, каб застацца на публіцы. «Левы фронт» мае ўсе перспектывы існавання, бо яго фінансуе і падтрымлівае PCF — партыя, якая нягледзячы на тое, што не жадае ўнутраных рэформаў і змен, выдатна можа ствараць падкантрольныя сабе арганізацыі, якія быццам маюць «самастойнае» месца ў палітыцы.
— Вы працуеце на радыё «Libertaire», якое звязана з Федэрацыяй анархістаў Францыі. Якое стаўленне анархістаў і рознага кшталту антыглабалістаў да з’яўлення ў вялікай палітыцы Меленшона?
— Большасць анархістаў у Меленшоне бачаць палітычнага кар’ерыста, які мае замашкі сталініста. У цэлым анархісты ставяцца да яго адмоўна, паколькі, за выключэннем партыйнай арганізацыі, новай палітычнай базы пад сябе Меленшон так і не стварыў.